«Мне вельмі крыўдна». Звальняюць фельчара «хуткай» з Ліды, які адседзеў за стрым Ціханоўскага

Павел Палейчык лічыць, што прычынай гэтага стала ягоная палітычная актыўнасць, паведамляе «Свабода».


Фельчара Паўла Палейчыка затрымалі ўвечары 7 траўня. 22 красавіка ён выступіў у стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага, за што яго абвінавацілі ва ўдзеле ў недазволенай масавай акцыі. Палейчык адбыў 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Пасля вызвалення з «сутак» Павел вярнуўся на працу і некалькі тыдняў не меў ніякіх праблем. Аднак на пачатку чэрвеня яго выклікалі ў аддзел кадраў і ўручылі паведамленне аб непрацягненні кантракту. Апошнім працоўным днём Паўла на лідскай «хуткай» стане 9 ліпеня.

 

 

«Паведамленне аб непрацягненні кантракту мне выдалі некалькі дзён таму, — расказвае Свабодзе Павел. — Я яго адразу не выкладваў у інтэрнэт, хацеў спачатку пагутарыць з галоўным доктарам асабіста. У яго акурат памёр бацька, не хацеў турбаваць у гэтыя дні. Мы ж усе людзі.

А сёння я пад’ехаў да яго на размову. Спытаў, ці асабіста яго гэта меркаванне. Ён адказаў, што гэта не толькі яго рашэнне, што гэта думка ўсіх. Сказаў, што я не спрацоўваюся з загадчыцай станцыі хуткай дапамогі. Але яе ён не будзе звальняць. Таму я пасяджу дома, падумаю. Увесь адказ».

Фармальна парушэння заканадаўства няма. Пяцігадовы працоўны кантракт Паўла Палейчыка заканчваецца акурат на пачатку ліпеня. Сам фельчар, аднак, звязвае звальненне са сваёй палітычнай актыўнасцю.

«Я сам звязваю непрацягненне кантракту з тым, што выказаўся на стрыме ў Ціханоўскага, — перакананы Павел. — Улез у палітыку. Раней кантракты заўсёды працягваліся аўтаматам. Медыкаў у нас у Лідзе не хапае. І ўрачоў, і фельчараў. У мяне толькі адна вымова была за ўвесь час працы, за шэсць гадоў. Гэта калі я свайго бацьку вазіў у шпіталь на абследаванне. Мне не працягнулі кантракту, бо хацелі чымсьці зачапіць. У мяне шмат калег, у якіх, груба кажучы, і запоі, і ўсё можа быць. Але ім кантракты працягваюць».

Па словах Паўла, лідская станцыя хуткай медычнай дапамогі мае патрэбу ў супрацоўніках. Эпідэмія каранавірусу нікуды не падзелася, некаторыя супрацоўнікі ў адпачынках, ёсць і вакансіі.

«Мне вельмі крыўдна было, што прафсаюз за мяне не заступіўся, — гаворыць Павел. — Я быў актыўным супрацоўнікам, выступаў за лякарню на спартовых спаборніцтвах. А ў прафсаюзе мне сказалі, што калі юрыдычная дапамога трэба, то мы дапаможам. А пра гэта ідзіце да наймальніка вашага і з ім размаўляйце. Калегі падтрымліваюць. Яны ведалі, што мяне звольняць. Але ўсе баяцца страціць працу, баяцца напісаць калектыўную заяву аб звальненні. Прапанавалі выйсці з прафсаюзу. Зараз чалавек 15 збіраюцца напісаць заяву».

Фельчар не ведае, што будзе рабіць далей. Гэты месяц Павел будзе дапрацоўваць на «хуткай». Пасля зоймецца пошукамі новай працы альбо пойдзе ў дэкрэтны водпуск.

«Што я зараз буду рабіць, не ведаю, — прызнаецца фельчар. — Да 9 ліпеня папрацую. Ёсць магчымасць пайсці ў „дэкрэт“. Жонка таксама ў лякарні працуе, баюся, каб ня мела праз мяне праблем і яна. Але яна мяне цалкам падтрымлівае. Пайду ў „дэкрэт“ у крайнім выпадку».

Атрымаць аператыўны каментар галоўнага доктара лідскай раённай лякарні Вадзіма Трубчыка не атрымалася. У прыёмнай паведамілі, што спецыяліст не можа размаўляць. Радыё Свабода адзначае, што будзе намагацца атрымаць каментар кіраўніцтва Паўла Палейчыка.

www.svaboda.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: