Моладзевы Блок — новы выклік маладых для ўлады?

Акцыя з труною на рэпетыцыі парада стала сапраўднай «стрэльбай Чэхава». Яна прыцягнула ўвагу як грамадскасці, так і ўладаў Беларусі, якія адзіныя ў свеце правялі парад у эпоху пандэміі.

Труна на парадзе — што гэта? Ганебны здзек над чынам пераможцаў II Сусветнай вайны, ці заклік да цвярозага мышлення? Ці справа ў самім парадзе, ці ў абыякавым стаўленні ўладаў да новых патэнцыйных ахвяраў каронавіруса, якія штодзённа паміраюць сотнямі.

Нагадаем, мірная акцыя не прайшла без «крыві» — за ўдзел у ёй былі затрыманыя і асуджаныя на суткі 2 актывіста: Даніла Лаўрэцкі і Ліза Пракопчык, да якіх пазней «далучыўся» Пётр Маркелаў.

Як Моладзевы Блок стаў самай актыўнай моладзевай арганізацыяй, атрымаў узнагароды, прыцягнуў увагу грамадства да актуальных праблемаў? Мы ўзгадалі самыя цікавыя і крэатыўныя акцыі МБ.  

Моладзевая альтэрнатыва


Не ўсе ведаюць, што апроч праўладнай арганізацыі «БРСМ» існуе ЗБС — Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў, якое было заснаванае да дзяржаўнай моладзевай арганізацыі. Менавіта ЗБС стаў той моладзевай альтэрнатывай, што згуртоўвала неабыякавую моладзь і прыцягвала ўвагу да актуальных студэнцкіх праблемаў, такіх як студэнцкае самакіраванне, размеркаванне, удзел нашай краіне ў Балонскім працэсе ды іншыя.

Летась да гэтых праблемаў далучылася іншая, найбольш істотная — прызыў у войска. Менавіта для змагання з абавязковым і прымусовым прызывам як для беларускіх студэнтаў-бакалаўраў, так і для беларускіх студэнтаў замежных устаноў быў створаны Моладзевы Блок.

Моладзевы Блок — платформа для студэнцкага грамадскага і палітычнага змагання


Моладзевы Блок аб’яднаў такія арганізацыі як Legalize Belarus і ЗБС у адну платформу для вырашэння такіх праблемаў як: абавязковае размеркаванне, закон аб адтэрміноўках (студэнты могуць атрымаць адтэрміноўку ад войска толькі адзін раз), рэфармаванне артыкула 328.

Была распрацаваная праграма вырашэння гэтых праблемаў і апублікаваная на афіцыйным сайце блока. На сайце МБ прадстаўленыя неабходныя праўкі ў заканадаўства па законе аб адтэрміноўках у войску і іншыя.
Таксама, многія маладыя актывісты прынялі ўдзел у парламенцкіх выбарах. Менавіта каманда МБ стала найбольш актыўнай, а іх пазіцыя была агучаная і прадстаўленая на тэлебачанні.

Моладзевы Блок — лідар па ўзнагародах сярод грамадска-палітычных моладзевых рухаў

    1. Прэмія «Зрабілі» ад еўрапейскага офіса экспертызы і камунікацыі — узнагарода «моладзевая сіла 2019»


    2. Лепшы праект/ініцыятыва года — ад асамблеі НДА, якая аб’ядноўвае большасць беларускіх незалежных грамадскіх арганізацый. Моладзевы Блок узнагароджаны разам з БНР101, Маршыруй Дзетка, пахаванне Каліноўскага і Маці 328.
    3. «Лепшая моладзевая ініцыятыва ў галіне правоў чалавека» на прэміі Rada awards .

Крэатыўнае змаганне


Чым Моладзевы Блок заслужыў такія ўзнагароды і як змог стварыць такі шырокі грамадзянскі рэзананс? Мы вырашылі прадставіць найбольш крэатыўныя акцыі Моладзевага Блока.

Акцыя з труной

На рэпетыцыі парада Моладзевы Блок зладзіў акцыю з труной. Пад знакамітае выкананне «пахавальнай» песні, якая стала мемам у інтэрнэце, актывісты прайшліся з труною і дзяржаўнымі сцяжкамі.

Таксама праводзілася акцыя «мы не бессмяротныя». Самі актывісты зазначылі: «Моладзевы Блок з вялікай павагай і падзякай ставіцца да ветэранаў за тое, што яны зрабілі для нас. Цяпер, мы бачым, як кіраўніцтва краіны ігнаруе рэкамендацыі СААЗ, ставячы пад пагрозу жыцці і здароўе, арганізуючы шматтысячны парад падчас пандэміі COVID-19».

Студэнцкая забастоўка


20 сакавіка студэнты МДЛУ аб’явілі забастоўку ў сувязі з поўным неразуменнем з боку адміністрацыі ўніверсітэта. Напярэдадні студэнты сабралі подпісы за дыстанцыйную форму навучання ў сувязі з каронавірусам.


На сваёй старонцы ў VK Моладзевы Блок напісаў наступны пост у дачыненні да гэтых падзеяў: «Моладзевы Блок, Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў, а таксама студэцскія суполкі розных універсітэтаў і каледжаў заклікаюць усіх студэнтаў далучыцца да змагання за свае правы на дыстанцыйнае навучанне!».



Акцыі салідарнасці і грамадска-палітычныя пікеты

Варта адзначыць, што касцяк моладзевых рухаў аб’ядноўваецца вакол грамадска-палітычнага змагання. Калі быў затрыманы Пётр Маркелаў, актывіст Legalize Belarus, і яго паплечнік Стась Шашок на суткі, іх масава сустракалі. Напрыклад, сустракаць Стася сабраліся каля 50 чалавек, што параўнальна з тым, як сустракалі вядомых палітактывістаў (напрыклад, Статкевіча).



МБ актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычных акцыях: супраць інтэграцыі з Расіяй, пахаванне Каліноўскага і г.д.

«Фрык-пікет-атракцыён» Аляксея Лазарава


7 лістапада каля Dana Moll у Мінску прайшоў незвычайны агітацыйны пікет Аляксея Лазарава, Моладзевага Блока і ініцыятывы #учёбаважнее.

Падчас пікета самы вядомы «зэк-цырульнік» Павел Вінаградаў гвалтам пагаліў кандыдата ў дэпутаты.
На пікеце праходзілі «традыцыйная вайсковыя забавы» (фарбаванне травы, перасыпанне зямлі з адного вядра ў іншае ды іншыя).



Пікет адзначыўся перш за ўсё абгрунтаваннем сваёй пазіцыі, а не звыклымі грамадска-палітычнымі лозунгамі. Студэнты распрацавалі свой план вырашэння праблемы па «адкосе» з войска.

Рэйв-пікет — новае слова ў беларускім змаганні


Сярод вышэйзгаданых пікетаў варта вылучыць найбольш яскравы ды запамінальны мітынг студэнтаў на Зыбіцкай. Ён быў скіраваны супраць найбольш істотных праблемаў студэнтаў, такія як адтэрміноўка ў войску і іншыя.


Рэйв-пікеты праходзілі як па ўсім Мінску на выбарчых акругах кандыдатаў у дэпутаты ад МБ, так і іншых гарадах. У адрозненні ад праўладных пікетаў БРСМ ды сустрэчаў з выбарцамі іншых кандыдатаў, пікеты МБ адрозніваліся крэатыўным падыходам: музыкай, танцамі ды моладзевай атмасферай.

Вызваленне «абасранай каровы» з канцлагера


Гумарыстычна-сатырычны характар мае акцыя «вызваленне каровы з концлагера». Вось тэкст паста на фэйсбуку аб гэтым:
«Роўна год таму, 26 сакавіка 2019 года, нашу краіну агаломшыла трывожная навіна. Падчас візіту на малочна-таварны комплекс «Сліжы» у Шклоўскім раёне кіраўнік дзяржавы выявіў нечалавечыя ўмовы ўтрымання кароваў. Кадры абасранай скаціны разляцеліся па ўсім свеце і выклікалі шырокі грамадскі рэзананс. Дзякуючы пільнасці прэзідэнта шклоўскія каровы былі сваечасова выратаваныя, накормленыя і памытыя. Гэты дзень назаўжды ўвойдзе ў гісторыю Беларусі як Дзень вызвалення кароваў з концлагера».

Стась Шашок, актывіст і музыка гурта « Čas Łajna»

Не сеў на лаўку — сеў на нары


Студэнскія актывісты сталіся нібы косткай у горле ўладаў. За апошні час былі затрыманыя 7 чалавек — актывістаў МБ ды іх знаёмых.

Данілу Лаўрэцкага, Лізу Пракопчык і Пятра Маркелава асудзілі на содні. Між іншым, Пятра Маркелава пасадзілі за ляжанне на лаўцы. Па афіцыйнай версіі ён быў вельмі падобны да асобы ў вышуку, а сам не падпараткаваўся патрабаванню міліцыі паказаць дакументы. Пры гэтым, на відэа добра бачна, што Пятро паказвае пашпарт і ветліва размаўляе з прадстаўнікамі аховы парадку.


Пасля таго, як Пятра пасадзілі на 10 сутак, у інтэрнэце пачаўся флэшмоб #ляжацьтолькіўтруне. Людзі на знак салідарнасці рабілі фота на лаўцы.

Пётр Маркелаў, актывіст Legalize Belarus, які актыўна выступае за дэкрэміналізацыю наркотыкаў (памяншэння турэмнага тэрміна за паленне марыхуаны з 15 прынамсі да 2-3 год) быў несправядліва асуджаны на 10 сутак 

Пётр стаў знакамітым актывістам дзякуючы многім крэатыўным акцыям. Найбольш знакамітай стала акцыя з неіснуючым плакатам, які быў дададзены ў фоташопе. Пятро адрэагаваў на блакаванне незалежных сайтаў прапановай заблакаваць сайт МУС.


Таксама, Маркелаў стаў адным з арганізатараў акцыі «Дзяды марозы за інтэграцыю». Дзяды Марозы раздавалі пратаколы за ўдзел у навагодніх гуляннях.


Пятро Маркелаў выходзіць з-за кратаў сёння, 21 траўня а 14:35. Моладзевы Блок арганізуе ягоную сустрэчу і збіраецца а 13:30 пад ЦІП (вул. Акрэсціна). Усе ахвочыя могуць далучыцца і сустрэць Пятра разам!


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: