Мінск будзе расці насуперак здароваму сэнсу

Мінск ужо перапоўнены, але ў ім усё роўна будуць будаваць новае жыллё. Пры гэтым з жыхарамі будуць раіцца, але ўлічваць іх меркаванне не плануюць. Улады вельмі жадаюць развіваць гарады-спадарожнікі, але ў іх на гэта няма грошай.

 

У Мінску цесна, на гарады-спадарожнікі грошай няма

 

На прэс-канферэнцыі ў чацвер, 20 кастрычніка, пра далягляды горадабудаўнічага развіцця Мінска распавядалі Вольга Верамей — намесніца старшыні Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама і Аляксандр Акенцьеў — галоўны архітэктар УП «Мінскградо».

«Аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва ў ранейшыя гады былі вельмі вялікія, і таму рэсурсы сыходзілі ў асноўным на будаўніцтва жылых дамоў. У той час як тэма жыллёвага будаўніцтва абавязкова павінна ўключаць у сябе сацыяльную сферу — дзіцячыя садкі, школы, аб'екты гандлю і побыту. І сёння мы завінаваціліся гораду немалую колькасць такіх аб'ектаў, — распавёў Аляксандр Акенцьеў. — Сутнасць цяперашняга дакумента — Генеральнага плану развіцця Мінска — у тым, што мы ад прасторавага аспекту, нягледзячы на пашырэнне межаў горада, зважаем на мікраасяродак. Сёння фізічныя параметры Мінска, калі браць з усходу на захад, дасягнулі 35 кіламетраў. А калі рухацца па гарадскіх вуліцах, то будзе ўсе 50 кіламетраў».

Па яго словах, яшчэ ў 2009 годзе, калі чарговы Генплан Мінска быў прадстаўлены кіраўніку дзяржавы, у ім гаварылася аб двух мільёнах квадратных метраў жылля, якія штогод павінны ўводзіцца ў сталіцы. Гэты паказчык лабіяваў асабіста Пётр Пракаповіч. Праектоўнікі лічылі, што гэта зашмат. Ужо ў 2010 годзе з’явілася лічба «не меней за 1 мільён 200 тысяч квадратных метраў». У выніку велічыню штогадовага ўводу жылля ў Мінску «сціснулі» да сённяшніх 600 тысяч квадратных метраў.

Новым генпланам развіцця сталіцы да 2030 года, які на мінулым тыдні быў апублікаваны на сайце Мінгарвыканкама, прадугледжана, што колькасць насельніцтва Мінска не павінна перавысіць 2 мільёны чалавек. У процівагу мяркуецца актыўна развіваць жыллёвае будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках.

Упершыню дзевяць гарадоў-спадарожнікаў сталіцы былі вызначаныя ў 2010 годзе. У гэты спіс увайшлі Койданава, Жодзіна, Фаніпаль, Смалявічы, Слупкі, Аброць, Рудзенск, Заслаўль і Лагойск. Эксперыментальным спадарожнікам былі вызначаныя Смалявічы. Туды да 2015 года меркавалася перасяліць 10 тысяч мінчукоў, для якіх планавалася пабудаваць шматпавярховікі плошчай 300 тысяч квадратных метраў. Яшчэ 14 тысяч чалавек меркавалася засяліць у дамы сядзібнага тыпу ў Смалявіцкім раёне. Але ўсе гэтыя планы праваліліся.

Першы дом для мінчукоў у Смалявічах засялілі толькі 19 чэрвеня 2015-га — на паўтара гады пазней за меркаваны тэрмін. А ўжо 1 ліпеня 2015-га старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра заявіў: масавае жыллёвае будаўніцтва ў Койданаве, Фаніпалі і Заслаўі адмяняецца. Па словах кіраўніка Мінскай вобласці, жыллёвае будаўніцтва мае сэнс тады, калі побач прадугледжана стварэнне новых працоўных месцаў і развіццё інфраструктуры — правядзенне камунікацый, будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў: паліклінік, школ, дзіцячых садоў. Як лічыць Шапіра, у Койданаве, Фаніпалі і Заслаўі няма такіх магчымасцяў.

 

Паедуць самі?

 

Цяпер галоўны архітэктар УП «Мінскградо» звязвае будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў з вынасам з Мінска прамысловых прадпрыемстваў. Стымулам для такога пераезду павінна стаць увядзенне падатку на нерухомасць па кадастравым кошце.

«Ва ўсіх апошніх дакументах пытанні вынасу прадпрыемстваў з Мінска ставіліся ў кантэксце дзяржаўнай задачы. Дзяржава брала на сябе абавязкі, мы нават склалі спіс прадпрыемстваў, якія лічым недарэчнымі ў горадзе, і якія павінны знайсці сабе новыя пляцоўкі. Чыннікам гэтага было неэфектыўнае выкарыстанне тэрыторый, а таксама экалагічныя выдаткі, — распавёў Акенцьеў. — Аб’ектыўна ва ўсіх краінах свету прадпрыемствы, якія размяшчаліся ў цэнтрах гарадоў, самі сыходзілі адтуль, і ніколі дзяржава гэтым не займалася. Проста на іх накладалася такая адказнасць і плацяжы, што яны самі сыходзілі».

Цікава, сам галоўны архітэктар «Мінскградо» верыць у сваю ідэю? Наўрад ці, таму што ён не тлумачыць, адкуль стратныя мінскія дзяржпрадпрыемствы возьмуць грошы на пераезд за Мінск, ды яшчэ і з будаўніцтвам у гарадах-спадарожніках жылля для працоўных. Можна сабе ўявіць, у якую суму выльецца пераезд нават не гігантаў накшталт МАЗу або МТЗ, а хоць бы сціплага Радыятарнага завода?

Пра тое, што гарадскія архітэктары самі не вераць у хуткі пераезд прадпрыемстваў, кажа і іншае — новае жыллё ў Мінску плануецца будаваць на тэрыторыях, якія сёння занятыя прыватным сектарам. А не на тых землях, якія павінны вызваліць заводы.


 

Мінчукі — эгаісты?

 

Узнікае пытанне: як будуць дзейнічаць гарадскія ўлады ў сітуацыі, калі шараговыя гараджане выступяць супраць ініцыятыў па «паляпшэнні» горада, асабліва шляхам ушчыльняльнай забудовы? Пытанне не абы-якое: літаральна напярэдадні прэс-канферэнцыі адбылося грамадскае абмеркаванне праекту развіцця мікрараёна Зялёны Луг. І аказалася, што планы гарадскіх уладаў, мякка кажучы, не выклікаюць радаснага ўзбуджэння ў гараджан.

Аднак Акенцьеў ставіцца да гэтага па-філасофску. «Кажучы пра замежны досвед, я магу сказаць: там практыка абмеркавання грамадзянамі мае роўна такія ж праблемы. У прыватнасці, нашы калегі са Швецыі, гаворачы пра насельніцтва сваіх гарадоў, апісваюць яго выразам «Толькі не ў маім двары!». Усе падтрымліваюць змены ў горадзе, усе выступаюць і за рэкламу, і за колер, і за азеляненне, і фасады, і новыя ўнікальныя аб’екты, і спорт, і культуру. Але толькі не чапайце мой двор! Гэтая практыка заўсёды мае месца, заўсёды так будзе», — сказаў ён.

Аўтар гэтых радкоў прывёў на прэс-канферэнцыі ў якасці прыкладу чыноўніцкай хлусні ўласны двор па завулку Казлова, у якім пачыналі будаваць дзіцячы садок, — а ў выніку пабудавалі Упраўленне КДБ па Мінску і вобласці. Акенцьеў у адказ прапанаваў браць з гараджан «адкупныя» за тое, што іх не будуць турбаваць новым будаўніцтвам. «Я бачу шлях, звязаны з рынкавымі адносінамі. Калі жыхары кажуць: «Гэта маё, не чапай!», трэба, каб яны сапраўды ведалі, што яны за гэтую зямлю нясуць адказнасць, прыбіраюць, плацяць за яе і гэтак далей, — лічыць галоўны архітэктар «Мінскградо». — Патрэбны падзел адказнасці, каб за гэтае багацце, за гэтую велізарную зеляніну, за гэтую цішыню, за гэты супакой, за гэтых птушак, якія лагодзяць слых, хтосьці плаціў. Гэта эканоміка горада, тут няма нічога, звязанага з міжасобаснымі адносінамі. Хай плацяць».

 

Каментар эксперта

 

Дзяніс Кобрусеў, каардынатар кампаніі «Генплан — для мінчан!», кажа, што ў падпісаным і апублікаваным Генплане Мінску закладзена развіццё горадабудаўнічай канцэпцыі гарадоў-спадарожнікаў сталіцы. «Праз рэалізацыю гэтай канцэпцыі беларускія ўлады хочуць абмежаваць рост насельніцтва сталіцы, у якой на сёння ўжо жывуць больш за 20% беларусаў. Але гэтая канцэпцыя вельмі слаба прапрацавана і не прывязана да рэальных умоваў развіцця краіны, што і адлюстроўваецца ў Генплане Мінска».

«Адзінае канкрэтнае, што на зараз у гэтай канцэпцыі ёсць, — гэта толькі жаданне ўладаў адсяліць у шэсць гарадоў-спадорожнікоў 120–130 тысяч чалавек, палова з якіх мусяць быць мінчане», — адзначае ён.

Кобрусеў лічыць, што «канцэпцыя існуе толькі таму, што ў беларускіх уладаў, папросту, няма адказу на пытанне: як спыніць імклівую міграцыю насельніцтва ў сталіцу». «Прапаноўваюцца два выключна адміністратыўныя сродкі: абмежаваць будаўніцтва жытла ў сталіцы і прапаноўваць інвестарам і забудоўшчыкам месцы ў чыстым полі для будаўніцтва вытворчасці і жытла. У самой дзяржавы на сённяшні момант няма ні дакладнага разумення, ні волі, ні рэсурсаў гэту канцэпцыю пераўтварыць у жыццё», — зазначае эксперт.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: