Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі пачалі кампанію за вызваленне правабаронцаў «Вясны»

23 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольнай заявай у гадавіну пачатку рэпрэсій супраць беларускага праваабрончага цэнтра «Вясна».

Праваабарончыя арганізацыі абвясцілі пра пачатак кампаніі з патрабаваннем вызваліць 7 зняволеных правааабаронцаў «Вясны», а таксама «прыцягнуць увагу да пакут соцен іншых, каго пераследавалі і зняволілі выключна за ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду сходаў і свабоду выказванняў».

17 верасня 2020 года затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі з таго часу. Спачатку ёй прад’явілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці». Потым дадаліся абвінавачанні ў «распальванні сацыяльнай варожасці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзеле ў злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама застаюцца зняволенымі:

Андрэй Чапюк, валанцёр «Вясны» з Мінска, затрыманы 2 кастрычніка 2020. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зняволення.
Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзялення «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021. Па артыкуле аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зняволення.
Таццяна Ласіца, валанцёрка «Вясны» з Гомеля, затрыманая 21 студзеня 2021. Па артыкуле аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зняволення.
Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Яму пагражае да сямі гадоў зняволення.
Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Яму пагражае да сямі гадоў зняволення.
Уладзімір Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 («Арганізацыя і фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Яму пагражае да сямі гадоў зняволення.

У заяве праваабаронцаў адзначаецца, што пераслед «вясноўцаў» — гэта толькі частка шырэйшых рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі выконваць свае міжнародныя абавязкі ў сферы правоў чалавека і неадкладна вызваліць «вясноўцаў».

Заяву падпісалі прадстаўнікі наступных арганізацый:

«Артыкул 19» («Article 19»)
«Міжнародная Амністыя» («Amnesty International»)
«Беларускі Хэльсінскі камітэт»
«Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава»
«Абаронцы правоў чалавека» («Civil Rights Defenders»)
«Еўрапейская платформа за дэмакратычныя выбары»
«Міжнародная федэрацыя правоў чалавека» (FIDH)
«Freedom House»
«Front Line Defenders»
«Хельсінскі фонд правоў чалавека» («Helsinki Foundation for Human Rights»)
Фонд «Дом правоў чалавека» («Human Rights House Foundation»)
«Human Rights Watch»
«Міжнароднае партнёрства за правы чалавека» («International Partnership for Human Rights»)
«Libereco — Партнёрства за правы чалавека»
«Хельсінскі камітэт Нідэрландаў»
«Нарвежскі Хельсінскі камітэт»
«Сусветная арганізацыя супраць катаваньняў» (OMCT)
«Östgruppen — Шведская ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека»
«Чалавек ў нядолі» («Člověk v tísni», Чэхія)
«Міжнародная абарона» («Protection International»)
«Рэпарцёры без межаў»
Праваабарончы цэнтр «Right Livelihood»
Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паводле «Радыё Свабода»

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: