МУС унесла змены ў Правілы ўнутранага распарадку турмаў

Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» атрымалі абнадзейваючы адказ з Дэпартамента выканання пакаранняў, паведамляе mspring.online. Раней яны накіравалі заяву на імя міністра ўнутраных спраў з просьбай выключыць з Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў патрабаванне, якое прадпісвае ўсталёўваць на вокны камер металічныя шчыты-жалюзі («вейчыкі»), якія ператварылі беларускія СІЗА ў сярэднявечныя вязніцы.


Праваабаронцы хочуць выключыць супярэчнасці ў беларускім заканадаўстве. Міліцэйскія Правілы ўнутранага распарадку груба парушаюць санітарна-гігіенічныя нормы і, адпаведна, правы грамадзян на здароўе, гарантаванае Канстытуцыяй. Акрамя таго, выкарыстанне металічных загароджаў, якія пазбаўляюць вязняў дзённага святла, супярэчыць Мінімальным стандартным правілам ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі.

Міліцэйскае кіраўніцтва прыняла дваякае рашэнне: металічныя шчыты-жалюзі пакуль не абвешчаныя па-за законам, але інжынерныя прыстасаванні на вокнах павінны мяняцца ў бок паляпшэння. Каменем перапоны стаў пункт 45 ПУР, які раней абвяшчаў:

“45. На вокны камер усталёўваюцца металічныя зварныя рашоткі, а пры неабходнасці – шчыты-жалюзі. З боку камер вокны прыкрываюцца кратамі, якія выключаюць доступ да шкла…”.

Цяпер жа сітуацыя некалькі змянілася. Намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь Андрэй Дайліда паведаміў праваабаронцам, што “згодна з пастановай МУС ад 18.07.2019 года №197 у першы сказ пункта 45 раздзелу 11 ПУР унесеныя наступныя дапаўненні “і іншыя альтэрнатыўныя інжынерныя загароджы, канструкцыя якіх дазваляе прапускаць у камеру натуральнае асвятленне і адначасова забяспечыць надзейную ізаляцыю“.

Праваабаронца «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў адзначае, што далей усё будзе залежыць ад актыўнасці грамадзян. Трэба кантраляваць, як начальства СІЗА і турмаў будзе рэагаваць на змены ў Правілах – гэта значыць, колькі “вейчыкаў” будзе зрэзана і што з’явіцца замест іх.

У будучыні, адзначае ён, стаіць задача заканадаўча забараніць прымяненне такіх канструкцый, як металічныя шчыты-жалюзі.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: