Ці гатовыя мы да барацьбы за незалежнасць?

Галоўным вынікам мінулага тыдня, безумоўна, была безвыніковасць. Лукашэнка і Пуцін, паразмаўляўшы пяць з паловаю гадзін, так і не прыйшлі да нейкай пэўнай высновы. Спрэчныя пытанні інтэграцыі засталіся няўзгодненымі. І, адпаведна, 8 снежня, у 20-ю гадавіну стварэння «Саюзнай дзяржавы», нічога падпісана не было.


З таго, што вядома, — так і не ўзгодненыя 8 дарожных картаў з 31-й. Але гэта насцярожвае, таму што зместу ўзгодненых 23-х мы дасюль не ведаем. Відавочна, што расійскі бок не пагадзіўся на «роўныя ўмовы гаспадарання» беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў, на чым перад пачаткам сустрэчы настойваў Лукашэнка.

Магчыма, не падпісалі чарговыя ўмовы пастаўкі ў Беларусь нафты і газу. Але гэтая сітуацыя нам даволі звыклая — ужо не першы раз бакі падпісваюць энергетычныя дамовы ледзь не пад «бой курантаў». Тут нічога дзіўнага няма.

Наступны раўнд перамоваў запланаваны на 20 снежня. Грамадзянская супольнасць у гэты дзень рыхтуе акцыі ў абарону незалежнасці.

Між тым, ужо зараз вядома, што і 20-м снежня перамоўныя бакі не абмяжуюцца. Гандаль ідзе даволі сур’ёзны. 10 снежня Лукашэнка паразмаўляў па тэлефоне з расійскім прэм’ерам Дзмітрыем Мядзведзевым. «Бакі абмеркавалі вынікі праведзеных 7 снежня ў Сочы беларуска-расійскіх перамоваў, далейшую працу па напаўненні інтэграцыйнага парадку дня, развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, зняцці праблемных пытанняў у гэтай сферы. Лукашэнка і Мядзведзеў дамовіліся аб працягу кантактаў, каб да новага года зверыць гадзіннікі па адпаведнай праблематыцы», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка Беларусі.

Галоўнае ж у гэтым паведамленні — тое, што па заканчэнні размовы Аляксандр Рыгоравіч даў даручэнне кіраўніку сваёй адміністрацыі «знайсці ў графіку час для візіту расійскага прэм’ера ў Беларусь пасля 20 снежня і асабістай сустрэчы з Мядзведзевым». То-бок, на вырашэнне праблемаў з Пуціным 20 снежня беларускі правадыр не спадзяецца.

Больш за тое, Лукашэнка не выключыў, што «магчыма, яшчэ прыйдзецца пасля 20-га сустрэцца і з кіраўніком Расіі, каб ужо канчаткова расставіць кропкі над «i» па найважнейшых пытаннях функцыянавання дзвюх дзяржаў і, галоўнае, нашых эканомік».

Такія дваістыя фармулёўкі можна ўспрымаць па-рознаму. З аднаго боку, можна палічыць, што кіраўнік краіны асэнсаваў умовы, выкладзеныя яму Пуціным за пяцігадзінную размову, і вырашыў, што ён можа прапанаваць і чым ахвяраваць. З іншага — ён сам не верыць у «канчатковае яднанне» і не збіраецца такога дапускаць. Інакш бы размова не ішла пра «функцыянаванне дзвюх дзяржаў і, галоўнае, нашых эканомік». Ключавое слова тут — «дзвюх».

А значыць, беларускай дэмакратычнай супольнасці прый­дзецца рыхтавацца да працяглай барацьбы за незалежнасць і суверэнітэт па ўсіх франтах. Можна сказаць, што яна выйграла першы бой акцыямі 7 і 8 снежня: відавочна, інфармацыйныя рэсурсы нашай «саюзніцы» такога не чакалі. А цьмяны тэлеграм-канал «Пул Першага» і ўвогуле паспрабаваў прадставіць масавыя гулянні апазіцыі ў Мінску як «акцыі ў падтрымку інтэграцыі». Але такая нахабная хлусня нікога не ўразіла.

Разгубленасць расійскіх СМІ можна зразумець: яны трапілі ў «прапагандысцкую пастку». Напярэдадні перамоваў Лукашэнкі і Пуціна яны стваралі прыгожыя паветраныя замкі, публікавалі «сацапытанні», па якіх ледзь­ве не 90% беларусаў чакаюць расіянаў з шырокімі абдымкамі і братнімі пацалункамі. І так гэтым захапляліся, што самі ў тое паверылі. А ў выніку аказалася, што Мінск выходзіць на відовішчныя несанкцыянаваныя акцыі, толькі б не яднацца з усходнім партнёрам.

Але і гэта яшчэ не ўсё. Расійскі тэлеграм-канал з яскравай назвай «Сярпом па», заўважыў іншае. Паводле яго, анідзе не было акцый у падтрымку ўключэння Беларусі ў склад Расіі. «Не тое, што масавых акцый, наогул ніякіх — нават адзіночных пікетаў. Не знайшлося ў Расіі ніводнага дзівака, які б выйшаў да Крамля з плакатам пра неабходнасць стварэння «саюзнай дзяржавы»… Можна сказаць, што ў адказны момант народ Расіі прызнаў незалежнасць Беларусі, на яе не замахваецца», — было зазначана па выніках выходных.

Такім чынам, барацьба за незалежнасць будзе працягвацца. Але, насамрэч, палягаць яна будзе не толькі ў відовішчных пратэстах. Яна будзе іншай, і вельмі цяжкай.

Пра гэта на бізнес-партале officelife выдатна напісаў эканаміст Леанід Фрыдкін. Зразумела, зазначае ён, па беларускіх мерках, выйсці на акцыю пратэсту, тым больш несанкцыянаваную, — учынак. Але колькі набярэцца тых, хто гатовы трываць эканамічнае бязладдзе некалькі гадоў дзеля суверэнітэту краіны?

Падаражэюць бензін і камуналка. Усякія рос-за-ўсім-нагляды раптам стануць выяўляюць у беларускіх таварах невядома што, але безумоўна шкоднае, «дочкі» расійскіх банкаў пачнуць сінхронна гуляць на паніжэнне беларускага рубля, а ў транзітных грузах, якія дастаўляюцца беларускімі перавозчыкамі, расійскія мытнікі будуць па тры тыдні шукаць кантрабанду. «Вось тут і пачнецца сапраўднае выпрабаванне “на незалежнасць”. Ці гатовыя мы пражыць хоць адну халодную зіму, як калісьці нашы суседзі? Ці хопіць нам сілаў на жывы ланцуг паўсядзённых прац і цярплівасці дзеля ўмацавання суверэнітэту ва ўмовах сусветных цэн на энерганосьбіты і структурнай перабудовы эканомікі? Ці хо­піць ва ўладаў мужнасці на гэтую перабудову, або яна працягне дурыць галовы сабе і нам казкамі аб павышэнні эфектыўнасці дзяржсектара і ўмацаванні дысцыпліны?» — піша Фрыдкін.

Адзінае, што можна знайсці ў гэтай сітуацыі ў падтрымку саміх сябе, сказаў мне неяк мой украінскі сябра Дзмітро Крапівенка. Ужо пасля Крыму і Данбасу, нягледзячы на вайну, на абвал эканомікі, ён заўважыў: «Ніводная краіна, якая адарвалася ад Расіі, не пашкадавала пра гэта».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: