МУС адказала, на якой падставе сілавікі могуць прыйсці дадому да падпісчыкаў тэлеграм-каналаў

Сёння ў час анлайн-канферэнцыі першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў, што «інтэрнэт, як і паветра, нельга забараніць», і ўдакладніў, што падпіска на тэлеграм-канал не з'яўляецца ні адміністрацыйным парушэннем, ні крымінальным. Пры гэтым ён растлумачыў, на што ў інтэрнэце рэагуе міліцыя.
Фота: РІА Новости

Фота: РІА Новости

Як мінімум двума падпісантамі тэлеграм-канала «Армія з народам» зацікавілася міліцыя. TUT.BY спытаў у МУС: няўжо за падпіску на тэлеграм-канал цяпер прадугледжана адказнасць? Што пагражае чалавеку, калі ён знаходзіцца ў розных тэлеграм-каналах? І на якой падставе могуць прыйсці да падпісанта і правесці агляд кватэры?

Па словах Генадзя Казакевіча, першага намесніка міністра ўнутраных спраў, за падпіску ў нашай краіне не прадугледжана ні крымінальная, ні адміністрацыйная адказнасць. Але чалавек павінен адказваць за свае выказванні і заклікі да масавых беспарадкаў, як сцвярджае Казакевіч, менавіта на гэта рэагуе міліцыя.

Падчас анлайн-канферэнцыі на экран вывелі апытанні і каментары стваральнікаў канала «Армія з народам». Напрыклад, Сяргей К., 1978 года нараджэння служыў у органах унутраных спраў, цяпер — ахоўнік у краме. Яго каментары Генадзь Казакевіч назваў «бравадай».

 — Мэта групы — вывад людзей па прыкладзе 2010 года, — кажа Сяргей Я., адміністратар канала «Армія з народам». — Сваю віну ўсведамляю і абяцаю: больш такое не паўторыцца.

Па словах стваральніка гэтага канала, ён заклікаў людзей да «мірнага вырашэння пытання», а каментары тых, хто заклікаў да гвалту, выдаляў. Пасля таго як былі паказаны некалькі падобных відэа, Генадзь Казакевіч дадаў:

 — Цяпер праводзіцца даследчая праверка.

У чым менавіта падазраюць мужчын, засталося незразумелым.

Нагадаем, да мінчука Сяргея Лук'янава 29 чэрвеня прыйшлі людзі ў цывільным, заявіўшы, што яны з міліцыі (пазней з пастановы стала вядома, што гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК — Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. — Заўвага. TUT.BY). Па словах Лук'янава, іх было 5-7 чалавек. Міліцыя прыходзіла з нагоды таго, што мінчук знаходзіцца ў тэлеграм-канале «Армія з народам». Мужчыну забралі ў ізалятар, а на наступны дзень ён быў прызнаны вінаватым у непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў органаў правапарадку, а таксама абразе службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў і аштрафаваны на 50 базавых велічынь (1350 беларускіх рублёў).

Таксама вядома аб тым, што супрацоўнікі ГУБАЗ прыходзілі яшчэ да аднаго мінчука, які таксама лічыць, што прычынай было тое, што ён з'яўляецца падпісантам тэлеграм-канала «Армія з народам». Мужчыну выклікалі з працы для ўдзелу ў аглядзе жылля праваахоўнікамі. Пры гэтым у яго быў канфіскаваны камп'ютар для «праверкі матэрыялаў».

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: