Мы не хацелі крыві. Алексіевіч пра падзеі ў Мінску праз год

У Берліне на фестывалі «Radar Ost» паказалі спектакль па кнізе Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». Нобелеўская лаўрэатка пасля прэм'еры падзялілася думкамі пра сітуацыю ў Беларусі год таму.

Святлана Алексіевіч (у цэнтры) падчас дыскусіі пасля прэм

Святлана Алексіевіч (у цэнтры) падчас дыскусіі пасля прэм'еры спектакля паводле яе рамана «Цынкавыя хлопчыкі» ў нямецкім тэатры


Паўзмрок у зале, на сцэне сямёра акцёраў, усе ў чорным. Яны... чытаюць. Чытаюць тэкст, які яго аўтар, літоўскі драматург Марус Івашкявічус, назваў «сцэнічнай фантазіяй» — свайго роду тэатр ля мікрафона, у якім гледачам трэба самім дадумваць тое, што яны чуюць. А яны чуюць пра кроў, смерць і каханне.

Руская назва пастаноўкі перакладзена як «Обморок», але на нямецкай яна гучыць страшней — «Ohnmacht», гэта значыць «бяссілле». Сюжэт заснаваны на дакументальным рамане «Цынкавыя хлопчыкі», напісаным Святланай Алексіевіч у канцы 1980-х пра вайну ў Афганістане. Літоўскі драматург пераказвае яго з пункту гледжання маці, якія страцілі сваіх сыноў. Гэта свайго роду антываенны маніфест па матывах падзей больш чым трыццацігадовай даўніны — раптам сталі актуальнымі.

Чытаюць акцёры настолькі пранізліва, што самі часам не могуць стрымаць эмоцый. Час ад часу яны змахваюць слёзы і перагортваюць старонкі. І так паўтары гадзіны.

Святлана Алексіевіч: год у Берліне

Зала нямецкага тэатра практычна поўная; прэм'ера пастаноўкі «Обморок» праходзіць у рамках чатырохдзённага палітычнага тэатральнага фестывалю «Radar Ost».

Калі ў зале загараецца святло, літоўскі драматург выходзіць на сцэну ў кампаніі з Алексіевіч. Беларуская пісьменніца вось ужо год у Берліне, летам яна атрымала ад прэзідэнта ФРГ ордэн «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія», але на публіцы яна з'яўляецца параўнальна рэдка. За прэм'ерай пастаноўкі на нямецкай мове ідзе дыскусія пра «мастацтва ў зоне рызыкі» — драматургі з Расіі, Беларусі, Украіны і Босніі і Герцагавіны разважаюць пра сваю творчасць на фоне геапалітычных узрушэнняў, войнаў і рэпрэсій.

Паводле слоў Святланы Алексіевіч, больш за год праз пасля пачатку масавых пратэстаў у Беларусі ёй час ад часу даводзіцца чуць папрокі ў тым, што «мы выбралі мірны варыянт» (Алексіевіч з'яўляецца сябрам Каардынацыйнай Рады беларускай апазіцыі. — Заўв. рэд.).

«Але я б не хацела паўтарэння трагедыі на плошчы Цяньаньмэнь (у чэрвені 1989 года кітайскія ўлады з выкарыстаннем арміі задушылі антыўрадавыя пратэсты ў Пекіне, у выніку чаго загінулі сотні людзей. —Заўв. рэд.) у Мінску, — кажа пісьменніца і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры. «Нам патрэбна іншая філасофія, нам трэба вызваліцца ад тэмы крыві, якая навісае над намі», — кажа Алексіевіч. Яна прызнаецца, што «разгубленая» і «няўпэўненая» — як і многія яе суайчыннікі — пад уражаннем ад бесперапынных рэпрэсій і арыштаў.

Літоўскі драматург пра «вакцыну пацыфізму»

Марус Івашкявічус падзякаваў Алексіевіч за магчымасць свабодна абыходзіцца з тэкстам «Цынкавых хлопчыкаў» для сваёй пастаноўкі — і назваў яе раманы найлепшай «вакцынай пацыфізму». Рэжысёр, паўжартам-паўсур'ёзна правёў аналогіі з пандэміяй каронавіруса і заўважыў, што калі б сусветныя фармацэўтычныя канцэрны распрацоўвалі вакцыну супраць войнаў, то яна б складалася з кніг беларускай пісьменніцы. «Калі 70 адсоткаў насельніцтва планеты прачытаюць кнігі Алексіевіч, усе войны скончацца», — кажа літоўскі рэжысёр. Яго пастаноўка па кнізе Алексіевіч прысвечаная не вайне ў Афганістане, а войнам наогул, дадае ён, таму што «з вайны не вяртаюцца — нават тыя, хто застаецца жывы і фізічна здаровы, маральна змяняюцца так, што няздольныя да мірнага жыцця».

Тэатральны фестываль «Radar Ost» праходзіць у Берліне ў чацвёрты раз. Яго куратар Біргіт Ленгерс (Birgit Lengers) кажа, што тэма Беларусі ў гэтым годзе напрошвалася сама сабой і што назва пастаноўкі «Ohnmacht» («Бяссілле») у пэўнай меры пераклікаецца і з успрыманнем сітуацыі ў рэспубліцы — што значыць чатырохдзённы тэатральны фестываль у Берліне на фоне падаўлення пратэстаў і бесперапынных рэпрэсій?

Мінулай восенню тэатр правёў акцыю салідарнасці з беларускімі акцёрамі, якія падвергліся пераследу за пратэсты супраць перавыбрання Лукашэнкі; сёлета Беларусь стала галоўнай тэмай тэатральнага фестывалю з палітычным кантэкстам «Radar Ost». І ўсё ж: «нямоглым» у нямецкім тэатры сябе ніхто не адчувае — як кажа Біргіт Ленгерс, «мы знаходзімся ў прывілеяванай сітуацыі — можам запрашаць беларускіх калег на падобныя фестывалі і тым самым падтрымліваць цікавасць СМІ да сітуацыі ў Беларусі. Бо вядома, наколькі хутка падобныя падзеі знікаюць з поля зроку мас-медыя».

Паводле слоў Святланы Алексіевіч, яе новая кніга будзе прысвечана рэвалюцыі. Яна кажа, што, па аналогіі з яе раманам «У вайны не жаночае аблічча», ёй прапануюць назваць новы праект ««У рэвалюцыі — жаночае аблічча», паколькі ўзначальвалі пратэсны рух у Беларусі жанчыны, ды і сярод удзельнікаў вулічных акцый пераважалі жанчыны. Але ўсё не так проста.

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры кажа, што адзін з яе герояў аб'яўляе, што не пойдзе на дэманстрацыю, таму што, маўляў, калі «ўжо ісці, то ісці са стрэльбай і браць пошту і тэлеграф».

Вось толькі сама пісьменніца не ўпэўненая, што гэта верны шлях.

Паводле яе слоў, ёй надаюць сіл выступу ў беларускіх судах маладых людзей, абвінавачаных ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. «Гэта ўзрушаюча моцныя людзі, і іх заключныя словы закахалі мяне ў свой народ, — кажа пісьменніца. — Апошняе слова ў судзе — гэта свайго роду цяпер новы літаратурны жанр».

Працу над сваёй новай кнігай яна разлічвае завяршыць да вясны.

Паводле dw.com.
Пераклад НЧ.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: