«Мінсктранс» павесіў на палітвязня 107 спыненых маршрутаў. Яму прысудзілі 45 тысяч рублёў кампенсацыі

Два тыдні ў судзе разглядалі пазоў «Мінсктранса» да Дзмітрыя Кубарава, раней асуджанага на 7 гадоў калоніі. Згодна з пазовам, «Мінсктранс» страціў 45181 рубель ад спынення транспарту з 18:30 11 жніўня да 1:10 12 жніўня каля станцый метро «Малінаўка» і «Пятроўшчына»


На судзе адвакат палітвязня заўважыў, што Кубараву «прыпісалі» 57 лішніх маршрутаў адносна акта, які быў прадстаўлены суду раней. Пасля спрэчак высветлілася, што пазоўны акт быў недакладны. Па новых звестках, Дзмітрый Кубараў спыніў транспарт на 107 маршрутах, піша «Наша Ніва» са спасылкай на праваабаронцаў.

Па логіцы прадстаўніцы «Мінсктранса» Святланы Бацьковай, усю суму спаганяюць толькі з Кубарава, бо ён асуджаны за арганізацыю масавых беспарадкаў. Пракурор прапанаваў Кубараву самому спаганяць суму з «нявысветленых асобаў», калі іх прызнаюць вінаватымі. А калі невядомых асоб усё ж такі выявяць, то сума з Кубарава будзе спагнаная прапарцыйна з астатнімі адказчыкамі.

Суддзя Інэса Курко задаволіла пазоў «Мінсктранса». Таксама з палітвязня спагоняць пошліну — 2 259 рублёў.

Нагадаем, 25-гадовага дызайнера Дзмітрыя Кубарава жорстка затрымалі 11 жніўня і даставілі ў СІЗА КДБ, дзе ён падпісаў яўку з павіннай. На судзе Дзмітрый заявіў пра катаванні пасля затрымання. Кубарава абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), а 24 сакавіка пакаралі 7 гадамі пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе Дзмітрый не прызнаў сваю віну.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: