«Мяне выратавала хвароба». Як гродзенку з анкалогіяй асудзілі за «счэпку» разам з дачкой

«Мяне выратавала мая хвароба. Да чаго трэба давесці чалавека, каб ён радаваўся, што ў яго анкалогія?» — распавядае гродзенка Ала Гарацкевіч «Свабодзе».

Маці і дачку Алу і Галіну Гарацкевіч асудзілі ў «справе аб счэпцы» ў Гродне. Дачка паедзе на «хімію», маці пакаралі «хатняй хіміяй», бо ў яе выявілі лейкоз. Аднак пенсіянерка бачыць шмат плюсаў у мінулым годзе, зусім не простым для яе сям’і.

«Давесці чалавека, каб ён радаваўся, што ў яго анкалогія»

«Мяне выратавала мая хвароба. Да чаго трэба давесці чалавека, каб ён радаваўся, што ў яго анкалогія?» — пытаецца гродзенка Ала Гарацкевіч.

Яна перакананая, што лейкоз — адзінае, што яе ўратавала ад калоніі.

Яна 16 жніўня атрымала 2,5 гады «хатняй хіміі», а яе дачка Галіна 3 гады «хіміі» за ўдзел у пратэстах і нібыта за гвалт над міліцыянтамі. Прычынай сталі падзеі 6 верасня 2020 году ў Горадні, калі па горадзе прайшоў вялікі марш пратэсту. Прысуд вынес суддзя Максім Галубовіч, абвінавачанне падтрымліваў пракурор — Сяргей Пятрашка. За час суду змянілася трое суддзяў.

«Гэта спектакль. Абвінавачаныя ні ў чым не вінаватыя, пацярпелыя ніяк не пацярпелі», — каментуе судовы працэс Ала Гарацкевіч.

Яна дагэтуль не разумее, за што яе пакаралі. Адзінаццаць пацярпелых амапаўцаў выступалі ў судзе не пад сваімі імёнамі, за шырмай. Яны не маглі ўспомніць фігурантак справы.

 

«Гэта абавязак грамадзяніна — выступіць супраць гвалту і падману»

29 сакавіка ў сям’і Гарацкевіч называюць «чорным днём». 33-гадовую Галіну затрымалі, а на маці завялі крымінальную справу. За 10 дзён да затрымання дачкі Ала Гарацкевіч даведалася, што ў яе рак. Падчас следства і суду яна некалькі разоў ляжала ў шпіталі. 

Ала ўсё жыццё лічыла сябе апалітычнай

Але Гарацкевіч — 58 гадоў, усё жыццё працавала швачкай. Нядаўна сышла на пенсію, бо захварэла. Ейны муж мае інваліднасць. Разам з імі жывуць старыя бацькі. Гродзенка заўжды лічыла сябе апалітычным чалавекам, хоць і раней шмат што не падабалася ў краіне, але не думала, што можа нешта змяніць.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году гродзенку больш за ўсё абурыў падман і гвалт. Яна выйшла на вуліцу не праз палітыку, а за справядлівасць.

«Я асабіста знаёмая з двума мужчынамі, якія пацярпелі. Я ведаю, што гэта праўда, гэты калідор у РАУС, я бачыла іхныя сінякі. Я не лічу, што гэта палітыка. Мы павінны на гэта так рэагаваць. Гэта абавязак грамадзяніна — выступіць супраць гвалту, супраць падману. Але выходзіць, што гэта палітыка», — кажа спадарыня Ала.

 

За некалькі месяцаў жанчына схуднела больш як на 20 кілаграмаў. З канца лета жанчына раптоўна пачала худзець. Яна важыла каля 90 кілаграмаў, а схуднела да 68. Спачатку радавалася, што скінула вагу. Але потым дадалася слабасць, стомленасць. Яна спісвала гэта на ўзрост і цяжкую працу. Урэшце на абследаванні ў сакавіку ёй паставілі дыягназ «лейкоз». Узровень лейкацытаў у яе складаў 80–90 пры норме 4–9. Хвароба прагрэсавала. Лекарка патлумачыла гэта перажытым стрэсам.

Жанчыну двойчы клалі ў шпіталь, каб стабілізаваць стан. Лекі па 539 рублёў за ўпакоўку, якой хапае на месяц, аплочвае дзяржава.

Спадарыня Ала ўзяла выпіску са шпіталю, што хварэе. Аднак ёй здалося, што следчая не адразу ёй паверыла нават з дакументамі. Следчая адшукала лекарку Гарацкевіч, якая з’ехала на курсы ў Мінск, і перапытвала, ці сапраўды жанчыне патрэбен пастаянны медычны нагляд.

Спадарыня Ала часам думае, а што было б, калі яна не паспела абследавацца і даведацца дыягназ да пачатку сваёй крымінальнай справы.

«Магчыма, мяне б тут ужо не было», — мяркуе яна.

«Я дагэтуль не магу ў гэта ўсё паверыць, што гэта ўсё адбываецца са мной, з маёй сям’ёй», — каментуе пенсіянерка.

Штопраўда, ёй здалося, што супрацоўнікі сістэмы ставіліся да яе крыху больш мякка, бо ведалі, што яна хварэе.

«Паўсюль ёсць людзі», — кажа яна. 

«Якое страшнае злачынства яна здзейсніла, каб сядзець у турме?»

Галіне Гарацкевіч 33 гады, яна працавала ІТ-тэставальніцай. Не замужам, без дзяцей. Дзяўчына правяла ў гродзенскай турме 4,5 месяцы да абвяшчэння прысуду.

«Калі такія людзі сядзяць, то хто тады не ў турме? У яе настолькі пачуццё абавязку развітае, адказнасць. Яна ніколі не пройдзе міма чужой бяды. Усе каты, сабакі на вуліцы, яна ўсіх ведае, усім шукае нейкія прытулкі. Якое страшнае злачынства яна здзейсніла, каб сядзець у турме?» — кажа спадарыня Ала пра дачку.

Калі Галя выйшла на волю 16 жніўня, маці першую ноч здолела спакойна паспаць.

«Бо я клалася спаць — плакала, прачыналася сярод ночы, што я тут ляжу, а яна там. Яна мне і дагэтуль не кажа ўсяго, каб мяне не хваляваць. Яна сказала: «Як я гэта ўсё вытрымала?!» — пераказвае маці словы дачкі.

Паводле яе, у сакавіку ў камеры было вельмі халодна. Улетку спёка адчувалася як 50 градусаў, калі немагчыма было нічога рабіць, нават паварушыцца. Галіну прызналі схільнай да экстрэмізму, таму яе паўсюль вадзілі ў кайданках. У суд яна прыязджала ў двух парах кайданкоў: першай зашпіленай спераду, другой — прышпіленай да канваіра.

«Цяпер я міма турмы хаджу або езджу і думаю: там жа людзі сядзяць», — кажа гродзенка, што раней не задумвалася пра гэта.

Асобным выпрабаваннем для яе было, калі пад ранак на выходных з Савецкай плошчы даляталі спевы п’яных мужчын.

«Мой муж дагэтуль не можа выходзіць на вуліцу, калі ідуць маладыя дзяўчаты, смяюцца. Ён плача. Людзі працягваюць жыць сваім звычайным жыццём, ходзяць па барах. Але я нікога не асуджаю», — кажа жанчына.

Лісты паміж ёй і дачкой хадзілі з інтэрваламі ў 10 дзён.

«Пакуль ліст дойдзе, пакуль прыйдзе адказ, дык ён ужо неактуальны. Прыкладам, яна хварэла і былі патрэбныя лекі. Мы пра гэта даведаліся, калі яна ўжо ачуняла», — расказвае маці.

«Я бясконца хачу дзякаваць людзям, што яны такія ёсць у нас»

Але галоўнае, чым яна хоча дзяліцца ў сувязі з перажытым годам, гэта ўдзячнасць да многіх людзей, якія падтрымалі іхную сям’ю.

«Я выйшла са Следчага камітэту ў такім стане: што рабіць, куды бегчы? Спачатку я думала, што я адна са сваёй бядой. Калі бачыш падтрымку, гэта значна лягчэй перажыць. Відаць, дачцэ трэба было трапіць у турму, каб зразумець, як шмат добрых людзей вакол нас», — кажа жанчына.

Сябры Галі пачалі прыходзіць да сям’і ў госці, падтрымліваць іх, цалкам узялі на сябе перадачы для Галі ў турму. Падтрымлівалі калегі, незнаёмыя людзі.

«Значыць, мая дачка не самая кепская на гэтым свеце, калі ў яе столькі сяброў. Я бясконца хачу дзякаваць людзям, што яны такія ёсць у нас», — мяркуе гродзенка.

Самае цяжкое для яе за гэты час — «што гэта цягнецца і цягнецца, што нічога не змяняецца па сутнасці, што вельмі шмат людзей церпяць ні за што».

«Толькі каб не дарма ўсё гэта было. Веру, што дабро, справядлівасць пераможа. Інакш навошта ўсё гэта?» — пытаецца спадарыня Ала.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: