Дзень народзінаў за кратамі: «Мужны наш Сцяпан!»

Сцяпан Латыпаў за кратамі ад 15 верасня. Арбарыст і дырэктар кампаніі «Беларбо», жыхар дома каля «Плошчы Перамен» быў затрыманы ў двары дома амапаўцамі толькі за тое, што ён запытаўся, навошта яны знішчаюць мурал.

У Сцяпана 11 красавіка — дзень народзінаў. Але апошнім часам лісты да яго сталі затрымліваць і перадаваць толькі асобныя з іх. Напэўна, каб склалася ўражанне, што пра яго ўсе забыліся. Але сотні людзей пішуць Сцяпану. Мы сабралі толькі некаторыя з лістоў.

Рэдакцыя НЧ віншуе Сцяпана Латыпава з днём народзінаў. І верыць у хуткую сустрэчу на волі. А пакуль пачытайце, што пішуць яму знаёмыя і незнаёмыя людзі.

Сцяпан, дарагі, абдымаю вас моцна! Хоць асабіста мы не знаёмыя, але, як быццам знаёмыя)) Такія мужчыны, як вы, — гонар беларусаў. Не ўяўляю, як вам цяжка цяпер, дасылаю флюіды дабра і веры. І дакладна ведаю: хутка ўсё будзе вельмі добра=) Мы з вамі! Дзякуй вам!
Наталля Максімава

Дарагі наш чалавек! Мужны наш Сцяпан! Ганаруся тым, што жыву з вамі ў адным горадзе! Я таксама шмат разоў пераглядала той ролік, дзе вы спакойна і ўпэўнена настойваеце на выкананні закона! І як няёмка тым, хто яго парушае! Вы вельмі смелы! І такіх большасць! Сумленных і смелых! Таму што яны — на баку дабра і праўды! І тое, што адбываецца за спінай народа, адбываецца на вачах у Бога!
Вольга Шкор

Пішу Вам, а ў думках абдымаю ўсіх сапраўдных беларусаў, якія побач з вамі! Усяго некалькі хвілін відэа, а вы — родны і блізкі! І радасць ад таго, што гонар, годнасць, сумленне, мужнасць — гэта не проста назоўнікі са слоўніка, а сутнасць беларуса. Дзякуй вам за веру і надзею: жыў беларус і будзе жыць!
Ірына Белавусава

Я пісала вам некалькі лістоў. На жаль, адказу ні разу не атрымала. Я захапляюся вамі і іншымі такімі ж беларусамі. Вельмі сумна, што краіна пусцее на лепшых: адны з’язджаюць у эміграцыю, іншых ізалююць унутры. Мы верым і спадзяемся, што муры разбурацца. На жаль, не ўсё так проста, але дарогу здужае той, хто ідзе. Іншае страшна ўявіць нават.

Трымайцеся, калі ласка, беражыце сябе, падтрымлівайце калегаў па няшчасці.
Вы, напэўна, чулі, што думка матэрыяльная? Пасыл ужо запушчаны, працэс на шляху.
Таццяна Сафонава

Мяне клічуць Вера і я мару пазнаёміцца з вамі асабіста. Хочам з мужам запрасіць вас да нас на лецішча і размаўляць пра добрае ўсе выходныя, шпацыраваць па лесе, абавязкова лазеньку затопім... абдымаю вас моцна, малюся пра здароўе і пра хуткае вызваленне. Дабро перамагае зло!!!

Не было і дня, каб я не ўзгадала пра вас, не падумала, як вашы справы і здароўе.

Я жыву ў раёне Лебядзіны, і ў нас вельмі не хапае зеляніны, дрэў. Кожны дзень, калі выгульваю свайго карлікавага пудзеля, звяртаю ўвагу, што тыя кволыя дрэўцы, якія высаджаныя ў нашым раёне, пашкоджаныя нейкім зялёным ці то мохам, ці то цвіллю. І думаю я, што ёсць такі выдатны, неабыякавы спецыяліст — Сцяпан Латыпаў, які мог бы ратаваць дрэвы і рабіць нашу планету яшчэ выдатнейшай. Але чамусьці, па чыёйсьці злой волі, гэты прафесіянал знаходзіцца ў турме не зразумела за што. Мне вельмі хочацца, каб вы як мага хутчэй вызваліліся, змаглі займацца любімай справай, проста працягваць жыць і будаваць планы. Мне вельмі добра знаёмы ваш двор «Плошча пераменаў». Я доўгія гады жыла ў гэтым раёне. Там жылі мае знаёмыя, аднакласнікі, ды і проста ў «Гіпа» хадзіла па пакупкі. Мой сын хадзіў гуляць у футбол і ў Кіеўскім скверы, і на школьным стадыёне. Свет цесны!!! Калі ласка, беражыце сябе!!! Вы ў нашых сэрцах. Няхай Гасподзь Бог дапаможа вам справіцца з усімі выпрабаваннямі і нягодамі. Вы годны чалавек. Дзякуй вашым бацькам, што заклалі ў вас усё лепшае, чалавечае.
Сцяпанава Марына Мікалаеўна

Хачу перадаць вам прывітанне ад усёй нашай сям’і. Шмат чаго здарылася і, хутчэй за ўсё, яшчэ здарыцца. Але мы ўсе будзем вельмі старацца дзеля ўсіх вас. Мы вас вельмі чакаем. Хутка вясна, і пасля доўгай зімы дрэвам вельмі патрэбна ваша дапамога і клопат. Мы ўдзячныя вам за тое, што вы зрабілі дзеля сваіх суседзяў, а значыць — і для ўсіх нас. Так шмат цудоўных людзей, аказваецца, жыве зусім побач з намі. Трэба было толькі выйсці на двор.

Ведайце, што ў вас дзесьці ёсць сябры. Вы яшчэ не ведаеце, а мы ўжо ёсць.

Дзякуй вам велізарны.
Ашмян Віялета Уладзіміраўна

Пішу вам з Італіі. Здавалася б, чаго б нам тут перажываць, бо «нас і тут нядрэнна кормяць», як казаў персанаж аднаго мульціка, які я любіла глядзець у дзяцінстве і які вы, напэўна, таксама памятаеце. Але немагчыма заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца з вамі, нашымі дарагімі, нашымі мужнымі суайчыннікамі. Вельмі хачу, каб вы адчулі часцінку нашай цеплыні. Мы памятаем пра вас, вы не адны!!! Хоць мы і далёка, але ў думках мы з вамі. Пачынаючы з мінулага лета мы жывем у сімбіёзе з тэлефонам, мы жывем навінамі пра тое, што адбываецца на нашай Радзіме. Я нават за мясцовымі навінамі амаль не сачу. Ды і што за імі сачыць? Увесь час адно і тое ж: ужо год як каранцін, але ўсё гэта робіцца цьмяным на фоне беларускіх падзей. А яшчэ гэтыя навіны з палёў нашай Радзімы нас вельмі матывуюць. Мы робім усё, што толькі можам, каб унесці ўклад у нашу агульную справу. Калі-небудзь я напішу пра гэта кнігу. Вы вельмі мужны чалавек, я шчыра і глыбока вамі захапляюся! Вы прыклад для ўсіх нас.
Моцна вас абдымаю.
Кацярына

Адрас для лістоў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Латыпаву Сцяпану Сяргеевічу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: