«Мы шмат гадоў займаліся не развіццём футбола, а лічбамі і паказчыкамі…»

Наўздагон правалу зборнай Беларусі на еўрапейскай арэне мы задаліся адвечнымі пытаннямі: хто вінаваты і што рабіць. І адрасавалі іх вядомаму айчыннаму трэнеру Алегу Кубараву, які паспяхова працаваў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

— Пасля 0:8 у Бельгіі хочацца ставіць глабальныя пытанні. Напрыклад: як наш футбол дайшоў да такога жыцця?

— Як і ўвесь спорт у цэлым, футбол — адлюстраванне жыцця. Мікрамадэль грамадства. Якасць і ўзровень жыцця, тое, што адбываецца навокал, уплывае і на стан футбола ў краіне. Калі ўспомніць добрыя гады ў футболе, то тады і ў грамадстве назіраўся нейкі ўздым —чаканні, надзеі, нейкі прасвет. Мы верылі, што хутка стане лепш. Умоўна кажучы, замест пяцідзесяці долараў сталі атрымліваць сто. Жыццё быццам бы наладжвалася. Плюс тады ў футболе яшчэ не паспеў скончыцца ўплыў савецкіх часоў — пакаленні гульцоў і гэтак далей.

— Калі мы звярнулі не туды?

— Калі разглядаць кіраванне футболам, яго развіццё, то трэба проста задаць пытанне: што менавіта мы ўвесь гэты час развівалі? Бо атрымліваецца, што пастаянна займаліся нейкімі паказчыкамі. Слухаеш любое выступленне на канферэнцыі — там суцэльныя лічбы і справаздачы. Якая каманда куды выйшла, колькі пабудавалі палёў… То-бок футбол развівалі ў нейкай гарызантальнай плоскасці. Узаемасувязей не шукалі. Чаму стаў падаць узровень майстэрства гульцоў? Чаму яркіх футбалістаў становіцца ўсё менш?

Так што развіццём футбола мы займаліся недастаткова. У нас няма наогул аніякай футбольнай навукі. І не рыхтуюць трэнераў па сумежных спецыяльнасцях — па фізпадрыхтоўцы, аналітыкаў і гэтак далей. Калі такія ёсць, то адзінкі. І ўсе — самавукі. Пры гэтым мы спаборнічаем у футболе з тымі, у каго ўсё гэта даўно ўжо ёсць. Дык як жа мы збіраемся з імі канкураваць?

Таму ў маім разуменні наш шлях — развіццё. Трэба кожны год нешта развіваць. У тым ліку будаваць палі, займацца інфраструктурай і методыкамі, рыхтаваць трэнерскія кадры. Вось тады і будзе рух наперад. А пакуль... Калі раней з такімі зборнымі, як Бельгія, мы стараліся згуляць годна, то цяпер гуляем ужо няварта. Значыць, за гэтыя гады або яны сталі лепш, або мы — горш. А можа, і тое, і іншае.

На жаль, у нас пакуль няма дакладнага шляху развіцця. Замест гэтага, паўтаруся, пастаянна гонімся за нейкімі паказчыкамі і лічбамі. У дзіцячым футболе рыхтуем не футбаліста і асобу, а каманду. А яшчэ нам не хапае цярпення і паслядоўнасці. Ігара Кавалевіча ў «Нёмане» летась не звольнілі пасля серыі няўдач, але гэта выключэнне. Іншых такіх прыкладаў не ўзгадаю. У нас калі каманда пяць-сем тураў «валіцца», трэнера здымаюць. На Захадзе зусім інакш. Там ўмеюць цярпець, як было з Алексам Фергюсанам ў «Манчэстэр Юнайтэд». Кіраўнікі чакалі і давяралі яму. Бо бачылі, што шлях абраны правільна.

Алег Кубараў

Алег Кубараў

— Федэрацыя рапартуе аб інфраструктуры, укладвае сінтэтыку. Гэта моцна палепшыць працэс выхавання гульцоў?

— Тое, што гэта робіцца — выдатна. Але гэта толькі частка развіцця. І гэта не адмяняе таго, што нам патрэбныя сучасныя методыкі. І дакладна не адна перакладзеная кніжка на ўсіх. У бундэслізе у кожнага клуба свая філасофія, свая праграма, свой шлях. Акрамя методыкі, патрэбныя кадры. А хіба яны ў нас падрыхтаваныя? Так, ёсць і цэнтр ліцэнзавання, і навучанне. Але возьмем канкрэтнага трэнера. Ці забяспечаны ён ад федэрацыі, ад навучальных цэнтраў, да прыкладу, сучаснай літаратурай? Ці можна яе дзе-небудзь дастаць? Калі атрымаецца, то на англійскай. А колькі нашых трэнераў ёй валодаюць? Адзінкі.

— Чаму перасталі расці гульцы? Новыя Бялькевічы, Глебы…

— Сустрэчнае пытанне. А як мы ставімся да нашых лідараў? Калі такія, як Бялькевіч і Глеб, ёсць, мы не надаём ім значэння. І толькі калі яны сыходзяць, пачынаем успамінаць. Вось Уладзімір Журавель — мой памочнік і блізкі сябар. Шмат сезонаў працуе — усё добра. Потым сыходзіць з мінскага «Дынама» — і цэлы год у кваліфікаванага трэнера няма прапаноў! У нас што, шмат такіх спецыялістаў было ў краіне? Проста вось так у беларускім футболе ўсё ўладкавана. Не шануем тых, хто ёсць.

І, зноў-ткі, тая ж інфраструктура — гэта толькі частка працы па паляпшэнні ўсёй гаспадаркі. Дапусцім, тэхнічных гульцоў атрымаецца падрыхтаваць на добрых палях. Але хутчэй думаць палі не навучаць. І які ад іх плён, калі няма методык і трэнераў? Ёсць вядомае правіла: хлапчуку трэба адпрацаваць дзесяць тысяч гадзін, каб кімсьці стаць. Але важна, як ты правядзеш гэтыя трэніроўкі — на якіх палях, з якімі трэнерамі, у якіх спаборніцтвах.

Мы цяпер нікуды не выязджаем. Нам жа забаранілі, таму што нібыта ўсё ёсць тут. Але ёсць толькі палі. Супернікаў няма. Хіба ў нас моцныя спарынгі? Раней былі Германія і Аргентына, а цяпер — Гандурас.
А да мінскага «Дынама» часоў Бялькевіча магу звярнуцца яшчэ і таму, што сам тады быў гульцом. Яго партнёрамі ў камандзе былі Жута, Герасімец, Журавель, Антонавіч, Лухвіч, Яхімовіч, Курбыка, Качура, Мархель. Гульцы, якія потым выступалі ў добрых замежных клубах. І вось якраз для таго, каб вырасла яркая асоба, патрэбныя ўмовы —прырода, спадчыннасць, выхаванне, канкурэнтнае асяроддзе. А яно ў «Дынама» было ў Бялькевіча выдатнае. Як і патрабаванні да гульца. Пры Шчокіне або Малафееве ніхто не наважваўся валяць на полі дурня. Каманда ездзіла ў турнэ па Паўднёвай Амерыцы. А калі б ўвесь час гуляла з «Лідай» і «Бярозай», то цікавасць знікла б вельмі хутка.

— Навошта БФФ напісала стратэгію, згодна з якой зборная неадкладна пачне прэтэндаваць, а ў 2028 годзе і паедзе на чэмпіянат Еўропы?

— Стратэгія патрэбная. І шлях патрэбны. А вось кіданні на гэтым шляху не патрэбныя. Калі засяродзімся толькі на перамогах, то гэта бяда. А трэба — яшчэ і на развіцці. Умоўна кажучы, калі адразу саступілі 0:8 Бельгіі, то затым хай прайграюць Чэхіі 0:3, а з Уэльсам згуляюць унічыю 0:0. І мы будзем бачыць, што зборная становіцца мацней. А пакуль гэта ацэньваецца ў асноўным колькасна. Напрыклад, мы сталі больш валодаць мячом. Але гэта суб'ектыўна і абсалютна не адлюстроўвае сутнасці. Ці як, напрыклад, ацаніць, што ў каманды стала лепш самааддача? Куды важней для спецыялістаў ацэнка якасная. Гус Хідзінк казаў: «Я хачу бачыць, куды гулец бяжыць, а не тое, колькі ён прабег».

Задачы трэба ставіць складаныя. Але пры гэтым разумець, якая мэта. Проста матываваць гульцоў? Ці гэта нейкае патрабаванне, якое заганяе ў рамкі? Мэта не павінна быць бар'ерам. Яна павінна развіваць гульцоў, да нечага весці. Ну і, зноў жа: важна, як да гэтай высокай мэты ставіцца. Калі гэта ўльтыматум і патрабаванне, то потым няма чаго здзіўляцца, што ў нас усе, уключаючы клубы, хочуць гуляць у абарончы футбол.

Наогул, тое, што зборная хоча выйграваць, гэта добра. Але за кошт чаго? У нас ёсць толькі адна якасць, якая лепш, чым у іншых. Гэта досвед. У нас жа вельмі ўзроставая каманда. Але які гэта досвед? Перамог і дасягненняў?


— За мяжой беларусы яшчэ доўга будуць не патрэбныя?

— Многае залежыць ад менеджменту. Тут мы таксама адстаём. У Расіі даўно ствараюцца піяр-кампаніі па падтрымцы футбалістаў. Мы таксама спрабуем нешта рабіць, але працы непачаты край. Знакаміты Міна Раёла аднойчы сказаў: «Гэтага гульца нават мой пяцігадовы сын змог бы працаўладкаваць». З зоркай значна прасцей. А вось своечасова прывесці яшчэ нікому невядомага гульца ў добры клуб — мастацтва. І наадварот: калі гулец пасля пераезду сядзіць у запасе, значыць, нешта няправільна разлічылі. А ў нас такіх у Расіі нямала. Футбольны менеджмент у нас ва ўніверсітэце, можа, і выкладаюць. Але дзе спецыялісты? Дзе гэтыя менеджары ў клубах?

— У якой меры адказнасць за правалы зборнай ляжыць на Мархелі? Ці ўсё аб'ектыўна — і не дапаможа нават Гвардзьёла?

— Натуральна, дапаможа. З лепшымі павінны працаваць лепшыя. І калі мы хочам, каб нашы гульцы ў зборнай прагрэсавалі, то і трэнеры для гэтага павінны падбірацца лепшыя. Заўважце, найвышэйшых вынікаў зборная дамагалася з вопытнымі трэнерамі — Малафееў, Байдачны, Штанге. Так што адказнасць — а гэта тычыцца і поспехаў, і няўдач — Мархель павінен падзяляць.

А што тычыцца Гвардзьёлы, то зразумела, што з ім і з нашымі футбалістамі Бельгію цяпер не абыграць.

— У бліжэйшыя гады з футболам будзе яшчэ горш?

— Мне хацелася б, каб было лепш. Давайце ў гэта верыць. Але патрэбныя перадумовы і дзеянні. Каб усе планы можна было кантраляваць, ацэньваць іх рэалізацыю і рэгулярна ўносіць папраўкі. Таму што канчатковай кропкі ў развіцці футбола няма.

Фота krumkachy.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: