Мінск перажыў самы гарачы дзень за ўсю гісторыю метэаназіранняў

У Мінску зафіксавана максімальная тэмпература за ўвесь час метэаралагічных назіранняў.

Пра гэта паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
 
 
«Сёння ў Мінску быў пабіты чарговы тэмпературны рэкорд, была зафіксавана максімальная тэмпература ў сталіцы за ўвесь час метэаралагічных назіранняў - 35,8 градусаў цяпла», — адзначылі ў Гідрамеце.
 
 
Ранейшы рэкорд складаў 35,6 градусаў вышэй за нуль і быў адзначаны ў мінулым годзе.
 
 
Акрамя таго, 8 жніўня быў зафіксаваны шэраг тэмпературных рэкордаў месяца. Так, у Вілейцы слупок тэрмометра падняўся да 35,4 градусаў вышэй за нуль, тады як ранейшы рэкорд жніўня тут быў адзначаны ў 1992 годзе і склаў тады 34,7 градуса цяпла. Валожын паўтарыў свой жнівеньскі рэкорд 1992 — плюс 34,4 градуса.
 
 
У Гродзенскай вобласці свой рэкорд месяца пабілі Ашмяны, дзе сёння зафіксавалі 34,2 градуса цяпла (ранейшы максімум — плюс 34 ў 1963 годзе). У Ваўкавыску сёння было 35,3 градуса вышэй за нуль, такая ж рэкордная тэмпература была адзначана тут і ў 1992 годзе.
 
 
Сярод гарадоў Брэсцкай вобласці тэмпературным рэкордам сёння вызначыліся Пружаны — 35,2 градуса цяпла супраць 34,9 градусаў у 1992 годзе.
 
 
На Магілёўшчыне жнівеньскі рэкорд быў пабіты ў Слаўгарадзе — 35,3 градуса вышэй за нуль супраць 34,8 градуса цяпла ў 1992 годзе. Па словах сіноптыкаў, сярэднесуткавая тэмпература паветра ў гэтыя дні ў цэлым па рэспубліцы перавышае кліматычную норму на 5-10 градусаў.
 
 
Паводле "Нашай Нівы"

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: