«Мы акрыленыя смакам свабоды, яны прыбітыя страхам страціць пасаду»

Яраслаў Раманчук на сваёй старонцы ў Фэйсбуку разважае пра тое, што адбываецца ў краіне і параўноўваее працэс сталення беларускай нацыі са саспяваннем каштанаў.

"Мы сталі іншымі — яны не змяніліся.

Мы паспелі і вылезлі са шкарлупіны — яны засталіся за забралам саўка.

Мы прапусцілі праз сябе боль і прыніжэнне, яны — замацаваліся ў хлусні і крывадушнасці.

Мы ўсвядомілі каштоўнасць незалежнасці духу, яны не ўяўляюць жыццё без падпарадкавання і закабалення.

Мы сталі вітацца з суседзямі, частаваць адзін аднаго ўсмешкамі, яны — скурчыліся, акрысіліся і атачылі сябе штыкамі.

Мы акрыленыя смакам свабоды, яны прыбітыя страхам страціць пасаду.

Мы матываваныя пачуццём справядлівасці, імі рухае прага ўлады.

Мы патрабуем праўды і права, яны нападаюць фэйкамі і паходнямі.

Мы хочам будаваць краіну для жыцця людзей, яны абараняюць наменклатурна-сілавы эксклюзіў.

Мы спяваем " Жыве Беларусь!", яны жуюць савецкую папсу.

Каштан сучаснай беларускай нацыі паспеў. Або блізкі да таго. Каштан як вынік духоўнага росту на дрэве жыцця, як прадукт супярэчлівай эпохі, як плод адзінства мільёнаў сумленных, адказных, пасіянарных людзей.

Адны кажуць, што ўжо раскрыўся, расправіў плечы. Што нас ужо не спыніць.

Іншыя пераконваюць, што яшчэ неа, што не прайшлі мы яшчэ Горан гісторыі, выпрабаванні цяжкасцямі. Маўляў, мы яшчэ не выйгралі дастатковую колькасць бітваў. Не факт, што каштан ўпадзе на ўрадлівую глебу. Яшчэ рэальная пагроза, што ўсё дрэва могуць ссекчы.

Занадта многія ўсё яшчэ разлічваюць цягаць каштаны з агню чужымі рукамі.

Час пакажа. Я веру ў нашу перамогу, таму што такой колькасці народных герояў, якія выступілі за нашу і вашу свабоду, наша краіна яшчэ не ведала. Пераможа народны каштан, а не наменклатурна-сілавы шайтан.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: