«Ніхто не верне таго, што я месяц адседзеў»

Месяц арышту атрымаў гродзенец Аляксандр Шышоў за тое, што знайшоў у сметніцы абменніка 100 долараў і праз міліцыю вярнуў грошы ўладальніку. Але абскарджванне прысуду лічыць марнаваннем часу і гроршай: «Мне ніхто не пакрые таго, што я месяц адседзеў».

Аляксандр Шышоў знайшоў у сметніцы абменніка $ 100. Праз месяц ён даведаўся, што з-за гэтага яго шукае міліцыя. Ён звязаўся з праваахоўнікамі ды вярнуў грошы ўладальніку. Аднак следчы абвінаваціў Шышова ў крадзяжы і накіраваў справу ў пракуратуру. У сакавіку на Аляксандра завялі крымінальную справу паводле 2 часткі артыкула аб крадзяжы. У верасні гродзенца вызвалілі ў зале суда — месяц пакарання ён ужо адбыў пад вартай. За час разбору яго будучая жонка страціла дзіця, паведамляе hrodna.life.

 

Прысуд

Гродзенца абвясцілі ў вышук у пачатку жніўня 2020 года, бо ён не з'явіўся на першыя два судовыя пасяджэнні па сваёй справе. 21 жніўня ў Гродне яго сустрэлі супрацоўнікі міліцыі і змясцілі ў следчы ізалятар. Там Аляксандр знаходзіўся да вынясення прысуду.

21 верасня суддзя Таццяна Гергель вынесла прысуд — адзін месяц арышту. Пра гэта распавялі Hrodna.life у прэс-службе суда Кастрычніцкага раёна. Гродзенца вызвалілі ў зале суда — залічылі ў тэрмін адбыцця арышту знаходжанне пад вартай. «Ведаў бы, што за гэта караюць, наогул бы не падымаў з сметніцы грошы», — паўтарыў Аляксандр фразу, сказаную падчас яго апошняга слова.

 

Без абскарджання

Прысуд не ўступіў у законную сілу, яго можна абскардзіць на працягу 10 дзён з дня вынясення. Аднак Аляксандр не будзе абскарджваць рашэнне суда:

«Гэта пустое марнаванне грошай і часу — і таго не варта. Мне ніхто не пакрые таго, што я месяц адседзеў».

«Вельмі шмат праблем было. Будучую жонку "давялі", яна страціла дзіця. Усё навалілася, вырашыў сысці ад праблем — і так атрымалася», — патлумачыў Аляксандр свой ад'езд Hrodna.life.

Аляксандр прыгадвае, што пасля абвяшчэння судовых пасяджэнняў ён з'ехаў з горада. 21 жніўня ён вярнуўся ў Гродна, каб набыць аўтамабіль, і яго затрымалі міліцыянты.

Першае судовае пасяджэнне прызначылі 7 верасня, з-за няяўкі сведкі яго перанеслі на 15-га, чарговае пасяджэнне павінна было прайсці 18 верасня, але яго таксама перанеслі на 21-га. На той дзень Аляксандр знаходзіўся ў СІЗА месяц, таму яму залічылі гэты тэрмін і пасля вынясення прысуду вызвалілі ў зале суда.

Адвакат падсуднага падчас разгляду справы настойвала, што калі пацярпелы выкінуў грошы ў сметніцу, яны сталі належаць не яму, а банку, — гэта значыць, юрыдычнай асобе. Па законе, крадзяжом у юрыдычнай асобы можа быць сума, якая выходзіць за 10 базавых велічынь (270 рублёў). На 31 сакавіка 2020 года адзін долар каштаваў 2.6023 рублёў, гэта значыць $ 100 у эквіваленце былі менш, чым 10 базавых (260, 23 рублёў).

 

«З-за перажыванняў жонка страціла дзіця»

Са слоў Аляксандра, пацярпелы таксама не будзе абскарджваць рашэнне суда. «Ён прасіў, каб справу спынілі і казаў, што калі б ведаў, што так усё абернецца — не пісаў бы заяву».

Будучая жонка Аляксандра страціла дзіця на 13 тыдні «на нервовай глебе». Пасля ад'езду Аляксандра да яго будучай жонкі пачалі прыязджаць міліцыянты дадому, ціснуць і высвятляць, куды ён з'ехаў, распавёў Аляксандр Hrodna.life. У бліжэйшыя дні пара збіраецца падаць заяву ў ЗАГС. Вяселле планавалі правесці раней, але з-за таго, што Аляксандр быў пад вартай, задаткі фатографу і вядучаму страчаныя. «Будзем жыць далей», — сказаў на заканчэнне Аляксандр.

Паводле hrodna.life

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: