Мужчыну «без голасу» абвінавацілі ў крыках і лаянцы матам – ён звярнуўся ў ААН. Урад Беларусі пракаментаваў ягоную скаргу

Урад Беларусі адрэагаваў на скаргу прадстаўніка незалежнага прафсаюзу РЭП Віктара Казлова, зарэгістраваную ў Камітэце ААН па правах чалавека (КПЧ ААН). Беларускія чыноўнікі заявілі аб непрымальнасці скаргі, бо заяўнік не абскарджваў пастанову суда ў пракурорскіх інстанцыях, паведамляе Белсат са спасылкай на «Гомельскую Вясну».
Адказ беларускага ўраду на скаргу Казлова

Адказ беларускага ўраду на скаргу Казлова

Паводле Казлова, 25 сакавіка 2017 года ён выйшаў з дому ў вёсцы Цярэшкавічы, каб паехаць у Гомель. Раптам пад’ехалі супрацоўнікі АМАПу на УАЗіку, запхнулі яго ў аўтамабіль ды павезлі ў РАУС. Там склалі адміністрацыйныя пратаколы.

«Я пасля аперацыі казаць не магу нармальна, нават шэптам, а тут гучна крычаў? Супрацоўнікі АМАПу ілжэсведчылі ў судзе, блыталіся ў паказаннях. Гэта была мэтанакіраваная акцыя, каб не дапусціць маёй прысутнасці 25 сакавіка на пляцоўцы каля ДК «Віпра», дзе праходзіў мітынг [недармаедаў. – Заўв. Belsat.eu]. Дарэчы, мітынг на той пляцоўцы быў дазволены ўладамі», – кажа прафсаюзны актывіст.

70-гадовы мужчына, які страціў пасля анкалагічнай аперацыі голас абараняе ў Жэневе свае правы на справядлівы суд, выказванне свайго меркавання і права не падвяргацца адвольнаму затрыманню. Беларускія судовыя інстанцыі, у тым ліку Вярхоўны Суд, паверылі міліцыянтам, паставіўшы пад сумнеў заключэнне лекараў аб тым, што пацярпелы пасля выдалення часткі лёгкага не мог крычаць. Міліцыянты сцвярджалі ў судзе, што выразна чулі як Казлоў гучна лаяўся.

Па словах праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які займаецца гэтай справай у КПЧ ААН, беларускія ўлады пакінулі без каментара довады ў скарзе, чаму і з якой мэтай прадстаўніка прафсаюзу арыштавалі напярэдадні мірнага сходу.

Праходзіць жа пракурорскія інстанцыі, як пра гэта заявіў беларускі бок, КПЧ ААН не патрабуе.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!