Мінск: Сёння адбудзецца суд па справе аб патрыятычных графіці

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 25 студзеня ў 11-00 пачнецца разгляд крымінальнай справы аб патрыятычных графіці. Весці паседжанне будзе суддзя Ала Скуратовіч.

 



Па справе «графіцістаў» праходзяць грамадскія актывісты Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі і Вячаслаў Касінераў, якія ў жніўні 2015 года напісалі на будынках горада і на плоце графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама замалявалі сацыяльную рэкламу з выявай супрацоўніка міліцыі.

Некалькі дзён таму стала вядома, што адзін з фігурантаў справы Вадзім Жаромскі патрапіў у шпіталь у Смаргоні. 16 студзеня да яго наведаўся ў шпіталь прадстаўнік міліцыі, каб уручыць позву ў суд пад подпіс. У пятніцу яго тэрмінова выпісалі, каб ён змог патрапіць на суд.

.

Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ўважліва адсочвае крымінальную справу ў дачыненні да юнакоў, у жніўні выступіў з заявай, у якой заклікаў спыніць крымінальны пераслед актывістаў. Праваабаронцы адзначылі, што калі фігурантаў справы асудзяць паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу, іх прызнаюць палітвязнямі.

Пад час следства дзеянні актывістаў былі перакваліфікаваныя, а адзін з юнакоў Яраслаў Ульяненкаў зараз выступае ў якасці сведкі, з яго былі знятыя ранейшыя абвінавачванні.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў (арыштаваныя былі трое, двух адпусцілі) былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама запэцкаванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

 

20 жніўня графіцістам прад’явілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў” за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборду. Юнакам па гэтым артыкуле пагражала абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.

Юнакоў затрымлівалі як небяспечных злачынцаў, з нанясенняем аднаму з іх цялесных пашкоджанняў. Неўзабаве Пякарскаму і Жаромскаму ўтрыманне пад вартай было замененае на абавязальніцтва пад яўку і належныя паводзіны, аднак крымінальную справу супраць іх не закрылі.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: