Рабочым, якога катавалі ў пастарунку ў жніўні, зацікавілася міліцыя

Рабочы Аляксандр Ласіца трапіў у лякарню пасля пастарунка 13 жніўня: рука параненая гумовай куляй, нага – аскепкам шкла і гумовай дубінкай. Міліцыя «забылася» на мужчыну больш чым на два месяца, але раптоўна «ўзгадала».


Аляксандру 36 гадоў. Ён працуе на дзяржаўным прадпрыемстве «Белсельэлектрасецьстрой» у Мінску. Арганізацыя займаецца пракладкай кабеляў. Вытворчая база і інтэрнат знаходзяцца недалёка ад метро «Пушкінская», дзе адбыліся жорсткія сутычкі пратэстоўцаў з сілавікамі і загінуў Аляксандр Тарайкоўскі.

Увечары 10 жніўня Аляксандр быў паранены гумовай куляй і аскепкам шкла, але абышлося без затрымання. Аднак, 11 жніўня мужчыну ўсё ж затрымалі, як ён лічыць, за тое, што трымаў белы бранзалет у руцэ. Да 13 жніўня Аляксандр знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС і на Акрэсціна, дзе яго збілі гумовай дубінкай. Увесь гэты час Аляксандру не рабілі неабходных перавязак, не давалі лекаў. Рана на руцэ пачала гнаіцца. 13 жніўня яго забралі ў лякарню. Ён адсядзеў тры з прысуджаных яму 14.


Пасля гэтага мужчына два месяцы правёў на бальнічным. З міліцыі яго не шукалі. Аляксандр выйшаў на працу, праходзіць рэабілітацыю, юрыдычна і фінансава яму дапамагае праваабарончы цэнтр «Вясна».

І вось 22 кастрычніка Аляксандру Ласіцы патэлефанаваў следчы з Гомеля (мужчына там прапісаны) і запрасіў на гутарку. Рабочы патлумачыў, што працуе ў Мінску і пацікавіўся, у якасці каго яго выклікаюць. На што пачуў адказ: «Проста на гутарку». Мужчына паабяцаў прыйсці ў суботу і сапраўды ў пятніцу ўвечары выправіўся ў Гомель.

Ледзь паспеўшы зайсці дамоў, яшчэ нават не запаліўшы святло, Аляксандр пачуў званок у дамафон. Ведаючы, што ён нікога не чакае, мужчына падумаў, што нехта памыліўся і не стаў адчыняць. Неўзабаве пазванілі ў дзверы. Праз вочка мужчына пабачыў супрацоўнікаў міліцыі ў форме і вельмі здзівіўся:

— Мы ж дамовіліся, што я прыйду ў суботу, чаго яны прыехалі ў пятніцу?

Аляксандр пракансультаваўся ў праваабарончым цэнтры «Вясна» і, даведаўшыся, што ён не абавязаны прыходзіць у міліцыю, пакуль не атрымаў павесткі, на выходных ужо не з’яўляўся дома.

— Цяпер ужо калі патэлефануе следчы, буду прасіць, каб высылалі павестку, — кажа мужчына. — Але неяк хвалююся, да чаго гэта ўсё.

Фота Алены Ляшкевіч



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: