Мінскія друкарні адмаўляюцца друкаваць цішоткі «Псіхо3%»

Чытач The Village Беларусь зацікавіўся, дзе ў Мінску яму надрукуюць майку з прынтам «Псіхо3%». З адзінаццаці друкарных цэнтраў, у якія ён звярнуўся, яму адмовілі ў адзінаццаці.

12 чэрвеня міліцыя канфіскавала ў курьера крамы Symbal.by 419 футболак з надпісам «Псіхо3%». Праз тры дні ў краму на Машэрава, 18 прыйшла праверка — падатковыя інспектары і супрацоўнік АБЭЗ. Яшчэ праз два дні правяралі ўжо вытворчасць на Машэрава, 11 — там адшываюць сувенірны трыкатаж. Вынік — забарона вытворчасці з 18 чэрвеня.


Прыпыніць вытворчасць запатрабавалі «у сувязі з выяўленнем парушэнняў заканадаўства, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, прычыненне шкоды жыццю і здароўю насельніцтва, навакольнага асяроддзя». Пад дакументам стаіць подпіс галоўнага санітарнага лекара Цэнтральнага раёна Мінска Сярэдзіча.

23 чэрвеня каля крамы з'явілася чарга з жадаючых купіць што-небудзь перад тым, як крама зачыніцца з-за бясконцых праверак. Неўзабаве да крамы пад'ехаў АМАП і затрымаў ад 12 да 20 чалавек, якія мірна стаялі ў чарзе. Ад абурэння дзеяннямі сілавікоў на наступны дзень да крамы прыйшло ў некалькі разоў больш мінчан.

Чытач The Village Беларусь зацікавіўся, дзе ў Мінску яму надрукуюць майку з прынтам «Псіхо3%». З адзінаццаці друкаваных цэнтраў, у якія ён звярнуўся, яму адмовілі ў адзінаццаці, а менавіта ў:

Foxstyle
Print Republic
COMINT
Копирыч
Hotprint
Онлайнпринт
Dekol
Карандаш
Optimizm
Печатник
maiki.by

Тлумачэнні былі наступныя

«У сувязі з апошнімі падзеямі ў краіне і закрыццём крамы symbаl.by. Лепш не рызыкаваць».

«На жаль не дапаможам. У нас банер на сайце ёсць. Звярніцеся ў любую іншую друкарню горада Мінска».

«Такія працы мы не выконваем. Звязана з сітуацыяй у краіне, стаўленнем урада да гэтага пытання».

«Гэта забаронена дзяржавай. Спадзяемся на ваша разуменне».

«Не надрукуем вам майку. Тэлефанаваў наш дырэктар і накрычаў».

«Я прашу прабачэння, мы не палітызаваныя, мы гэтым не займаемся. Вы ж бачыце, што зараз робіцца».

«Мы не ўдзельнічаем у такіх вось надпісах. Таму што гэта, як бы, могуць быць праблемы ў нас з уладамі».

«Не вырабім, хочам яшчэ папрацаваць».

«Мы такія майкі рабіць не будзем. Мне здаецца, гэта відавочна ў святле апошніх падзей».

«Начальства забараняе такія майкі друкаваць, каб потым як symbаl.by і ўсё астатняе. Усе хочуць пакуль працаваць. Дзеля адной майкі рызыкаваць не хочацца».

Чытачу ўсё ж удалося надрукаваць майку і пацікавіцца ў супрацоўніка АМАП на вуліцы, што ён пра яе думаў. «Майка, як майка», — пракаментаваў амапавец. Наш чытач удакладніў, «ці не было распараджэнняў звяртаць увагу на такія малюнкі». «Не, нічога такога не было» — адказаў супрацоўнік АМАП.

the-village.me


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: