«Мы можам і раззлавацца!». Жыхары Бараўлянаў працягваюць змаганне за лес

Жыхары Бараўлянаў ужо тры гады адстойваюць лясны масіў у сваім пасёлку. У разгар каронавіруснай эпідэміі ўлады «пад шумок» паспрабавалі ізноў высекчы дрэвы і нават паставілі плот. Што з гэтага атрымалася высвятляў на месцы падзеяў наш карэспандэнт.


Змаганне ў Бараўлянах мае доўгую гісторыю. Каб абараніць свой утульны кавалачак лесу ад высечкі ўладамі, мясцовыя жыхары ладзілі арт-фестываль, звярталіся да «апазіцыйных» дэпутатаў, пісалі процьму скаргаў, спрабавалі адклікаць дэпутатаў і нават ставілі намётавы лагер.

«Мы пайшлі не з віламі, а з малюнкамі»


У сярэдзіне сакавіка супрацьстаянне выйшла на новы віток. Будаўнікі паставілі плот вакол лесу. Жыхары расцанілі гэта як спробу перакрэсліць усе іхнія дасягненні і ўсё ж вырубіць лес.

«Як ціха стала — адразу з'явіўся плот, — кажа мясцовая жыхарка Марына. — Нашая задача была — не даць гэтаму замацавацца. Мы адразу звярнуліся ў СМІ. Каб была інфармацыйная нагода — на плоце зрабілі выставу. Зараз усе хварэюць. Усе па дамах. Дзеці ёсць і малююць яны — дай Божа! Быў Дзень Зямлі, а потым Пасха. І ўсё гэта было адлюстравана на дзіцячых малюнках. І атрымалася так цудоўна! Мы ж не з віламі пайшлі — мы з малюнкамі... І ў выніку плот яны прыбралі».

 — Прыязджала «СБ. Беларусь Сегодня» і тры дні здымала рэпартаж, — кажа Марына. — Што атрымалася — ну, проста скаргу нейкую трэба пісаць. Гэта проста абраза для нас! У СБ напісалі: маўляў, яны жывуць у лесе (гэта пра некалькі катэджаў мясцовых жыхароў), а дзецям таксама патрэбны лес.

Але вы падумайце: хіба гэтыя людзі прыйшлі і лес знішчылі? Не, сельсавет знішчыў гэты лес, а толькі пасля людзі купілі гэтую зямлю! Дык што ж яны пераварочваюць? Акрамя таго, у 1960-я там дзе стаяць катэджы, лесу не было ўвогуле — у нас ёсць гэтыя фота.

Падобна на тое, што такім чынам праз дзяржаўныя СМІ спрабуюць стварыць штучны канфлікт: між тымі, хто жыве наўкол лесу, і тымі, хто ў свой час ужо паспеў пабудаваць катэджы ў ім.


— Мы не супраць сада і школы, — дадае Марына. — Мы разумеем, што дзяцей шмат. Але і дыхаць трэба. Дык каб дыхаць, трэба захаваць лес! І той сад са школай пабудаваць на вольнай прасторы і бліжэй да шматкватэрных дамоў, каб забяспечыць крокавую даступнасць да дому. Месца для будоўлі тут і так хапае — у дзяржавы, ці асобных людзей з яе, ёсць вялікія планы на гэтае месца. І мы не разумеем, чаму для таго, каб будаваць сады і школы, трэба вынішчаць лес!

Аднак аказалася, што можна забудоўшчыку, нельга грамадзянам. Жыхары Бараўлянаў неаднаразова спрабавалі самастойна добраўладкаваць свой мікрараён. Аднак улады змагаюцца з іх ініцыятывай з імпэтам, вартым лепшага прымянення...

— Мы ва ўсіх лістах даводзілі, што гатовыя за свае грошы зрабіць тут парк і зону адпачынку, пляцоўкі, — кажа мясцовы жыхар Андрэй. — Гэта было яшчэ да таго, як спрабавалі высякаць лес. Нам заўсёды давалі адмовы! Мы саджалі дрэвы па перыметру — усё гэта змяталася пад нуль. Абгрунтоўвалі тым, што ўсё тут мусіць быць чыста, а таксама пажарнай бяспекай.



Рэпрэсіі і пераселены жук


Пераслед напаткаў нават некалькіх мясцовых жыхароў, якія прыйшлі на стрым блогера Ціханоўскага — расказаць аб сваёй праблеме. Пасля стрыму да ягоных удзельнікаў пачаліся званкі з міліцыі — іх хацелі судзіць за адміністрацыйнае правапарушэнне.

Пытанне, хіба нельга пабудаваць школу ў нейкім іншым месцы, сапраўды, павісае ў паветры. Мала таго, што супраць будоўлі мясцовыя жыхары сабралі 6,5 тысяч подпісаў, месца было афіцыйна прызнана ў якасці ўнікальнай экасістэмы, у якой жыве грыб «Спарасіс курчавы», жук борас Шнайдэра і лілея кудраватая. Усе тры віды — чырвонакніжныя.


— Мы на ўсіх іх пашпарты аформілі праз Акадэмію Навук. Тады прыехалі нейкія і сказалі што іх перасялілі! — кажа Марына. — І нам на гэты конт афіцыйны адказ прыйшоў. Жука перасялілі з карой разам! Аднак у яго ж ёсць этапы: кукалка і іншыя. І што тут цэлая ўнікальная экасістэма — гэта нікога не хвалюе...

Пакуль лес стаіць, але улады не даюць мясцовым жыхарам расслабіцца.

— Магчыма, вырашылі не злаваць людзей перад выбарамі, — дадае Марына. — Пакуль лес стаіць. Мы не хочам вайны. Мы хочам тут жыць, і каб лес быў вакол. Няхай будуюцца дамы і сады — але наўкол. Калі б не нашыя дзеянні — усё б гэта павысякалі. І мы гэта разумеем і таму дзейнічаем. Навошта гэта рабіць? Мы ж можам і раззлавацца!

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі юрыста грамадскай арганізацыі «Экадом» Рыгора Фёдарава.

— Гэты канфлікт у сферы гарадской забудовы з'яўляецца прамым наступствам ранейшых парушэнняў нормаў у сферы гарадской забудовы, факт якіх цалкам прызнаецца сённяшнімі чыноўнікамі. Аб гэтым была размова ў тым ліку і падчас сходаў у межах грамадскіх абмеркаванняў як дададзенага праекта школы і дзіцячага садку, так і генплана Бараўлянаў.

Парушэнні мелі месца 5-10 год таму і заключаліся ў незаконным (на той момант) узвядзенні жылых шматкватэрных дамоў на зямельных участках, якія былі назначаныя для будаўніцтва аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Пазней дадзеныя парушэнні былі легалізаваныя пры абнаўленні дакументацыі аб забудове, бо зносіць хай і не зусім законна ўзведзеныя, але ўсё ж дарагія высоткі ў нашай краіне не прынята.
У выніку зямельных участкаў для ўзвядзення школы і дзіцячага садку засталося няшмат.

Было б па-чалавечы справядліва перадаць пад школу зямельны ўчастак не з ляснога фонду. Аднак на практыцы танней і прасцей узгадніць пад забудову перавод земляў ляснога фонду, чым «зменшыць апетыты» камерцыйных забудоўшчыкаў па суседству.

Трэба аддаць належнае: пасля выяўлення на ўчастку відаў з Чырвонай кнігі былі праведзеныя навуковыя даследаванні, арганізаваная ацэнка ўздзеяння праекта на навакольнае асяроддзе, выдзеленыя сродкі на перасяленне «чырвонакніжнікаў». Але адшукаць пад праект школы іншы ўчастак улады адмаўляюцца.

Паўтаруся, асноўнай праблемай тут з'яўляецца параўнальная таннасць засваення ўчасткаў, занятых зялёнымі насаджэннямі. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: