Моладзевыя арганізацыі Беларусі выступілі супраць правядзення УНС

Нацыянальны моладзевы савет "РАДА" выступіў з заявай напярэдадні правядзення УНС.
Мы, саюз дваццаці васьмі дэмакратычных моладзевых арганізацый Беларусі, створаны з мэтай кансалідацыі беларускіх моладзевых арганізацый грамадзянскай супольнасці дзеля прадстаўлення, прасоўвання і абароны
агульных інтарэсаў, рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў і іншых канстытуцыйных правоў, прадстаўленыя кіруючым органам — Саветам “РАДА”, выступаем з наступнай заявай:

11-12 лютага ў Мінску мусіць адбыцца 6 Усебеларускі Народны Сход (УНС). 2700 беларусак і беларусаў збяруцца ў прасторы Дварца Рэспублікі падчас эпідэміялагічнага і палітычнага крызісу ў грамадстве. Афіцыйнымі дастатковымі прычынамі такой рызыкі для ўдзельніц і ўдзельнікаў УНС з’яўляюцца разгляд і прыняцце “Асноўных палажэнняў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады і кірункаў грамадска-палітычнага развіцця”.

Згодна закону “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” гэтыя сходы называюцца “асноўнай формай непасрэднага ўдзелу грамадзян ... у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы”, а ўдзельніцы і ўдзельнікі павінны абірацца на сустрэчах працаўніц і працаўнікоў, па месцы вучобы, палітычных партый, грамадскіх арганізацый, але ці ёсць такая магчымасць кіравання зараз?

Першае, што варта адзначыць, гэта неактуальнасць прапанаванай павесткі УНС: на думку арганізатараў у спіс важных пытанняў грамадска-палітычнага развіцця не трапляюць ні палітычны, ні эпідэміялагічны крызісы 2020 году. Непаразуменне выклікае і тое, што “Асноўныя палажэнні” не змяшчаюць актуальных дадзеных і прагнозаў па ўплыву на жыццё грамадства пазначаных вышэй крызісаў. Моладзі ў дакуменце зноў адводзіцца пасіўная ды рэактыўная роля, у якасці аб’ектаў “патрыятычнай адукацыі”, а ўдзел у грамадска-палітычным жыцці хаця і ўзгадваецца, але не мае ніякіх акрэсленых форм, што не вырашае даўно актуальныя пытанні па развіцці і самарэалізацыі моладзі Беларусі.

Асобнай увагі вартая працэдура выбару ўдзельніц і ўдзельнікаў УНС. З дакумента аб скліканні бачна, што кандыдатуры абіраліся мясцовымі органамі улады. Пры гэтым згодна з Законам аб сходах могуць быць прадстаўнікі і прадстаўніцы ад грамадскіх і працоўных рухаў незалежна ад іх позіркаў. Але па выніку — па дадзеных СМІ — на УНС не будзе прадстаўніц і прадстаўнікоў беларускіх апазіцыйных палітычных партый і
рухаў, дэмакратычных арганізацый грамадзянскай супольнасці. Гэта дае падставу нам меркаваць, што альтэрнатыўныя думкі і меркаванні былі дыскрымінаваны на этапе адбору ўдзельніц і ўдзельнікаў.

Сыходзячы з гэтых прычын мы вымушаны канстатаваць, што УНС, які падаецца ўладамі як пляцоўка дыялогу, насамрэч з’яўляецца сустрэчай самых блізкіх прыхільніц і прыхільнікаў улады за кошт дзяржаўнага фінансавання. З 2700 удзельніц і ўдзельнікаў не будзе нікога з тых, хто сваімі дзеяннямі і словамі прадстаўляе альтэрнатыву ўладзе, як і тых, хто падымае важныя для грамадства пытанні.

Таксама мы лічым, што УНС з’яўляецца спробай адцягнуць увагу ад актуальных праблем і выканання 3 галоўных патрабаванняў грамадства пасля 9 жніўня 2020: правядзенне новых выбараў, вызваленне палітычных зняволеных і расследаванне фактаў катавання і гвалту безумоўна і неадкладна.

Улічваючы ўсё гэта мы прызнаем, што:
1. 6 Усебеларускі Народны Сход не з’яўляецца прадстаўнічым, таму любыя яго рашэнні не маюць моцы.
2. УНС не з’яўляецца дыялогавай пляцоўкай і не можа замяніць сапраўдны дыялог у грамадстве да таго часу пакуль ёсць палітычныя зняволеныя і парушаюцца канстытуцыйныя правы.
3. Удзельніцы і ўдзельнікі УНС беспадстаўна рызыкуюць сваім асабістым здароўем і магчымым узмацненнем пандэмічнага працэсу ў краіне.

Мы заклікаем:
- Удзельніц і ўдзельнікаў 6 УНС да адмовы ад удзелу пакуль не будуць выкананы 3 галоўных патрабаванні грамадства;
- Арганізатараў да адмены 6 УНС і пераносу яго на бяспечны час з забеспячэннем адкрытай формай удзелу для ўсіх жадаючых і абмеркаваннем усіх актуальных грамадска-палітычных пытанняў;
- Беларускія і міжнародныя арганізацыі і місіі не разглядаць любыя рашэнні 6 УНС у якасці праяўлення волі, або выбару беларускага народа і працягваць дамагацца ад беларускіх уладаў выканання 3 галоўных патрабаванняў грамадства: правядзенне новых выбараў, вызваленне палітычных зняволеных і расследаванне фактаў катавання і гвалту.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: