Мінск адзначае Дзень горада

Мінску спаўняецца 949 гадоў. Асноўныя святкаванні з гэтай нагоды разгорнуцца каля Палаца спорту і на тэрыторыі Верхняга горада, а ўсяго ў рамках Дня горада пройдзе прыкладна 90 мерапрыемстваў.
Герб Мінска. Здымак minsk-old-new.com 

Герб Мінска. Здымак minsk-old-new.com 


На 11.00 запланавана ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак ад кіраўніцтва горада да абеліска "Мінск — горад-герой" на праспекце Пераможцаў. У ёй возьме ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

У 12.00 у канцэртнай зале "Верхні горад" пачнецца цырымонія шлюбу дзевяці пар з розных раёнаў Мінска, якая стала ўжо традыцыйнай у Дзень горада.

У гэты ж час каля Палаца спорту адкрыецца святочная праграма з удзелам творчых калектываў і майстроў мастацтваў Беларусі. Будзе працаваць выстава-кірмаш майстроў народнай творчасці "Горад майстроў", кухары сталічнага грамадскага харчавання правядуць майстар-класы па прыгатаванні страў беларускай кухні, на сцэне выступяць сталічныя кавер-бэнды. Тут жа адбудзецца спартыўнае мерапрыемства "Жалезны пажарны" і міжнародны турнір па сілавым экстрыме Minsk Open Cup-2016.

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі на Старавіленскім тракце апоўдні пачнецца Свята сям'і. А па вуліцы Сталетава, 1, у 12.00 адкрыецца Парк экстрэмальных відаў спорту.

У 13.00 на тэрыторыі Верхняга горада будзе ўрачыста адкрыты помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку.

У 18.00 каля Палаца спорту музычную праграму "Класіка любімаму гораду" прадставіць Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. На канцэрце таксама выступяць папулярныя беларускія выканаўцы Дзмітрый Калдун, гурт "Дразды" і іншыя.

У гэты ж час у тэатры оперы і балета адбудзецца ўзнагароджванне пераможцаў традыцыйнага конкурсу "Мінчанін года", а затым — канцэрт артыстаў беларускай оперы.

Завершыцца субота музычна-піратэхнічным феерверк-шоу ў раёне Палаца спорту, якое пачнецца ў 22.00.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць сёння ва ўсіх раёнах горада, у тым ліку каля комплексу "Чыжоўка-Арэна", у Лошыцкім парку, парках імя Чалюскінцаў, Горкага, Паўлава, 60-годдзя Кастрычніка, каля Палаца чыгуначнікаў, на пляцоўцы ў "Лідо" ў раёне Камароўскага рынку, у парках "Перамога" і "Цівалі".

Увесь склад сталічнай міліцыі ў гэтыя дні пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы з кругласутачнай аховай. Месцы масавых мерапрыемстваў будуць агароджаныя, праход да іх будзе ажыццяўляцца праз кантрольна-прапускныя пункты. Туды нельга будзе праходзіць з веласіпедамі, жывёламі, забаронена праносіць прадметы, здольныя нанесці цялесныя пашкоджанні.

Грамадзянам рэкамендуецца мінімізаваць колькасць ручной паклажы, у тым ліку сумак вялікіх памераў. Каля Палаца спорту будуць устаноўлены камеры захоўвання, куды можна будзе здаць вялікую ручную паклажу, заплечнікі і сумкі. У ГУУС раяць прыходзіць на масавыя мерапрыемствы загадзя, за 20—30 хвілін да пачатку. Традыцыйна туды не прапусцяць грамадзян у стане алкагольнага і наркатычнага ап'янення.

Уласнае свята з'явілася ў Мінска ў 1987 годзе — тады яно называлася "мастацка-спартыўнае свята" і адзначалася 3 ліпеня, у дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года 3 ліпеня атрымала афіцыйны статус Дня Незалежнасці Беларусі, а Дзень горада сталі адзначаць у Мінску ў другія выхадныя верасня. У гэтым годзе свята горада ссунута на тыдзень раней з-за парламенцкіх выбараў, прызначаных на 11 верасня.

Паводле БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: