Мітрапаліт Кандрусевіч даслаў адкрыты ліст Ігару Шуневічу

У адкрытым лісце міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігару Шуневічу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказвае непакой адносна таго, што ў апошнія гады штучна заніжаюцца даныя па колькасці веруючых, якія прымаюць удзел у набажэнствах на святы Божага Нараджэння і Вялікадня, паведамляе партал Рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай, catholic.by

Фота Аляксандры Шчыглінскай, catholic.by



Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі незадаволены, што ў апошнія гады міліцыя штучна заніжае статыстыку па колькасці беларускіх вернікаў, што бяруць ўдзел у калядных і велікодных набажэнствах. Сваю нязгоду Тадэвуш Кандрусевіч выказаў у адкрытым лісце на адрас міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Апублікаваная на сайце МУС інфармацыя пра тое, што ў сёлета на набажэнствах на Божае Нараджэнне па ўсёй Беларусі прысутнічала каля 40 тысяч вернікаў, паводле слоў арцыбіскупа, "не адпавядае рэчаіснасці". "Гэтая лічба з'яўляецца яўна заніжанай, пра што сведчаць даныя па Мінску і Гродне, не кажучы пра іншыя парафіі, асабліва на Гарадзеншчыне", — адзначыў каталіцкі іерарх. А "рэальная колькасць удзельнікаў у набажэнствах на Божае Нараджэнне ва ўсёй Беларусі ў шмат разоў большая, чым паведамляецца на сайце МУС".

"Мінск, 27 снежня 2016 г.

Міністру ўнутраных спраў
Рэспублікі Беларусь
Шуневічу І. А.

Адкрыты ліст

Глыбокапаважаны Ігар Анатольевіч!

Выказваючы павагу Вам і Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, якое Вы ўзначальваеце, хачу звярнуць Вашую ўвагу на наступную акалічнасць.

Паводле інфармацыі афіцыйнага сайта міністэрства, якім Вы кіруеце, на набажэнствах у ноч на Божае Нараджэнне ў Рэспубліцы Беларусь у гэтым годзе прысутнічала каля 40 тысяч веруючых (mvd.gov.by), што не адпавядае рэчаіснасці і гэтая лічба з'яўляецца яўна заніжанай, пра што сведчаць даныя па г. Мінску і г. Гродна, не кажучы пра іншыя парафіі, асабліва на Гродзеншчыне.

Толькі ў Мінску ў ноч на Божае Нараджэнне 2016 года на ўсіх набажэнствах прысутнічала каля 11 тыс. чалавек, у Гродне — каля 13 тыс., у Лідзе — каля 6 тыс. Гэта значыць, толькі ў гэтых трох гарадах прысутнічала каля 75 працэнтаў ад даных, якія прадставіла МУС. А колькі было ў іншых гарадах, такіх як, напрыклад, Ашмяны, Ваўкавыск, Браслаў, Паставы, Баранавічы, Брэст і інш.?

Увогуле, паводле існуючай практыкі ў Каталіцкім Касцёле, статыстычныя даныя на калядныя і велікодныя набажэнствы прыводзяцца па выніках удзелу ў начных і дзённых набажэнствах, бо далёка не ўсе веруючыя могуць прымаць удзел у начных службах. У гэтым годзе на калядных начных і дзённых набажэнствах у Мінску прысутнічала каля 32 тыс. чалавек, у Гродне — каля 40 тыс., у Лідзе — каля 20 тыс. Таму рэальная колькасць удзельнікаў у набажэнствах на Божае Нараджэнне ва ўсёй Беларусі ў шмат разоў большая, чым паведамляецца на сайце МУС.

Непакой выклікае той факт, што ў апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да штучнага заніжэння ўдзелу католікаў у набажэнствах. Так, калі на Божае Нараджэнне 2011 г. МУС налічыла 240 тыс. чалавек, то ў 2012 годзе ўжо 95, у 2013 — 83, у 2014 — 58 (krynica.info).

Выказваю надзею, што ў будучым МУС будзе прыводзіць адпаведную праўдзе інфармацыю пра ўдзел вернікаў у каталіцкіх набажэнствах.

З павагай і найлепшымі пажаданнямі на надыходзячы Новы 2017 год.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі
Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: