Міністэрства культуры не плануе ствараць музей у Курапатах

Грамадскі актывіст Анатоль Наўмовіч атрымаў адказ на свой электронны зварот у ведамства. Наўмовіча цікавіла, на якой падставе былі знесеныя крыжы ва ўрочышчы, ці плануецца стварэнне музея ў мемарыяле і ці можна выкупіць дзеля гэтай мэты збудаванні рэстарацыі «Поедем поедим».
У адказе Міністэрства культуры чарговы раз звяртае ўвагу, што ўласнікам гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій (1930 — 1940-я гады) ва ўрочышчы Курапаты» з'яўляецца Бараўлянскі спецлясгас. Дэмантаж крыжоў, які ўчыніла гэтая арганізацыя сёлета ў красавіку, праводзіўся ў межах работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Узгадненне з Мінкультам на правядзенне такіх работ непатрэбнае.

Абаронцы Курапатаў неаднаразова звярталі ўвагу, што сапраўднымі з'яўляюцца зоны аховы мемарыялу, зацверджаныя пастановай Міністэрства  2004 годзе, у той час як у 2014-м яны былі незаконна зменшаныя. У адказе ж, які атрымаў Анатоль Наўмовіч, сказана, што зоны аховы, зацверджаныя ў 2004 годзе, былі ўведзеныя часова, да распрацоўкі «Дэталёвага плану», які з'явіўся ў 2013-м. «Падставай для ўстанаўлення межаў зон аховы названай гісторыка-культурнай каштоўнасці сталі вынікі новых археалагічных, архіўных і бібліяграфічных даследаванняў, праведзеных у 2013 годзе ДНУ "Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі"», — гаворыцца ў адказе Міністэрства.

Што да прапановы стварыць у Курапатах музей рэпрэсій, ведамства адказала так:

«Улічваючы, што абавязковымі ўмовамі пры стварэнні музея з'яўляюцца наяўнасць культурных каштоўнасцей, магчымасць заснавальніка забяспечыць музей будынкам (памяшканнем), які адпавядае профілю музея і патрабаванням па захаванні музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама фінансавымі сродкамі для арганізацыі і ажыццяўлення музейнай дзейнасці, стварэнне асобнага дзяржаўнага музея сістэмы Міністэрства культуры, прысвечанага вышэйзгаданай тэме, не плануецца».

Не прадугледжана і правядзенне грамадскага абмеркавання па гэтым пытанні.

Што да магчымага выкупу збудаванняў рэстараннага комплекса «Поедем поедим», ведамства адказала, што гэта не яго кампетэнцыя.
  
 Застаецца толькі дадаць, што, гледзячы на сітуацыю з Курапатамі і на агульны стан нашай гісторыка-культурнай спадчыны, цяжка зразумець, ці мае Міністэрства культуры хоць нейкія кампетэнцыі ўвогуле.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!