Мінюст збірае прапановы па рэгуляванню валанцёрскай дзейнасці

Інфармацыя аб зборы прапановаў ад грамадзян і арганізацый размешчана на партале prаvo.by.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2019 г. № 482 і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 студзеня 2020 г. № 54 забяспечваецца падрыхтоўка законапраекта «Аб валанцёрскай дзейнасці».

У рамках дадзенай працы вывучаюцца прапановы дзяржаўных органаў, зацікаўленых арганізацый і грамадзян, асабліва — саміх валанцёраў.

Збор пажаданняў па змястоўным напаўненні законапраекта «Аб валанцёрскай дзейнасці» і прапаноў па рашэнні рознага роду праблемных аспектаў практычнай дзейнасці валанцёраў, вырашэнню якіх можа паспрыяць прыняцце адпаведнага заканадаўчага акта, ажыццяўляецца Міністэрствам юстыцыі.

Атрыманыя матэрыялы будуць прааналізаваны і ўлічаны пры падрыхтоўцы новага Закона Рэспублікі Беларусь.

Прапановы можна накіроўваць да 15 траўня 2020 года:
- ў выглядзе паведамленняў у адмысловай тэме на Праўным форуме Беларусі;
- у пісьмовым выглядзе на паштовы адрас Міністэрства юстыцыі (220004, г. Мінск, вул. Калектарная, 10);
- па электроннай пошце (317@minjust.by);
- з дапамогай акаўнтаў Міністэрства юстыцыі ў сацыяльных сетках:
«Facebook», «Укантакце»; «Аднакласнікі».

У Еўропе існуюць адпаведныя падыходы да прававога рэгулявання валанцёрскай працы: яна разумеецца як неаплатная неабавязковая праца, гэта значыць час, які асобы выдаткоўваюць бязвыплатна на дзейнасць, што ажыццяўляецца альбо праз арганізацыю, альбо непасрэдна ў інтарэсах іншых асобаў, якія не ўваходзяць у склад іх уласнай хатняй гаспадаркі. Менавіта гэта азначэнне валанцёрства ўжываецца Міжнароднай арганізацыяй працы.

Прававое рэгуляванне валанцёрства з'яўляецца актуальным напрамкам развіцця права некамэрцыйных арганізацыяў у нашым рэгіёне. За апошні час новыя законы пра валанцёрскую дзейнасць былі прынятыя ў Літве, Грузіі, Македоніі, Малдове, Славаччыне, Сербіі ды Украіне. У 2012 годзе Грамадская палата Расійскай Федэрацыі абвясціла аб намеры прыняць законапраект аб валанцёрскай дзейнасці ў якасці рэакцыі на спантанную валанцёрскую актыўнасць.

Прававы статус валанцёра, распаўсюджанне на яго працоўных гарантыяў і ільготаў, неабходнасць сацыяльнага страхавання, пытанні падаткаабкладанання і неабходнасць выразна сфармуляваных нормаў прававой адказнасці для валанцёрскай дзейнасці, а таксама комплекс праблемаў, звязаных з міжнароднай дабраахвотнай працай — усе гэтыя аспэкты валанцёрства актуальныя як для беларускіх няўрадавых арганізацый, так і для грамадзянскай супольнасці ўсёй Еўропы. Адсутнасць юрыдычнага азначэння тэрміна “валанцёр” можа прыводзіць да таго, што да валанцёраў ставяцца як да аплачваемых наёмных работнікаў, ужываючы да іх патрабаванні працоўнага заканадаўства (напрыклад, абавязковае страхаванне, нормы мінімальнай аплаты працы і г.д.). Праз гэта арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія працуюць з валанцёрамі, могуць несці пакаранне за невыкананне дадзеных палажэнняў.

Аднак прадстаўнікі грамадскіх арганізацый выказваюць занепакоенасць вынікам такіх спробаў дзяржавы адрэгуляваць валанцёрскую дзейнасць. Дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі Вольга Смалянка пракаментавала ініцыятыву дзяржавы так: «Практыка распрацоўкі заканадаўства аб дабрачыннасці ў Беларусі паказвае, наколькі празмерным можа быць рэгуляванне. Прыняцце закона аб валанцёрстве можа вырашыць масу праблем у гэтай галіне: урэгуляваць адказнасць бакоў, унесці яснасць з выплатамі кампенсацый валанцёрам за іх валанцёрскую дзейнасць. Але для гэтага прававая ініцыятыва павінна быць накіраваная на развіццё, павінна быць дакладнае разуменне для чаго гэты закон распрацоўваецца, фармулёўкі закона павінны быць выразнымі і не дапускаць неадназначанае разуменне, ну і, вядома, у будучыні павінна быць належная практыка правапрымянення. На жаль, вопыт шэрагу краін, у першую чаргу Расіі, паказвае, як закон аб валанцёрства можанегатыўна ўплываць на саму гэтую з'яву».

Паводле  
pravo.by, belngo.info, lawtrend.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: