Прыйшоў час беларускай сімволікі, прыйдзе час і беларускай мовы

У Беларусі цяпер усё неадназначна. Як гэта не парадаксальна гучыць, але яе далёкую будучыню прадказаць значна прасцей, чым блізкую. Цяжка сказаць, што будзе праз дзень, ці тыдзень, ці нават месяц. Але лёгка прадбачыць, што і як будзе праз год, тым больш, — праз некалькі гадоў. 

Фота Аляксандра Васюковіча


Аўтазакі, міліцэйскія машыны, спецтэхніка… Цэнтральныя плошчы агароджаныя турнікетамі. Людзі ў камуфляжах. І сінія чалавечкі ў міліцэйскіх мундзірах, і зялёныя, і пераапранутыя ў цывільнае, але не цывільныя, а найбольш гэтай сілавой публікі ў чорным… Яны самыя актыўныя, тыя чорныя людзі, з чорнымі дубінамі ў чорных балаклавах на галовах, пад якімі хаваюць свой твар і сумленне.

Людзі ў чорным хапаюць і валакуць у аўтазак дзіця, якое на асфальце крэйдай напісала «Жыве Беларусь!!!», пырскаюць газам у мірных дэманстрантаў, б’юць дубінай, цягнуць па асфальце, затрымліваюць…

Жыхароў Беларусі масава выклікаюць у кабінеты сілавікі. Тут і пракуратура, і міліцыя, і следчы камітэт… Іх так многа, аказваецца, панастворана, што рана ці позна аніякі бюджэт не змог бы пракарміць. Толькі працалюбівыя беларусы маглі выцягваць так доўга на сабе такую плойму…

З’ява янычарства не новая і добра вывучаная. Заўсёды і ва ўсіх народаў знаходзяцца тыя, хто за добры заробак, або за перспектывы ў кар’еры, або проста за маніякальнае адчуванне сваёй уседазволенасці і набыцця гвалтоўнай перавагі над іншымі гатовы быў на самыя жорсткія дзеянні ў дачыненні да сваіх суайчыннікаў.

Фота Аляксандра Васюковіча

А Беларусь выходзіць з нацыянальнымі сімваламі і становіцца насупраць узброеных у чорным… Жанчына адчыняе дзверы сваёй кватэры і хавае ад сілавікоў з дубінамі зусім невядомых ёй людзей, рызыкуючы, што за гэта ў тыя дзверы пагрукаюць няпрошаныя госці. Супрацоўнік МНС, якога прывезлі адмыслова, каб ён зняў бела-чырвона-белы сцяг з вышыні, не здымае яго, а, наадварот, разварочвае, каб той залунаў яшчэ мацней, — і губляе працу. Уладальнік бару зачыняе дзверы перад сілавікамі, якія гоняцца за пратэстоўцамі, рызыкуючы сваім бізнесам. Аўтамайстры задарма рамантуюць транспарт зусім невядомых ім людзей, якіх пабілі сілавікі за тое, што шафёр гудком падтрымліваў дэманстрантаў. Бацюшка б’е ў званы Храма, каб спыніўся гвалт. Шахцёр прыкоўвае сябе ланцугамі ў шахце, каб улада пачула патрабаванні рабочых. Апазіцыянерка дзярэ ў лахманы на мяжы свой пашпарт, каб яе не выкінулі за межы Радзімы і свядома ідзе за краты. Студэнты выганяюць з універсітэтаў сілавікоў і ўступаюць у спрэчкі з кіраўніцтвам і ідэолагамі сваіх навучальных устаноў, рызыкуючы быць выгнанымі з вучобы. Выкладчыкі заступаюцца за студэнтаў рызыкуючы быць выгнанымі з навучальнай установы. Рабочыя аб’яўляюць страйк, ведаючы, што іх павыганяюць з працы. Работнікі культурных устаноў, інтэлегенцыя, журналісты, заяўляюць сваю пазіцыю і… губляюць працу… Незнаёмыя нясуць дэманстрантам ежу і цяпло, і ўсе разам аб’ядноўваюцца любоўю. Любоўю да Беларусі.

Фота Аляксандра Зяньковіча

Моладзь і сталыя, рабочыя і інтэлігенты, жанчыны і мужчыны ідуць адстойваць праўду, нягледзячы на рызыку. І нават тыя зверствы, якія ім давялося зведаць з боку сілавых структур падчас арышту і ўтрымлівання ў няволі не змаглі іх зламаць. Яны выходзяць, рызыкуючы ўсім, нават здароўем і жыццём. І ўсе, паўсюдна, вывешваюць, падымаюць, носяць нацыянальную, бела-чырвона-белую сімволіку, хоць менавіта за яе на іх і накідваюцца… Але людзі носяць, каб паказаць, што Мы Народ! Што мы Беларускі Народ! Каб паказаць уладзе, усяму свету, а найперш самім сабе, якім ён ёсць насамрэч, той Беларускі Народ! Цуды добразычлівасці, узаемападтрымкі, самаахвярнасці і іншых найвышэйшых якасцяў велічы чалавечай натуры паказваюць Беларусы. Паказваюць, якія яны ёсць сапраўдныя ў сваёй душы.

І яшчэ на адну найважнейшую рэч варта звярнуць увагу. Лідар вядомай групы «J:Морс» Уладзімір Пугач папрасіў прабачэння ў сваім новым кліпе «Даруй» у тых, хто ўсе мінулыя гады змагаўся з рэжымам, нават тады змагаўся, калі ў іх яшчэ не было такой масавай падтрымкі, як цяпер. І падабраў вельмі цёплыя словы. «Нізкі паклон тым, — сказаў ён, — хто ўжо дзесяць, пятнаццаць і дваццаць гадоў таму знаходзіў у сабе сілы, перамагаючы страх, рызыкуючы і ахвяруючы сабой, адстойваць нашы правы. Дзякуй вам і прабачце, што так доўга вас даганялі».

Гэта насамрэч сапраўдны ўчынак сапраўднага грама­дзяніна, разам з іншымі праявамі чалавечнасці якія цяпер у Беларусі праяўляюцца паўсюдна і завяршаюць разгадку беларускай душы. Гэтыя словы ўдзячнасці былі звернутыя да тых, хто ўсе гэтыя гады з такімі ж самымі словамі на ўсіх сваіх імпрэзах гэтак жа шчыра дзякаваў мінулым пакаленням, якія змагаліся за беларускую свабоду, за чалавечую справядлівасць, за праўду. Цяпер падзякавалі і ім. Падзякавалі тым, большасць з якіх нават у новай Беларусі будуць незапатрабаваныя. Бо ўсё жыццё змагаліся з рэжымам, а не рабілі кар’еру, не нажылі багацця, не стварылі імя, не заснавалі бізнес… Бо менавіта пастаяннае змаганне з рэжымам, які ў іх разуменні атаясамліваўся са злом і антыбеларускасцю, менавіта гэта і быў іх прафесійны ўзровень, які яны ўвесь час павышалі.

Фота Аляксандра Зяньковіча

Адзін з найвялікшых палітыкаў навейшай гісторыі прэзідэнт ЗША Рональд Рэйган неяк сказаў, што Свабода знаходзіцца на адлегласці ўсяго аднаго пакалення ад свайго знікнення, калі за яе не змагацца. Таму нельга было дапусціць, каб у змаганні за Беларускую Свабоду выпала тое пакаленне. Большасць старой апазіцыі цяпер не так разбіраюцца ў кампутарах, як таго патрабуе час, і ў бізнесе, які апярэдзіў іх мажлівасці даўно, і нават у палітыцы, якая стала зусім іншая і значна больш фальшывая, чым тады, калі яны ў яе прыйшлі. Большасць з іх не ведаюць ангельскай мовы, бо ўвесь час, калі іншыя вывучалі ангельскую, вучыліся гаварыць праўду па-беларуску. І гаварылі. Гаварылі праўду. І гэтую праўду цяпер пачуў увесь народ.

Зрэшты, для іх, хіба, няма большай узнагароды, чым тая ўдзячнасць, тая падзяка, і бела-чырвона-белая сімволіка ў руках суайчыннікаў. Тысячы і тысячы нацыянальных сцягоў і гербаў «Пагоня» ў тысячах і тысячах рук беларусаў… Што яшчэ трэба, каб зразумець, што ўсё было не дарэмна?!

Шлях гаварыць праўду па-беларуску і ёсць шляхам беларускай перамогі. Вось і атрымліваецца, што беларуская мова сёння стала самай праўдзівай мовай свету. Бо за апошнія даволі фальшывыя часы на ёй хлусілі менш усяго. І не таму, што на ёй гаварыла не так шмат народу. А таму, што тыя, хто ёй карысталіся, гаварылі праўду. Нездарма ўлада ў Беларусі перайшла на іншую мову, але не на сваю нацыянальную. Затое свая, нацыянальная, засталася не спаганеная іх ілжывасцю, як і нацыянальная беларуская сімволіка.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У Беларусі цяпер усё неадназначна. Як гэта не парадаксальна гучыць, але яе далёкую будучыню прадказаць значна прасцей, чым блізкую. Цяжка сказаць, што будзе праз дзень, ці тыдзень, ці нават месяц. Але лёгка прадбачыць, што і як будзе праз год, тым больш, — праз некалькі гадоў. Бо Беларускае Адраджэнне працягваецца і спыняцца не збіраецца.

Прыйшоў час Беларускай Сімволікі, прыйдзе і час Беларускай Мовы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: