«Можа, мяне ўдарылі дубінкай? Як потым аказалася, гэта быў стрэл»

11 жніўня Дзмітрый адправіўся ў цэнтр горада — выказаць нязгоду з вынікамі выбараў, дапамагчы пратэстоўцам і проста на свае вочы ўбачыць тое, што адбываецца. Вярнуцца дадому было не наканавана: разбіўшы яго аўтамабіль, адзін з амапаўцаў стрэліў яму ў спіну. Пасля месяца ў бальніцы Дзмітрый даведаўся пра яшчэ адну кулю ў сваім целе. Другая аперацыя прайшла за мяжой, дзе зараз і знаходзіцца герой гэтай гісторыі.

Пераезд Дзмітрыя за мяжу быў вымушаным: не толькі па палітычных прычынах, але і па стане здароўя. У іншай краіне ён адчувае сябе ў поўнай бяспецы, упэўнены, што, калі выйдзе на вуліцу, яго ніхто не выкрадзе. Пачынаючы з дня выбараў (9 жніўня), Дзмітрый выязджаў у цэнтр да самых актыўных пунктаў пратэснага руху. На мітынгі ехаў свядома: хацеў выказаць сваю пазіцыю, быць у курсе таго, што адбываецца ў краіне.

Дзмітрый Украінцаў — менеджар па продажах, студэнт. Узрост — 20 гадоў. Затрымалі ў Мінску ўвечары 11 жніўня 2020 года: разбілі машыну, паранілі ў спіну. Заключэнне лекара: пранікальнае раненне грудной клеткі злева па лапатачнай лініі, пералом рабрыны. Наступствы: дзве цяжкія аперацыі, вымушаны пераезд у іншую краіну.


11 жніўня ўвечары Дзмітрый з братам і калегам адправіліся ў горад на сямейным мікрааўтобусе. У той дзень адзінага месца збору людзей не было, ніхто не ведаў, дзе разгарнуцца падзеі.

— Ехаць, вядома, было страшна, асабліва пасля падзей 10 жніўня. Праязджаючы па горадзе, мы бачылі, што нічога такога не адбываецца, і тады накіраваліся ў мікрараён Сухарава, дзе я тады жыў.

Каля васьмі вечара кампанія прыехала да знаёмых хлопцаў, якія сабраліся каля 37-й гімназіі. Там збіралі подпісы тых, хто быў не згодны з вынікамі выбараў на гэтым выбарчым участку.

— Там мы прабылі каля гадзіны, пакуль не пачулі гукі выбухаў і стрэлаў з боку Каменнай Горкі. Параіліся з братам і сябрам, вырашылі з'ездзіць туды: даведацца, што адбываецца, і дапамагчы людзям, адвезці дадому — у нас жа быў пасажырскі мікрааўтобус. На Каменнай Горцы каля метро было шмат людзей і амапаўцаў. Каля крамы «Алмі» адбываліся выбухі. Я адчуваў іх, хоць мы сядзелі ў машыне. Былі бачныя ўспышкі ад светлашумавых гранат.

Пытаюся ў Дзмітрыя: «Ці было табе страшна?» Ён адказвае проста: «Вядома».

— Бачылі, як людзі спрабуюць уцячы і ў іх гэта не атрымліваецца. За адным чалавекам гналіся шэсць амапаўцаў, якія яго дагналі, павалілі і пачалі збіваць. Страшна было назіраць гэта ўсё.

Напад, раненне, шчаслівая выпадковасць

Кампанія вырашыла не з'язджаць з Каменнай Горкі. Так і кружылі па раёне. З пасажырскага акна машыны тырчаў вялікі бел-чырвоны сцяг: брат Дзмітрыя трымаў яго пастаянна. А сам Дзмітрый без перапынку сігналіў у знак падтрымкі пратэстоўцаў.

Праз некаторы час Дзмітрыю патэлефанавалі сябры, якія збіралі подпісы каля гімназіі, і яны дамовіліся разам паехаць дадому. Сустрэча была прызначаная ў адмысловай «кішэні» на Прытыцкага, на выездзе з кальцавой.

— Мы праязджалі праз барыкады, якія будавалі пратэстоўцы з лавачак і смеццевых бакаў. Мы пад'ехалі да іх, апусцілі шкло, хацелі падтрымаць, дапамагчы. Раптам у левым люстэрку кіроўцы я ўбачыў, што да нас набліжаецца таніраваны мікрааўтобус. Нас падрэзалі, адтуль выбеглі 5-6 чалавек са зброяй. Нічога не кажучы, без тлумачэнняў яны адразу пачалі біць шкло ў машыне. Ад удару дубінкай шкло каля мяне разляцелася на аскепкі, якія паляцелі проста мне ў твар. Спрацаваў інстынкт самазахавання, я палез на суседняе пасажырскае сядзенне. У гэты момант я адчуў вельмі моцны ўдар па спіне. Я не разумеў, што гэта такое. Можа, мяне ўдарылі дубінкай? Як потым аказалася, гэта быў стрэл.

Дзмітрыя і яго сяброў выцягнулі з машыны, кінулі на зямлю і збілі. Амапаўцы агледзелі машыну, папярэдне выкінуўшы з яе ўсе рэчы.

— Магчыма, яны спрабавалі знайсці нейкую зброю, я не ведаю. Нічога не выявілі, закінулі нашы рэчы назад і зачынілі машыну. Нас адвялі ў таніраваны бус. Калі я падымаўся па прыступках, адзін з супрацоўнікаў спытаў, адкуль у мяне кроў на спіне. Я адказаў, што паняцця не маю.

У мікрааўтобусе сяброў паставілі на калені тварам у падлогу, пасля чаго пачаўся стандартны допыт у пагрозлівай манеры: «Хто твой прэзідэнт? Навошта табе сцяг? Што табе не падабаецца ў краіне?»

— Па просьбе супрацоўніка я паказаў свой тэлефон, але паспеў выдаліць фота і перапіскі за некалькі дзён. Ён нешта паглядзеў у тэлеграме, тэлефон не стаў разбіваць, а проста аддаў мне яго назад.

Па рацыі ў мікрааўтобусе Дзмітрый пачуў распараджэнне для амапаўцаў, што трэба яшчэ кагосьці браць. Тыя спыніліся і запіхалі ў бус яшчэ некалькі чалавек, зладзіўшы ім такі ж допыт.

— Адзін хлопец не захацеў разблакаваць тэлефон, яго вельмі моцна збілі дубінкай. Увесь гэты час я быў у шокавым стане, але трохі супакоіўшыся, пачаў разумець, што адбываецца. Я ведаў, што дзеецца на Акрэсціна і спрабаваў змірыцца з тым, што мяне чакае.

Дзмітрыю стала блага, у яго кружылася галава, ён задыхаўся. Людзей у бусе сабралася шмат, паветра не хапала. Ён папрасіў амапаўца выпусціць яго на вуліцу.

— Да майго здзіўлення, яны мне дазволілі выйсці. Брат дапамог вылезці з мікрааўтобуса. Я абапёрся на бакавыя дзверы, сам стаяць ужо не мог. Як толькі брат заўважыў кроў у мяне на спіне, ён пачаў бегаць вакол мікрааўтобуса і крычаць, што мне патрэбна медыцынская дапамога, што трэба выклікаць хуткую.

Супрацоўнікі АМАПа аніякай дапамогі не аказвалі, «хуткую» не выклікалі. Па шчаслівай выпадковасці адным з затрыманых быў хірург. Яму дазволілі агледзець Дзмітрыя.

— Ён сказаў, што гэта, магчыма, агнястрэльнае раненне або асколкі ад шкла. На той момант я ўжо ляжаў на дарозе. Вакол былі паніка і блытаніна. І ў гэты момант пад'ехаў звычайны грамадзянскі аўтамабіль, з яго выбеглі чалавек пяць, пыталіся, што адбываецца, чым яны могуць дапамагчы. Гэта былі лекары-валанцёры, якія курсіравалі ўвесь гэта час па Каменнай Горцы. Лекар агледзеў мяне і сказаў, што ў мяне, верагодна, прабіта лёгкае і што патрэбна тэрміновая шпіталізацыя.

Лекары-валанцёры выклікалі хуткую дапамогу, а да яе прыезду паставілі Дзмітрыю дзве кропельніцы з абязбольвальным, апрацавалі і перавязалі рану. Бацькі Дзмітрыя знаходзіліся ў гэты час за горадам. Лекар здолеў ім датэлефанавацца, распавесці, што адбылося і ў якую бальніцу павязуць іх сына. А ўжо праз паўгадзіны гэтага доктара самога затрымалі і ён быў дастаўлены на Акрэсціна.

Бальніца, аперацыя, паказанні

— Прывезлі мяне ў 10-ю бальніцу і адразу ж прааперыравалі — дасталі кулю са спіны. А 4-ай раніцы я прачнуўся ў рэанімацыі і пачаў разумець, што адбылося. Калі ўжо перавялі ў звычайнае аддзяленне, мне распавялі, што акрамя кулі ў лёгкім выявілі пыж.

Дзмітрый тлумачыць: у патроне, якім стралялі, знаходзяцца дзве гумовыя кулі 12-га калібра. Паміж імі ёсць пыж, пластмаса, якая ўтрамбоўвае порах і не дае яму высыпацца. Але паколькі стралялі практычна ва ўпор, пыж апынуўся ў яго лёгкім. (Калі выкарыстоўваць зброю «правільна» і страляць з адлегласці 30-40 метраў, пыж адлятае.)
Пакуль Зміцер ляжаў у бальніцы, яго брата і калегу адправілі далей — аднаго на пяць сутак на Акрэсціна, а другога — на трое сутак у Жодзіна.

На другі дзень пасля аперацыі а 6-ай раніцы да мяне прыйшлі два маладыя супрацоўнікі са Следчага камітэта і міліцыі. Сказалі, што зарэгістраваны выпадак з агнястрэльным раненнем і я праходжу як пацярпелы. Натуральна, я не хацеў з імі размаўляць, таму адказваў на пытанні ў духу «не памятаю, не ведаю». Яны вырашылі не настойваць і сышлі, але праз пару гадзін супрацоўнік Следчага камітэта вярнуўся забраць маю майку са слядамі стрэлу і крыві.

Мікрааўтобус Дзмітрыя з разбітымі шыбамі, пакінутымі ў ім ключамі і дакументамі так і стаяў на дарозе. Потым яго забраў эвакуатар.

— Праз шэсць дзён пасля аперацыі мы з братам паехалі ў ДАІ, дзе нам паведамілі, што нічога не ведаюць пра наш аўтамабіль, у базе ён не лічыўся. Пасля высветлілася, што такі аўтамабіль ёсць на штрафстаянцы ў Сухараве. Я аплаціў паслугі эвакуатара, паслугі гэтай самай штрафстаянкі і сам штраф за тое, што пакінуў машыну ў неналежным месцы.

Браты прыехалі паглядзець на стан машыны. Ключоў і дакументаў яны не знайшлі, затое выявілі ў ёй яшчэ кулі, гэта значыць стралялі яшчэ два разы, прычым менавіта ў людзей: дзірка ад другой кулі знаходзілася на месцы, дзе сядзеў калега Дзмітрыя.

— Я разумею, чаму так адбылося. Напэўна, гэта вельмі пацешна, калі падчас пратэстаў людзі разбягаюцца, а тут пастаянна мільгае белы мікрааўтобус, з якога размахваюць вялікім БЧБ сцягам і пастаянна сігналяць.

Трэці раз у бальніцу да Дзмітрыя прыйшла ўжо маладая дзяўчына са Следчага камітэта, правяла нармальны допыт у прысутнасці адваката. Была праведзеная і судмедэкспертыза.

— Яна сказала, што павінна з маім братам адправіцца на штрафстаянку, каб машыну агледзелі спецыялісты. Але машына па гэты дзень стаіць у гаражы, і нікому да яе няма справы.

«Сюрпрыз», пераезд і другая аперацыя

Дзмітрый правёў у бальніцы каля месяца, а проста перад выпіскай яму параілі зрабіць КТ. Так, на ўсялякі выпадак.

— Паглядзеўшы вынікі, лекар сказаў: «Сядайце, навіны не вельмі добрыя». Аказалася, што ў мяне ў целе ёсць яшчэ адна куля, а паколькі яна гумовая, на рэнтгене яе не ўбачылі. Куля знаходзілася ў некалькіх міліметрах ад аорты. Карацей кажучы, мне пашанцавала. І, як ні дзіўна, я быў на нагах, адчуваў сябе нармальна.

10-я бальніца Мінска — адзіная ў Беларусі спецыялізуецца на аперацыях, звязаных з дыхальнымі шляхамі.

— Калі гаворка зайшла пра другую аперацыю, мяне збянтэжыла рэакцыя лекара: неяк з асцярогай ён сказаў, што дастаць кулю будзе вельмі цяжка і, магчыма, давядзецца выдаліць частку лёгкага. Я параіўся з бацькамі, і мы прынялі рашэнне рабіць аперацыю за мяжой. Усё прайшло вельмі добра, мне нават аддалі другую кулю на памяць, першую забраў Следчы камітэт у Мінску.

Цяпер Зміцер знаходзіцца за мяжой, вяртацца не плануе. Па расследаванні справы аб раненні вынікаў ніякіх. На руках у Дзмітрыя толькі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў»). Ніякіх адміністрацыйных мер да яго ўжыта не было (напрыклад, аб накладанні штрафу па дадзеным артыкуле).

— Вядома, мяне спрабавалі знайсці, і нават вельмі цікавымі спосабамі. Неяк на мой беларускі тэлефон, які я пакінуў у бацькі, патэлефанавала дзяўчына і вельмі цікавілася маім месцазнаходжаннем. Яна хацела атрымаць гэтую інфармацыю нібыта таму, што я раздаю парады па дадатковым заробку.

P. S. Звяртаўся ў Следчы камітэт, справа не заведзеная. Траўмы зафіксаваныя ў бальніцы.

august2020.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: