Мы падумалі: як гэта, калі твой блізкі чалавек — палітвязень? Калі рэжым забірае ў цябе сужэнца або сужэніцу, сына або сястру, яны церпяць праз несправядлівае абвінавачванне, а ты не здольны іх выратаваць? З нагоды арышту жонкі Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш кажа, што яму было б прасцей сядзець за кратамі самому. Зрэшты Кацярына перадала яму тое самае, калі праз адвакатку папрасіла з’ехаць за мяжу. За мяжу ён, вядома, не з’ехаў, а замест гэтага сканцэнтраваўся на інфармацыйнай кампаніі на знак падтрымання жонкі, балазе, абое — вядомыя журналістка і журналіст. Хутка пасля нашае сустрэчы яго таксама затрымалі.
Мы спаткаліся ў адной з менскіх кавярняў, таму што ўдома Ігар намагаўся захаваць усё так, як было да зняволення Кацярыны. Ішоў дзявяты дзень ейнае адсутнасці, і мой калега трымаўся за працоўную мітусню, хвалю салідарнасці і побытавыя клопаты, якіх у сваякоў зняволеных даволі.

Ігар Ільяш. Фота «Белсат».
«Я ўмею трымаць сябе ў руках і кантраляваць свае дзеянні, але мне таксама дапамагае, што я ўвесь час нечым займаюся. Было б цяжэй, калі б я нічога не рабіў і кожную хвіліну думаў пра гэтую несправядлівасць, пра тое, што мая жонка пазбаўленая волі проста так, пра тое, што яны спрабуюць разбурыць нашае жыццё», — казаў Ігар, пра нешта нават жартаваў і выглядаў цалкам ураўнаважаным. Выявілася, што, нават калі вы псіхалагічна гатовыя да такога развіцця падзей — а пара разумела, што іх могуць забраць у любы момант, — падрыхтавацца да зняволення каханага чалавека немагчыма.
Гэта было трэцяе затрыманне Кацярыны Андрэевай пасля выбараў. У жніўні яе «закрылі» на ноч, а ў верасні — на трое сутак. Ігар тады здолеў перадаць жонцы кнігу, а ў кнізе запіску — «Ноч найцямнейшая за ўсё перад світаннем, але світанне мы сустрэнем разам». Запіску чыталі ўсёй камерай.

Плошча перамен. Мінск, 15 лістапада. Фота АВ
Світанні сужэнцы сустракалі разам, пакуль 15 лістапада Кацярыну разам з аператаркай Дар’яй Чульцовай не схапілі, калі тыя рабілі для «Белсату» стрым з разгону плошчы Перамен. Амапаўцы проста ўварваліся ў кватэру, дзе тады былі дзяўчаты. Ужо 20 лістапада Кацярыне выставілі абвінавачванне паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу за быццам «арганізацыю і рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і арыштавалі на два месяцы.
Незадоўга да затрымання яна паведаміла мужу, што дрон — ён круціўся пад вокнамі — вылічыў іхнае месцазнаходжанне, і Ігар параіў тэрмінова шукаць іншую лакацыю і больш не выходзіць у эфір. Але Кацярына засталася там жа і наступным разам пазваніла ўжо тады, калі амапаўцы стаялі пад дзвярыма. Яна сказала, што ёй страшна, але Ігар пастараўся супакоіць жонку, бо быў упэўнены, што ламаць дзверы сілавікі не будуць, — так жа, як быў упэўнены, што Кацярына з Дар’яю перадыслакаваліся. Як потым расказаў гаспадар кватэры, амапаўцы толькі пагрукалі, тарганулі ручку пару разоў і адразу пачалі выбіваць дзверы.

Плошча перамен. Мінск, 15 лістапад. Фота ТК/Белсат

Кацярына Андрэева на судзе пасля затрымання ў Мінску 27 жніўня. Фота «Белсат».
Сваякі, сябры і калегі даўно намаўлялі сужэнцаў з’ехаць з краіны праз небяспеку, але пара пастанавіла працаваць, пакуль будзе магчымасць выконваць свае прафесійныя абавязкі. «У нас быў невялікі досвед эміграцыі, і нам не спадабалася. За мяжой асабіста я заўсёды прачынаўся з пытаннямі, дзе я і што тут раблю: я не разумеў, чаму жыву ў іншай краіне, калі ўсё маё жыццё, мая тоеснасць звязаныя з Беларуссю. І потым – мы з Кацяй усё ж журналісты: мы не можам з’ехаць у момант, калі ў краіне адбываюцца лёсавызначальныя падзеі, гэта было б здрадай прафесіі. Мы прайшлі вялікі шлях да таго, каб працаваць у такіх умовах».
Яшчэ ў ліпені пара напісала сваякам памятку, што рабіць, калі іх абодвух арыштуюць, — неабходныя кантакты, як сябе паводзіць і як камунікаваць з прэсай. Тады яшчэ ўяўлялася, што затрыманне журналіста будзе нечым выбуховым, але цяпер гэта сталася звычайнаю справаю.

Кацярына Андрэева. Фота «Белсат»
Некалькі дзён пасля затрымання Кацярыны Ігар правёў у сяброў: псіхалагічна прасцей, калі ты не адзін, да таго ж не было зразумела, ці збіраецца вяртацца Следчы камітэт. «Асабліва цяжкаю была першая ноч — я нават не заснуў, пры тым, што засынаю ў любой сітуацыі. Пад раніцу задрамаў на хвілін з дваццаць і прачнуўся са страшнай разгубленасцю ад думак, што адбываецца, дзе мая жонка і што цяпер з намі будзе». Ночы з таго моманту сталіся самым цяжкім часам: Ігар часта прачынаўся з пытаннем, дзе Каця, і думкаю, што, можа, усяго гэтага не было і яна цяпер недзе на кухні.
«У першыя дні пасля затрымання самым вялікім пачуццём была нянавісць да людзей, якія пазбавілі маю жонку волі. Але яна змешвалася з гонарам за яе — за тое, як яна трымаецца і які шлях як асоба яна прайшла за гады нашага знаёмства — гэта сапраўды «ўаў». Потым прыйшла вера ў сябе, у яе і ў тое, што мы пераможам».
Урэшце Ігар пастанавіў, што хавацца значна цяжэй — так застаецца шмат часу на думкі, якія разбураюць, — таму пачаў весці звычайнае жыццё. «Я вярнуўся ў нашую кватэру, і гэта быў яшчэ больш балючы момант: там усё нагадвае пра яе, пра нашыя дні разам, нашыя размовы ці сямейныя слоўкі. У гэтую ноч я не змог там заставацца і паехаў да сваякоў».

Ігар Ільяш. Фота «Белсат»
А калі ўсё ж вярнуўся дадому, свядома там нічога не чапаў: «Прыбрацца ў кватэры — значыць, зрабіць выгляд, што ўсё нармальна, а ўсё не нармальна. Мне прасцей думаць, што мы на вайне, чым вяртацца да звычайнага набору штодзённых дзеянняў».
Тым часам Кацярына праз адвакатку ды сукамерніц перадала мужу некалькі вестак, асабліва — што кахае яго і каб сябе бярог, бо ёй прасцей самой сядзець, чым ведаць, што за кратамі перабывае каханы чалавек. Яна нават здолела перадаць цыдулку сям’і: «Дарагая сям’я, я люблю вас, мы пераможам. Жыве Беларусь і я буду жыць. Ваша Каця».
Ігар жа змог напісаць першы ліст толькі праз тыдзень: «Лягчэй было перадаваць нешта праз адвакатку, бо гэта прадугледжвае часовасць таго, што мы не разам. А пісаць ліст было цяжка, таму што цяжка пераходзіць на такі фармат зносінаў: калі ты яго адпраўляеш, прызнаеш, што гэта надоўга». Ён сумбурна спісаў аркуш А4 з двух бакоў, дзе ў тым ліку паспрабаваў расказаць апошнія жарты — пра Натулю з Масандрай і пляшку, якая свішча.
«Мы з Кацяй не так даўно глядзелі серыял паводле раману «У коле першым» Салжаніцына, і там ёсць цудоўны эпізод, калі жонка прыязджае да галоўнага героя ў турму на спатканне. Калі Кацю перавялі ў Жодзіна, мяне жахнула думка пра нашае спатканне — жахнула, што я буду заставацца з гэтага боку, што я прыеду і з’еду, што мы будзем камунікаваць у такім фармаце. Гэта як з напісаннем ліста: цяжка прызнаць, што гэтая рэальнасць ёсць і гэта надоўга».

Ігар Ільяш. Фота «Белсат»