Мінскую краму «Лакомка» адчыняць да Дня горада

Як паведамлялася раней, у верасні 2015 года краму хацелі зачыніць, каб зрабіць там рэстаран хуткага харчавання Burger King. За легендарную краму заступіліся мінчукі, якія дасылалі лісты ў Мінгарвыканкам з просьбай захаваць «Лакомку».

Фота: minsknews.by

Фота: minsknews.by


Чыноўнікі прыслухаліся да жыхароў сталіцы. У ліпені 2016 года краму перадалі ў арэнду кандытарскай фабрыцы «Камунарка». У краме захаваўся ўвесь былы калектыў. Цяпер там заканчваюцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы.

Па словах гендырэктара СААТ «Камунарка» Івана Данчанкі, пры рэстаўрацыі ў краме пастараліся максімальна ўзнавіць яе гістарычнае аблічча, спалучыўшы з трэндамі сённяшняга дня. Вопратка прадаўцоў распрацаваная па матывах нацыянальнага беларускага касцюма. У гандлёвай зале будуць працаваць восем касаў. Таксама ў абноўленай «Лакомцы» адчыніцца кавярня на 19 пасадачных месцаў.

У краме будуць прадаваць кандытарскія вырабы ручной работы, распрацаваныя спецыяльна для яе. «Гэта і шакаладнае канапэ, і эскімо з птушынага малака. Таксама можна з гэтых цукерак проста ў краме зрабіць сабе набор «Збяры падарунак сам», які тут жа будзе запакаваны ў элегантныя скрыначкі. Рыхтуецца серыя Code de Fleur (мова кветак). Пад яе ствараюцца унікальныя шакаладныя шкляначкі, якія напоўняць рознымі крэмамі з марцыпанаў, арэхамі, збожжам. Усе цукеркі будуць з невялікім тэрмінам прыдатнасці, ручной работы і толькі з натуральных прадуктаў», — распавёў Данчанка.


Паводле euroradio.fm

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!