Мінскі пажарны папярэдзіў жыхароў, што іх БЧБ едуць здымаць, — яго звольнілі

9 верасня з пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №2 Фрунзенскага раёна звольнілі Максіма Сташулёнка. Працы і службовага жылля камандзіру аддзялення фактычна каштавала адно паведамленне ў чаце «Страна для жизни»: пажарны папярэдзіў жыхароў квартала «Каскад», што МНС плануе зняць вывешаны паміж дамамі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, паведамляе Еўрарадыё.
Максім расказаў Еўрарадыё, чаму вырашыў напісаць такое паведамленне і што плануе рабіць пасля.

Восьмага верасня я пачуў у частцы, што пажарныя плануюць здымаць сцяг, і напісаў пра гэта ў канале "Страна для жизни". Планаваў адправіць паведамленне адміністратару, але напісаў у чат у адкрытым доступе.

Маё паведамленне заўважыў хтосьці з начальства. Я напісаў гэта ў 11 гадзін, а ў 16 мяне ўжо выклікалі на размову наконт звальнення, — расказвае Максім Сташулёнак.

Пажарнага абвінавацілі ў парушэнні прысягі, двух пунктаў працоўнага кантракта і падпіскі аб невыдаванні. Максім быў нязгодны, стаў спрачацца і звярнуўся да юрыстаў. 9 верасня раніцай яго зноў выклікалі да начальства — гэтым разам каб падпісаць заяву аб звальненні. З усіх пералічаных напярэдадні прычын там было пазначана толькі парушэнне кантракта.

Звольнілі Максіма па артыкуле 172.6 — спыненне службы ў сувязі са здзяйсненнем правіннасці, прадугледжанай кантрактам аб службе ў якасці падставы для яго датэрміновага скасавання або спынення яго дзеяння. Да заявы прыклалі скрыншот паведамлення з чата "Страна для жизни".

Мне казалі звальняцца па ўласным жаданні, але я адмовіўся. Я хачу працягваць працаваць у МНС. Я працую ў частцы больш за восем гадоў. Надзея маленькая, але я ўсё ж хачу дамагчыся справядлівасці і вярнуцца на службу. Заўтра сустракаюся з адвакатам, якога мне дапамог знайсці валанцёр. Мае сябры звярнуліся па дапамогу ў СМІ, — працягвае Максім.

Акрамя таго, што Сташулёнак за адзін дзень пазбавіўся любімай працы, яго яшчэ і высяляюць са службовай кватэры. А ў хлопца цяжарная жонка і трохгадовае дзіця. Сям'я павінна сабраць рэчы на працягу трох дзён.

Учора падтрымаць мяне пад вокны падышлі чалавек трыццаць пажарных. Хоць адкрытай падтрымкі ад калег пакуль няма, я трохі нават расстроіўся з гэтай нагоды. Разумею, што вельмі многія проста баяцца. На кухні абмяркоўваюць, але нічога не робяць, — дзеліцца пажарны.

— А як вы наогул ставіцеся да таго, што пажарных адпраўляюць здымаць сцягі?

— Ды ясная рэч, як я стаўлюся! Інакш бы не пісаў тое паведамленне. І большасць супрацоўнікаў МНС падзяляюць мой пункт гледжання.

8 верасня пажарныя сапраўды выехалі ў «Каскад», каб прыбраць сцяг. Але здымаць ужо не было чаго — пра гэта загадзя паклапаціліся жыхары.

Вядомы таксама выпадак, калі супрацоўнік МНС, падняты ў калысцы да сцяга паміж дамамі на праспекце Дзяржынскага, не стаў здымаць яго, а толькі расправіў — і спусціўся на зямлю. Сцяг тады ўсё ж такі знялі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, якія падняліся да яго замест пажарнага.

У сацсетках была інфармацыя, што і гэты супрацоўнік МНС застаўся без працы, але пакуль што яна засталася без пацвярджэння. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: