Міністэрства аховы здароўя: у навагоднія дні ад піратэхнікі пацярпелі 64 чалавекі

Падчас навагодніх святаў традыцыйна павялічваецца колькасць пацярпелых у выніку няўдалага запуску феерверкаў і іншых піратэхнічных вырабаў.

Фота Міністэрства аховы здароўя

Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у пераднавагоднія дні і непасрэдна ў сам Новы год па дапамогу да медыкаў звярнуліся больш за 60 чалавек.

На прэс-канферэнцыі ў сераду, 3 студзеня, начальнік аддзела арганізацыі медыцынскай абароны пры надзвычайных сітуацыях Міністэрства аховы здароўя Алег Панчук паведаміў, што з 28 снежня і па сённяшні дзень у бальніцу звярнуліся 64 чалавекі, якія пацярпелі ў выніку прымянення піратэхнікі.

«Гэта даволі вялікая колькасць. Амбулаторна аказана дапамога 46 людзям, 18 чалавек шпіталізаваныя», — сказаў ён.

 Сярод пацярпелых ёсць дзеці. 11-гадовы хлопчык атрымаў ірваную рану рукі, калі спрабаваў з запалак зрабіць узрыўпакет. У 14-гадовага падлетка ў руках выбухнула петарда. 13-гадовы хлопчык атрымаў апёк рук, калі адкрываў петарду. У 5-гадовага хлопчыка, які пацярпеў ад прымянення піратэхнікі, дыягнаставалі апёкі рук, перадплечча і грудной клеткі. А ў 4-гадовага хлопчыка трапіў салют — у яго апёк правага перадплечча.

Паводле telegraf.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!