Мітынг і шэсце плануюць арганізатары Чарнобыльскага Шляху

 Першая сустрэча па падрыхтоўцы Чарнобыльскага Шляху–2018 адбылася ў Мінску. У аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху–2018» увайшлі 8 арганізацыяў.



29 сакавіка ў Мінску адбылася першая сустрэча па падрыхтоўцы Чарнобыльскага Шляху–2018.

“Будзем падаваць заяўку на мітынг і шэсце. Будзем працягваць выкарыстоўваць новыя фарматы для традыцыйных акцый. Відавочна, што экалагічныя праблемы, тэма Чарнобыля мусіць быць асноўнай на 26 красавіка”, — адзначыў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

“Чарнобыль — не проста трагедыя ў гісторыі. Чарнобыль — гэта наступствы, якія ўплываюць на жыццё і здароўе беларусаў сёння. Зрабіць жыццё ў Беларусі бяспечным для здароўя, экалагічныя ўмовы спрыяльнымі, зрабіць так, каб будаўніцтва новай АЭС не прынесла паўтарэння Чарнобыльскай трагедыі — гэта нацыянальныя задачы. Спадзяюся, што гэты Чарнобыльскі шлях–2018 стане крокам да сумеснага вырашэння гэтых задач”, — падкрэсліў ён.

У аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху–2018” увайшлі 8 арганізацыяў: аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Аб'яднаная грамадзянская партыя, Рух «За Свабоду», Беларуская партыя "Зялёныя", Рух салідарнасці «Разам», грамадскае аб'яднанне «Экадом» і Партыя БНФ.

Функцыі камунікацыі з гарадскімі ўладамі аргкамітэт усклаў на старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. Адказны за камунікацыю са СМІ — першы намеснік старшыні Беларускай партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук. “Аргкамітэт адкрыты да далучэння новых ініцыятыў, гатовы прыслухацца да любой крэатыўнай канструктыўнай прапановы па фармаце правядзення Чарнобыльскага шляху”, — дадаў Віталь Рымашэўскі.

 Паводле bchd.info


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць