Мінскія барберы і цырульнікі пастрыглі бяздомных

3 верасня ў сацыяльнай сталоўцы Мінска ў другі раз прайшла акцыя «Барберы для бяздомных».

На гэты раз акрамя майстроў барбершопа TOPGUN Антона і Жэні, у ёй прынялі ўдзел яшчэ і два жаночых цырульніка — Аляксандра з «Марафета» і Таццяна з «Прострижки». У свой выхадны яны стрыглі людзей без пэўнага месца жыхарства. За 3 гадзіны новую стрыжку атрымалі 27 мужчын і жанчын. Касметычныя сродкі для акцыі прадаставіла інтэрнэт-крама інструмента і аксесуараў для стрыжкі і грумінга Prostar.by.


Таццяна распавядае, што ўбачыла ў сеціве публікацыю пра першую акцыю і адразу вырашыла, што таксама хоча паўдзельнічаць у чымсьці падобным: «Дапамагчы ўсім немагчыма, але хаця б некалькі чалавек сталі сёння крышачку больш шчаслівым і прыгажэй! Гэтыя людзі зарадзілі нас сваёй энергіяй і пазітывам надоўга. І яшчэ раз нагадалі, што трэба заўсёды заставацца чалавекам і не губляць жаданне жыць. Столькі пажаданняў і слоў падзякі я даўно не атрымлівала».


Антон таксама збіраецца працягваць удзельнічаць у праекце і далей: «Няма нейкай асаблівай прычыны, чаму я гэта раблю. Я проста адчуваю, што павінен дапамагаць людзям, асабліва калі гэтая дапамога ўвасабляецца маім любімым рамяством. Гэта ж цалкам не складана, затое людзі шчаслівыя і ззяюць, калі бачаць новую стрыжку. Я думаю, калі б кожны чалавек хоць крыху дапамагаў тым, хто жыве ў нястачы, то бедных не было б зусім. На жаль, мы жывем у такой дзяржаве, дзе абсалютна пляваць на бяздомных і іх праблемы. Уласна, як і на многае іншае. Таму мы будзем усімі сіламі спрабаваць хоць трохі палегчыць іх жыццё. Адчуванні добрыя, з кожным разам больш людзей, некаторыя нават з кветкамі прыходзілі».


Падчас акцыі ўдзельнікі маглі перакусіць печывам з шакаладам ад кандытара Лены. Лена працуе ў рэстаране і кандытарскай O.D.I. і вырашыла такім чынам падтрымаць сацыяльны праект «Дапамога бяздомным», які працуе пры грамадскай арганізацыі «Водгук».


Арганізацыя «Водгук» стварыла цэнтр для бяздомных, куды можа прыйсці любы, хто мае патрэбу чалавек, каб паесці, атрымаць неабходную вопратку, першую медыцынскую дапамогу. Юрысты дапамагаюць бяздомным аднавіць дакументы, аформіць пенсію па ўзросту або па інваліднасці, вырашыць пытанні з жыллём. У зімовы сезон кожны дзень сюды прыходзяць больш за 160 чалавек, летам — каля 75.


Каардынатар праекта «Дапамога бяздомным» Гена Смаляк, кажа, што на гэтых дзвюх акцыях яны не спыняюцца. Ужо 18 верасня адбудзецца наступнае мерапрыемства. 4 кухары са сталічных устаноў будуць рыхтаваць рэстаранную ежу для валацугаў. Таксама ў планах — перыядычная арганізацыя фрышопа, у якім жадаючыя маглі б падабраць сабе бясплатную вопратку, ахвяраваную мінчанамі для маламаёмных і бяздомных.

Па словах Гены, любы ахвочы можа падтрымаць праект — прывезці рэчы, прыгатаваць і аддаць ежу або дапамагчы грашыма на гадавую працу праекта: аплату працы двух каардынатараў, арэнду памяшкання, закупку прадуктаў, медыкаментаў і расходных матэрыялаў.

 


Фота з акцыі Цімы Цімашковай

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: