«Мы настолькі патанулі ў хлусні, што забылі, як выглядае праўда»

У ноч з 12 на 13 жніўня масава выпускалі затрыманых з ізалятара на Акрэсціна. Валанцёры, якія дзяжурылі ўначы, паведамілі, што затрыманыя выбегалі збітыя і напужаныя, а ва ўнутраным дворыку чуліся мужчынскія стогны. «Новы Час» правёў дзень з людзьмі, якія дзяжураць у скверы перад ізалятарам часовага ўтрымання.

Затрыманых пачалі выпускаць з ізалятара з дзвюх гадзін ночы да паловы на шостую раніцы. Дзяўчына Алеся, якую саму затрымалі 9 жніўня, а праз суткі выпусцілі, дзяжурыла на Акрэсціна ўначы, бо за кратамі застаўся яе хлопец. «Я паставіла будзільнік на палову на трэцюю ночы сёння. Прачнулася, зайшла ў чат, а там напісалі, што людзей пачалі вызваляць, — распавядае дзяўчына. — Я хутка сабралася і прыехала сюды. Валанцёры і людзі, якія дзяжурылі тут, ужо хаваліся па дварах, бо выйшлі амапаўцы са зброяй і шчытамі. Праз плот даносіліся стогны і крыкі. Калі затрыманых выпусцілі, у мяне склалася такое адчуванне, што яны не разумелі нават, дзе знаходзяцца. Іх выпусцілі без абутку, без шнуркоў, некаторых — без вопраткі. Яны выбеглі ўсе і разляцеліся хто куды, мы намагаліся іх спыніць, але яны баяліся нас, баяліся папіць вады».

Алеся кажа, што перад тым, як адпусціць, людзей моцна збівалі. «Аднаго мужчыну настолькі збілі, што ён дабег да нас і паваліўся ў прыпадках, пачаў сінець. Мы выклікалі хуткую». Толькі сёння Алеся даведалася, што яе хлопца ўжо судзілі. Але дзе ён — яна не ведае.


Муж Антаніны знік увечары 10 жніўня. Ён з братам катаўся на роварах каля «Рыгі», бо недалёка адзін ад аднаго жывуць. «Звычайна каля 22 гадзіны муж вяртаецца дадому, — распавядае Антаніна. — Калі не вярнуўся, стала яму тэлефанаваць. Спачатку званок скідвалі, пасля не падымалі, а потым ён стаў недасяжны. Я патэлефанавала ў «Вясну», усё распавяла. Супрацоўнік сказаў, што гэта падобна на затрыманне, прапанаваў абзваніць РАУСы. Зранку я ўжо патэлефанавала ў 102, напісала заяву з прычыны знікнення мужа. Пасля гэтага мне патэлефанаваў участковы з Савецкага РАУСа і сказаў, што мая заява прынята і папрасіў мяне перадаваць усе спісы, якія ў мяне будуць. Зніклых людзей вельмі шмат, ён не спраўляецца: дазваніцца ў ЦІП ён не можа. Міліцыянты самі не атрымліваць ніякай інфармацыі. Мы вымушаны спадзявацца толькі на дапамогу валанцёраў».

Антаніна мае вялікую колькасць падпісантаў на Фэйсбуку, таму адразу напісала пост пра тое, што адбылося ў яе сям’і, і стала даваць параду тым, у каго зніклі блізкія. Яна раіць усім пісаць заяву ў міліцыю. Участковы сказаў, што праз тэлефон вызначылі месцазнаходжанне мужа: завулак Акрэсціна. Антаніна зрабіла выснову, што муж знаходзіцца тут. «У тэлеграм-каналах ёсць формы якія трэба запаўняць, — тлумачыць Антаніна. — Калі нават нехта не змог прыехаць сюды, валанцёры выкладаюць спісы затрыманых і ў чат».


Валанцёрка Алена — самы галоўны чалавек і самая вялікая надзея блізкіх затрыманых. Менавіта яна вядзе так званыя перамовы з ІЧУ. Родныя ўносяць прозвішчы затрыманых у спісы, а Алена падае іх у ІЧУ. Там пазначаюць людзей, якія тут утрымліваюцца. Калі чалавека не пазначылі, значыць ён або ў ЦІПе, або ў Жодзіне. Спісы аддаюць невялікімі «порцыямі»: толькі на адно-два прозвішчы адгукаюцца блізкія.

— А астатнія? — у надзеі пытаюцца з натоўпу.
— А пра астатніх зараз пайду дамаўляцца.

Праз хвілін 20 Лена прыносіць новыя спісы. І зноў маладыя і сталыя людзі абступаюць Лену. Яна, зачытаўшы новыя прозвішчы, прапануе пісаць актуальныя пытанні таксама ў спіс, якія зноўку будзе перадаваць у ІЧУ. А пасля кажа, што перадачы сёння прымаць не будуць. Чуецца плач, бо сярод затрыманых ёсць людзі і з хранічнымі захворваннямі, і з групамі інваліднасці. Адной сталай жанчыне стала кепска, бо ў ІЧУ яе ўнук з эпілепсіяй. Людзі пачалі ўгаворваць не плакаць, бо «яны» не павінны радавацца, бо «яны» толькі гэтага і чакаюць.


У той жа час Раіса, у якой знікла дачка, не прымала такія аргументы: «Мы плачам па сваіх дзецях! Мы вучымся ненавідзець. Я падышла да аднаго амапаўца і спытала: «У цябе ёсць мама? Я таксама мама, і мы плачам гэтыя тры дні!»

Па дарозе каля скверу пачалі выязджаць аўтазакі з затрыманымі, якіх хутчэй за ўсё перавозяць у ізалятар у Жодзіна.

Людзі сталі пляскаць і крычаць. Але валанцёры досыць рэзка супакойвалі: затрыманых за такую рэакцыю блізкіх збіваюць. Валанцёрка Таня папрасіла, каб людзі, далучыўшыся ў чаты ў тэлеграм-каналах, уважліва прачыталі правілы і не парушалі іх, стоячы калі ізалятара. Адна жанчына распавядае, што яе сына выпусцілі. Яна ўдзячна лёсу, што ён быў не на Акрэсціна. Па яе словах, там да затрыманых ставяцца нашмат лепей. «Тут сапраўднае пекла», — сказала яна.

Ала Іванаўна стаіць каля ізалятара ўжо трэці дзень. Яна з тых сталых людзей, хто не мае інтэрнэту, а смартфон у людзей называе «вялікім тэлефонам».


 Яе трыццаціпяцігадовы сын знік у панядзелак увечары. Ён сказаў, што пойдзе ў госці да сябра. Ала Іванаўна прачнулася пасярод ночы і пабачыла, што ён дадому не вярнуўся: «Што мне было рабіць? Я падумала, што ў цэнтры (жанчына жыве ў Заводскім раёне — аўт.) мне змогуць дапамагчы. Я паехала на Кастрычніцкую плошчу. На выхадзе з метро стаяла моладзь, я запытала, што мне рабіць, калі знік сын. Яны параілі мне звярнуцца ў міліцыю. У РАУСе мне нічога не сказалі, але там стаяла пара, якая вырашыла ехаць і шукаць затрыманага на Акрэсціна. Я папрасілася з імі. Так я і даведалася, што ёсць такі ізалятар у Мінску».


Нехта стаіць каля дарогі і выкрыквае: «Хуткая!». Людзі бягуць да машыны хуткай дапамогі, спыняюць яе. Такім чынам, яны просяць урача даведацца прозвішчы тых людзей, якім стала кепска. На гэта ў іх ёсць паўхвіліны. Людзі ўкідваюць ў машыну ваду, печыва, бананы са спадзевам, што ў доктаркі атрымаецца нейкім чынам перадаць гэта затрыманым.


Тамара Міхайлаўна стаіць каля дарогі і чакае, пакуль машына хуткай дапамогі вернецца назад, каб спытаць: ці не яе нявестку яны забралі. У нявестцы — 3 група інваліднасці, ёй штодня патрэбны лекі, якія не прымаюць. Тамара Міхайлаўна кажа, што дакладна ведае, што яна тут: сыну пра гэта паведамілі ў РАУСе. Сын дзяжурыў цэлую ноч, дапамагаў валанцёрам. «Я дзяжурыла тут учора, пастаянна пытала ў дактароў хуткай дапамогі, каго яны забіраюць з ізалятара. У асноўным, гэта былі тыя, у каго цукровы дыябет».

Тамара Міхайлаўна тут ужо свая: не плача, але не разумее, як так можна ставіцца да людзей. А пасля сама знайшла гэтаму тлумачэнне: «Мы настолькі патанулі ў хлусні, што забылі, як выглядае праўда».

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: