Мінінфарм заявіў, што не ў праве абавязаць «СБ» абвергнуць сумнеўныя звесткі ці спыніць іх распаўсюд

На просьбу гісторыка Ігара Кузняцова абвергнуць апублікаваныя ў выданні «СБ. Беларусь сегодня» звесткі, ведамства адказала, што не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай iнфармацыi, а таксама прымус журналіста сродку масавай інфармацыі да распаўсюджвання або адмовы ад распаўсюду інфармацыі.

Гісторык Ігар Кузняцоў

Гісторык Ігар Кузняцоў

Як раней пісаў «Новы Час», сёлета 17 красавіка на сайце газеты «СБ.Беларусь сегодня» быў змешчаны артыкул А.Мукавозчыка «Ілжэгісторыкі. Ёсць такія «гісторыкі», якія нехаця прымусяць сумнявацца, і навука яна – іх гісторыя». Даследчык савецкіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў, імя якога згадвалася ў артыкуле, палічыў, што яго назва і ілюстрацыя да яго носяць паклёпніцкі характар.

«У дадзенай публікацыі А.Мукавозчык, выкарыстоўваючы сродак масавай інфармацыі, распаўсюдзіў пра мяне загадзя ілжывыя звесткі аб тым, што кандыдат навук Ігар Кузняцоў з'яўляецца ілжэгісторыкам, «гісторыкам».

Гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць мой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю як кандыдата гістарычных навук, дыпламаванага спецыяліста па гісторыі савецкіх рэпрэсій, дацэнта кафедры дыпламатычнай і консульскай службы факультэта міжнародных адносін БДУ, грамадскага дзеяча»
, – лічыць Кузняцоў.

Ён звяртаўся з заявай на імя галоўнага рэдактара выдання з просьбай абвергнуць распаўсюджаныя звесткі, але атрымаў адмову. Тады гісторык напісаў у пракуратуру Савецкага раёна Мінска з просьбай правесці праверку выкладзенай інфармацыі аб прыцягненні аўтара артыкула А.Мукавозчыка да крымінальнай адказнасці за паклёп. Але і ў гэтым Кузняцову адмовілі.

«У адказе не было прыведзена ніякіх фактаў на падставе якіх прынятае такое рашэнне. Мяне як заяўніка нават ніхто не апытваў», – зазначае гісторык.

Таксама ён звяртае ўвагу, што не была праведзеная лінгвістычная экспертыза зместу артыкула.

Затое пасля зваротаў Ігара Кузняцова ў пракуратуру Савецкага раёна выданне апублікавала чарговы, як мяркуе гісторык, паклёпніцкі матэрыял на яго адрас «Прэпарацыя адной дысертацыі пра рэпрэсіі».

Сярод іншага, Кузняцоў накіраваў зварот і ў Міністэрства інфармацыі, і атрымаў адтуль адказ, варты цытавання.

«…калі Вы лічыце, што ў артыкулах "Ілжэгісторыкі. Ёсць такія "гісторыкі", якія нехаця прымусяць сумнявацца, ці навука яна – іх гісторыя" і "Прэпарацыя адной дысертацыі пра рэпрэсіі" змяшчаецца інфармацыя, якая не адпавядае рэчаіснасці і ганьбіць Ваш гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю, Вы маеце права звярнуцца па абарону сваіх інтарэсаў ў суд. Толькі суд правамоцны ўсталяваць, ці былі распаўсюджаныя звесткі, пра абвяржэнне якіх прад'яўлены іск, ці зневажаюць яны гонар, годнасць ці дзелавую рэпутацыю істца, і ці адпавядаюць гэтыя звесткі рэчаіснасці.

Адначасова звяртаем Вашу ўвагу, што ў адпаведнасці з артыкулам 7 Закона аб СМІ не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай iнфармацыi, якая выяўляецца ва ўмяшанні ў сферу прафесійнай самастойнасці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыi рэдакцыi сродку масавай інфармацыі, а таксама ў прымусе журналіста сродку масавай інфармацыі да распаўсюджвання або адмовы ад распаўсюду інфармацыі.

Пунктам 3 артыкула 41 Закона аб СМІ таксама прадугледжана, што ніхто не мае права абавязаць юрыдычную асобу, на якую ўскладзены функцыi рэдакцыi сродку масавай інфармацыі, распаўсюджваць адхіленыя ёй інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, калi iншае не прадугледжана дадзеным Законам, іншымі актамі заканадаўства.

З вышэйпададзенага вынікае, што Міністэрства інфармацыі не мае права абавязаць рэдакцыю сеткавага выдання sb.by абвергнуць звесткі, апублікаваныя ў артыкулах "Ілжэгісторыкі. Ёсць такія "гісторыкі", якія нехаця прымусяць сумнявацца, і навука яна – іх гісторыя" і "Прэпарацыя адной дысертацыі пра рэпрэсіі", а таксама спыніць іх распаўсюд.

Толькі рашэнне суда, у выпадку задавальнення Вашых іскавых патрабаванняў, можа паслужыць падставай для прымянення да рэдакцыі сеткавага выдання sb.by мер адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам аб сродках масавай інфармацыі»
.

Узнікае пытанне: калі ўмяшанне ў працу СМІ можа санкцыяваць толькі суд, на якой падставе Міністэрства інфармацыі выносіць папярэджанні незалежным выданням і блакуе інтэрнэт-рэсурсы? Ці закон дзейнічае толькі ў адносінах да дзяржаўнага СМІ?..

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: