Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі заявіў пра беспрэцэдэнтны ціск на іх валанцёраў

Крымінальныя справы заведзеныя супраць некалькіх валанцёраў Міжнароднага камітэта расследавання катаванняў у Беларусі. Праваабаронцы кажуць, што аднаго з іх самога катавалі.

Як паведамляе арганізацыя «Прававая ініцыятыва», 3 красавіка валанцёр Міжнароднага камітэта расследавання катаванняў у Беларусі пасля адміністрацыйнага арышту стаў падазраваным у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Пры затрыманні і ператрусе яго катавалі, каб атрымаць доступ да кампутара і тэлефона. Падчас адміністрацыйнага арышту ён таксама перажыў негуманнае стаўленне: камеру залівалі хлоркай, кідалі ў карцар у нечалавечыя ўмовы, аказвалі моцны псіхалагічны ціск.

6 красавіка сілавікі правялі ператрус у кватэры праваабаронцы, эксперта АБСЭ БДІПЧ Эніры Браніцкай. Афіцыйнай падставай назвалі крымінальную справу аб масавых беспарадках. Аднак на словах супрацоўнікі паведамілі, што рэальнай прычынай з'яўляецца дзейнасць Міжнароднага камітэта расследавання катаванняў у Беларусі. Падчас ператрусу канфіскавалі тэхніку, асабістыя грошы.

Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі заяўляе: нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск, актывісты працягнуць сваю працу.

«Нагадваем, што ўрад Беларусі абавязаны забяспечваць правы чалавека і свабодную дзейнасць праваабарончых арганізацый у адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі. Мы аказваем дапамогу грамадзянам усімі законнымі метадамі, у тым ліку праз міжнародныя механізмы дзеля абароны правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Паводле «Свабоды».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: