«Праз паўгадзіны вас выпусцім». Журналіст схадзіў на суд і стаў падазраваным па крымінальнай справе

Журналіст-фрылансер з Бярозаўкі Юрась Дзяшук расказаў, як яго затрымалі за працу падчас абвяшчэння прысуду актывісту Вітольду Ашурку. На вуліцы да яго падышлі людзі ў цывільным і прапанавалі пагаварыць па іншай справе.

«Нічога страшнага. Мы праз паўгадзіны вас выпусцім»

Дзешука затрымалі на вуліцы Бярозаўкі Лідзкага раёну 20 студзеня. Падышлі людзі ў цывільным, на ягоную просьбу паказалі міліцэйскія пасведчанні. Патлумачылі, што хочуць праехаць разам у Лідзкі РАУС і пагутарыць пра выпадак у Лідзкім раёне, калі невядомыя паклалі на рэйкі чыгункі бетонныя слупы.

«Нічога страшнага. Мы праз паўгадзіны вас выпусцім», — прыгадвае словы міліцыянтаў Дзяшук.

Аднак ён выйшаў толькі праз трое сутак у статусе падазраванага па іншай справе. Яго падазраюць у злосным хуліганстве (частка 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Нібыта Дзяшук разам з групай асобаў падчас агучвання прысуду Вітольду Ашурку 18 студзеня ў судзе Лідзкага раёну «груба парушаў грамадзкі парадак сваімі дзеяннямі, выкрыкваў цынічныя фразы». Па гэтым артыкуле прадугледжанае пакаранне да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Суд над Ашуркам праходзіў у закрытым рэжыме. Аднак на прысуд у апошні момант дазволілі прыйсці ўсім ахвотным. Сабралася каля 50 чалавек. Калі людзі пачулі, што Ашурку далі 5 гадоў калоніі, пачалі гукаць у судовай залі «Ганьба», «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».

«Здымаў відэа, каб маці паглядзела, што сын жывы, здаровы»

Юрась Дзяшук прыйшоў на суд як журналіст. Яго відаць са спіны на відэа Вольгі Быкоўскай, якое яна размясьціла ў сваім фэйсбуку. Юрась у правай частцы кадра ў бела-чырвоным шаліку здымае на відэа Вітольда, а таксама ўсё, што адбывалася ў залі пасля прысуду. Ён адмаўляе, што нешта выгукваў або неяк парушаў закон.

«Тых дзеянняў, якія мне інкрымінуюць, я не рабіў... Я проста здымаў на відэа. Падышоў да клеткі з Вітольдам. Адзінае, што я прамовіў у залі суду, гэта паклікаў Вітольда і сказаў яму словы падтрымкі, сказаў: «Вітольд, трымайся. Мы цябе дастанем». У гэты час людзі крычалі. Калі Вітольда выводзілі з клеткі, я яшчэ раз сказаў: «Вітольд, трымайся», — успамінае суразмоўца.

Дзяшук здымаў відэа не толькі для працы, але і сабе на памяць. Яны з Ашуркам добрыя прыяцелі.

«Вітольда на 5 гадоў пасадзілі. Невядома, калі ён выйдзе. Проста на памяць, каб зафіксаваць таго Вітольда, якога я ведаю зараз... Паказаць маме ягонай. Ёй 82 гады, каб яна паглядзела, што сын жывы, здаровы, што з ім усё ў парадку», — кажа Юрась.

На гутарцы ў РАУС пра бетонныя слупы на чыгунцы гаварылі толькі першыя паўгадзіны. Потым Дзешука перадалі іншым супрацоўнікам і пачалі яго дапытваць, ці мае ён дачыненне да справы аб хуліганстве ў судзе.

Журналіст мяркуе, што няма ніякіх доказаў яго віны. Ён бачыў, што двое міліцыянтаў з розных бакоў вялі відэаздымку, калі абвяшчалі прысуд Ашурку. Яму гэтых ролікаў не паказвалі. Аднак Дзяшук упэўнены, што на відэа відаць: у судзе ён не рабіў нічога супрацьзаконнага. Ён папрасіў далучыць да справы сваё відэа, якое здымаў у судзе.

Іншых падазраваных па справе ён не ведае.

«Мне сказаў следчы, што я адзін [падазраваны]», — узгадвае Юрась.

Як 20 студзеня каментаваў «Нашай Ніве» прадстаўнік МУС па Гродненскай вобласці Яўген Дудко, па выпадку на тым судзе затрымалі 8 чалавек, пяцярых з іх адпусьцілі без пратаколаў. Трох апытаных у межах крымінальнай справы таксама адпусцілі.

«Вітольд сказаў, што сёлета ўсе разам убачымся»

Сваякі здолелі перадаць Дзешуку ў ізалятар цёплыя рэчы і ежу. Сам ён кажа, што супрацоўнікі ІЧУ ставіліся да іх карэктна. Сядзеў у камеры 2,5×3,5 мэтра. Разам з ім былі яшчэ два «непалітычныя крымінальнікі». Пасцельную бялізну ім на 72 гадзіны не выдавалі, былі стары матрац, падушка і плед. Спалі ў адзенні, накрываліся курткамі. У маразы ў камеры было холадна, потым пацяплела. На прагулкі не выводзілі. Кармілі нармальна.

«Там, дзе ясі, там і ў туалет ходзіш», — кажа пра ўмовы Юрась.

Дзяшук даведаўся, што ў суседняй камеры перад этапам у Гродна сядзеў Вітольд Ашурак. Ім удалося паразмаўляць. Юрась расказаў прыяцелю пра тое, што адбывалася пасля прысуду, і пра сваё затрыманне. Вітольд тады пачаў хварэць, але запэўніў, што адчувае сябе нармальна.

«Ён перадаваў усім прывітаньне, сказаў, што сёлета ўсе разам убачымся», — пераказвае Дзяшук.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: