«Можа, дажыву... І тады вярнуся дахаты». 66-гадовы вясковец пакінуў Беларусь пасля крымінальнай справы

У лістападзе міліцыя прыйшла рабіць «агляд дома» пенсіянера з вёскі пад Дзятлавам (Гродзенская вобласць). Вынік «агляду» — крымінальная справа на 66-гадовага Станіслава Пясецкага. Ён быў вымушаны бегчы за мяжу. Уцякач падзяліліся са «Свабодай» сваёй гісторыяй.
Станіслаў Пясецкі пасля ад

Станіслаў Пясецкі пасля ад'езду. Фота «Свабоды»

66-гадовы Станіслаў Пясецкі — жыхар вёскі пад райцэнтрам Дзятлавам. Яго сына Сяргея доўга шукала міліцыя, нарэшце схапілі. А як сын прапісаны ў бацькі, то міліцыя прыйшла да пенсіянера рабіць вобшук. Вынік ператрусу — крымінальная справа на пенсіянера за нібыта гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Паводле інфармацыі МУС, «сын быў затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, таму для правядзення следчых дзеянняў міліцыя прыйшла ў жытло грамадзяніна». «У нейкі момант пенсіянер пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, спачатку спрабаваў адкрыць газ у кухні, а потым схапіў нож, размахваў ім і накіраваўся ў бок міліцыі», — паведамляў МУС.

Сын Станіслава Сяргей Пясецкі — поўны цёзка вядомага пісьменніка. Ён нарадзіўся ў Дзятлаве. Апошнім часам жыў у Мінску. Летась яго зацікавіла дзейнасць Сяргея Ціханоўскага, і ён пачаў дапамагаць яму. У перыяд перад выбарамі Сяргей Пясецкі ўдзельнічаў у пікетах «Страны для жизни» у розных гарадах як валанцёр. Падтрымліваў і землякоў з Дзятлава, якія пратэставалі супраць улады.

«Удзельнічаў у назіранні ў Дзятлаве. Там арганізаваў некалькі чалавек для назірання. Бачыў парушэнні, заяўляў пра іх. Але вынік тых скарг усім вядомы. Тыя з выбарчых камісій, міліцыянты — яны ўсе ўсё разумеюць. Яны адчуваюць сябе там гаспадарамі і робяць, што хочуць, чыняць чорнае», — расказаў Сяргей Пясецкі.

 

«Мы з сынам галасавалі за Ціханоўскую»

Станіслаў кажа, што і ён, і сын галасавалі за Ціханоўскую. «Ну як галасавалі? Мы прагаласавалі, а бюлетэні вынеслі з сабой з участка. Усё роўна, як я прагаласую за Ціханоўскую, а мой голас „укінуць“ за Лукашэнку», — удакладніў пенсіянер.

Паводле вынікаў камісія напісала, што ўсе бюлетэні на месцы. Сяргей спрабаваў з імі разабрацца — але марна.

«У Дзятлаве быў вялікі марш у жніўні, шмат людзей выйшла. Але як пачаліся рэпрэсіі, людзі прыціхлі, іх запалохалі. Бо ў малых гарадах дастаткова мінімальнага рэпрэсіўнага дзеяння, каб усе зніклі з вуліц. Засталося чалавек дваццаць, ездзілі ў Ліду. Але нас і там дасталі — бо ўсіх там здымалі і потым перадавалі даныя ў Дзятлава», — кажа Сяргей.

 

Дзятлава. Архіўнае фота «Свабоды»

Ён расказвае, што дапамагаў людзям маральна і юрыдычна.

«Таму мясцовыя міліцыянты вырашылі, што я самы галоўны там, і пераследавалі мяне». Яго шукалі — у Дзятлаве і ў Мінску, і нарэшце злавілі ў сталіцы, пасадзілі на 15 сутак. «За тое, што я дапамагаў людзям абараняцца, мяне вырашылі пакараць максімальна. І так у лістападзе мяне пасадзілі нібыта за несанкцыянаваную акцыю. У ізалятары да мяне прыйшлі, каб нібыта апытаць па крымінальнай справе, і паехалі да таты з вобшукам», — дадаў жыхар Дзятлава.

Станіславу 66 гадоў. Мае слабае здароўе — перанёс інсульт. Ён блага чуе і з цяжкасцю перасоўваецца. У вёсцы, у Беларусі засталіся дзеці, унукі, дом, агарод. У чужой краіне, якую ён не хоча называць, мае дах над галавой і невядомасць. Мусіць пачынаць новае жыццё.

«Але лепш, чым сядзець у турме. З маім здароўем я там не выжыву... Хадзіў да нашых лекараў у Дзятлаве: „Мерайце ціск“ — і больш нічога. Ужо тут, у чужой краіне, мяне абследавалі і выявілі праблемы ў шыі, сасудах, прызначылі лячэнне. Я хоць палячуся тут», — кажа пенсіянер.

Цвердзіць, што міліцыянты не давалі яму спакою праз сына Сяргея, «ездзілі і ездзілі». Хоць пенсіянер і сказаў, што сын з ім не жыве.


 

«Узялі панятым зэка, ён мне пагражаў: "Зарэжу, калі што!"»

«Так надакучыла — ранкам ідуць, вечарам ідуць: "Дзе Сяргей, дзе Сяргей?" Я сказаў: "Яшчэ раз тупым тлумачу, што ён не жыве тут!" Сышлі. Потым прыйшлі з ордэрам на вобшук. Я кажу: "Чаго да мяне прыйшлі? Я злачынца, некага прыбіў ці абрабаваў? І выйшаў на вуліцу, яны мяне скруцілі, як сабаку, прынеслі ў хату і кінулі. Панятога ўзялі — нейкага зэка. Той быў увесь у наколках. Кажа: "Глядзі, вось у мяне якія наколкі, я цябе, калі што, зарэжу". Чорт ведае, што адбывалася. У мяне ў верандзе нож ляжаў. І міліцыянт усё казаў: "Не чапай нож!" А я нават не дакранаўся да яго! У мяне стаяў пусты балон, без газу. Я пасля інсульту ледзьве стаю. Таму абапёрся на балон рукой. А яны потым сказалі, што я газ хацеў пусціць — трызненне. Па ўсёй хаце запалілі святло. Я пачаў выключаць услед — для чаго святло паліць? Толькі на кухню пайшоў выключаць святло, а міліцыянт пачаў мяне круціць і крычаць: "Ідзіце сюды, ідзіце сюды!" — і кайданкі мне на рукі адразу, аж рукі пасінелі. На сцяне віселі нажы кухонныя на магніце. Міліцыянт, відаць, забаяўся, што я вазьму нож. Але я святло выключаў!» — тлумачыць Станіслаў Пясецкі.

 

«Тут мне няблага, і шмат людзей дапамагае»

Яго павезлі ў міліцыю ў кайданках. Пенсіянер страціў прытомнасць і трапіў у шпіталь.

«Мае бацькі жылі тут пры Польшчы, калі тут паны былі. Але ў пана можна было нешта папрасіць, а прыйшлі Саветы — усё падчыстую забралі! Бацькі за "палачкі" працавалі. Нават не ўяўляю, як выжылі... Я працаваў на трактары, токарам. Вучыцца не мог, бацькі былі старыя, трэба было іх даглядаць. Цяпер дажыў да пенсіі, а спакою няма», — кажа Станіслаў.

Ён пераймаецца, што цяпер і дом стаіць яго пусты, і агарод «запусціцца». «Але тут мне няблага. Тут шмат людзей, якія мне дапамагаюць, нічога не магу сказаць. Што трэба — ва ўсім дапамогуць. Я хворы чалавек, я не чапаў тую міліцыю, для чаго мне яе чапаць? Яны ж да мяне прыйшлі, а не я да іх», — запэўнівае пенсіянер. Пакуль на першым плане ў яго лячэнне. «Потым будзе відаць. Тэрмін прыцягнення да адказнасці паводле таго артыкула — пяць гадоў. Можа, дажыву... І тады вярнуся дахаты», — разважае Станіслаў.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: