Мітрапаліт Веніямін — палітвязню Севярынцу: БЧБ-сцяг — не «сцяг Хрыста»

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Веніямін адказаў палітвязню Паўлу Севярынцу наконт спроб прызнаць у нашай краіне бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім, паведамляе «Еўрарадыё».

Мітрапаліт Веніямін / vitbichi.by

Ліст змясціла ў Facebook жонка Паўла Вольга Севярынец. У сакавіку Севярынец напісаў мітрапаліту Веніяміну ліст з просьбай заступіцца за бел-чырвона-белы сцяг як хрысціянскі сімвал.

«Вы заклікаеце не дапусціць, каб бчб-сцяг быў прызнаны экстрэмісцкім, яго Вы называеце "бел-чырвона-белым сцягам Хрыста", — піша мітрапаліт. — ... Сімваламі ж Хрыста з'яўляецца Яго крыж і ікона».

Кіраўнік БПЦ прызнае, што «праваслаўныя архіерэі маюць на сваёй мантыі бел-чырвона-белыя палоскі». «Але дадзенае спалучэнне колераў тканіны стала выкарыстоўвацца... не з рэлігійнай, а з палітычнай мэтай», — піша ён.

«Нельга пагадзіцца з Вамі, што бел-чырвона-белы сцяг — "сцяг Хрыста", — працягвае тлумачэнне мітрапаліт Веніямін. — Хрыстос, Сын Божы і Сын Чалавечы, па-за палітыкай...».

Ён лічыць, што «каб бчб-сцяг не быў прызнаны экстрэмісцкім, бачыцца дастатковым не выкарыстоўваць яго для выражэння палітычных поглядаў».

Павел Севярынец — пісьменнік і апазіцыйны палітык, адзін з лідараў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Ён знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020 года. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Праваабаронцы прызналі Севярынца палітвязнем.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: