Мітрапаліт Павел: «У Беларусі не так шмат ахвочых маліцца на беларускай мове»

«Што тычыцца вывучэньня мною мовы — я, як той сабачка, які ўсе разумее, але не можа сказаць. Як вы ведаеце, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Так што разумець я разумею; калі будзе неабходнасць, буду размаўляць», — сказаў мітрапаліт Павел «Свабодзе».
Мітрапаліт Павел 

Мітрапаліт Павел 

Пяць гадоў таму мітрапаліт Павел прыехаў у Беларусь і даў вялікае інтэрв’ю “Радыё Свабода”. Ён паабяцаў, што абавязкова будзе вывучаць беларускую мову. Аднак так і не вывучыў. Беларускага пашпарта і грамадзянства ён дагэтуль не мае.

12 студзеня 2014 года Павел сказаў “Свабодзе”: «Не хвалюйцеся, я пастараюся мову абавязкова вывучыць. Знойдзем мы і адмыслоўцаў, якія будуць нам у гэтым дапамагаць. Вельмі важна, і я гэта цудоўна разумею, калі святар, пастар, епіскап размаўляе з людзьмі на іх роднай мове. Калі людзі будуць падыходзіць, гаварыць на беларускай мове, то, вядома, я буду старацца адказваць па-беларуску. Таму не хвалюйцеся, буду займацца, абавязкова знайду час».

«Я, як той сабачка, які ўсе разумее, але не можа сказаць»

23 верасня 2019 года на юбілейнай прэсавай канферэнцыі, прысвечанай 30-годдзю Беларускага экзархату, адказваючы на пытанне Свабоды, ён паведаміў, што беларускую мову разумее, але не размаўляе на ёй.

«Што тычыцца вывучэння мною мовы — я, як той сабачка, які ўсе разумее, але не можа сказаць. Як вы ведаеце, у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Так што разумець я разумею; калі будзе неабходнасць, буду размаўляць», — сказаў мітрапаліт Павел.

Што тычыцца богаслужэнняў на беларускай мове, яны ёсць, ва ўсіх ёсць магчымасць там маліцца, але не так шмат ахвочых іх наведваць, кажа Павел.

Увосень мінулага году да яго звярнуліся беларускамоўныя прыхаджане з просьбай стварыць такую магчымасць.

«Я прапанаваў выбраць ім любы храм, некалькі варыянтаў было мной прапанавана. Хоць кожны дзень, сказаў я. “Не, кожны дзень мы не здолеем”. Прапанаваў раз на тыдзень. Таксама зашмат. Выявілася, што не так шмат ахвочых памаліцца на беларускай мове. Але магчымасць такая ёсць. Ёсць некалькі храмаў у Мінску ды іншых епархіях. Так што магчымасць такая ёсць».

«Гэтую тэму ўздымаюць, каб выклікаць пэўную канфрантацыю»

Ён дадаў, што часам тэму гэтую ўздымаюць, каб не абʼяднаць людзей, а выклікаць пэўную канфрантацыю.

«Непажадана, каб выкарыстоўвалі мову, нацыянальнасць альбо іншыя асаблівасці людзей, каб іх раз’яднаць. Таму наша задача — святароў — абʼядноўваць, а не раз’ядноўваць. Будуць ахвочыя маліцца на беларускай мове — па меры неабходнасці будзем адкрываць такія храмы. Будуць ахвочыя памаліцца на іншай мове — дамо магчымасць і ім маліцца на роднай мове», — заявіў Павел.

На пытанне, ці мае ён беларускае грамадзянства, патрыярх адказаў па-беларуску: «Беларускага грамадзянства няма і беларускага пашпарта ў мяне няма».

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!