«Мы выходзім мірна, але калі сюды прыедзе тэхніка, будзем стаяць да апошняга» (фота)

У Бараўлянах мясцовыя жыхары зладзілі арт-фестываль у абарону лесу, які ўлады хочуць ссекчы.
У суботу, 14 верасня, калі ў сталіцы адзначалі Дзень горада, у некалькіх кіламетрах за кальцавой у пасёлку Вопытны мясцовыя жыхары зладзілі сваё лакальнае свята — арт-фестываль «ЛЕС».


#леснашлёс — пад такім хэштэгам-дэвізам праходзіла свята. Справа ў тым, што ўжо некалькі гадоў перад жыхарамі пасёлка Бараўляны і бліжэйшых населеных пунктаў, у тым ліку Вопытнага, паўстае праблема высечкі лесу і забудовы былых лясных тэрыторый. З 2017 года ўлады спрабуюць вырубіць пяць гектараў лесу нібыта для будоўлі дзіцячага садка і школы. Аднак мясцовыя жыхары просяць пакінуць ім лес, які стаў улюбёным месцам адпачынку. У абарону лесу, у якім, дарэчы, жыве некалькі відаў чырвонакніжнікаў, яны сабралі больш за 6 500 подпісаў. Пастаянна пішуцца звароты і вядуцца перамовы з мясцовымі ўладамі, а цяпер, цалкам уласнымі сіламі, актывісты арганізавалі свята ў пасёлку на ўскрайку таго самага лесу, каб прыцягнуць увагу да праблемы.

Інфармацыя пра віды чырвонакніжнікаў, якія жывуць у лесе ля Вопытнага

Інфармацыя пра віды чырвонакніжнікаў, якія жывуць у лесе ля Вопытнага

Жыхары Бараўлян вераць, што лес застанецца, кажа актывістка з Вопытнага Марыя Вайтовіч.

Марыя Вайтовіч

Марыя Вайтовіч

 Мы хочам звярнуць увагу, што ў гэтым месцы можна файна і з карысцю бавіць час, рэалізоўваць розныя ідэі і падобныя святы. Бо мы — Бараўляны, бор, лес, знішчэнне якога трэба спыніць, тым больш, што ёсць кавалкі зямлі, якія можна выдзяляць пад будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, — даводзіць Марыя.

Яна прызнаецца, што для жыхароў Бараўлян гэта першы досвед правядзення такога оўпэн-эйра, тым не менш, фактычна кожны пастараўся паўдзельнічаць у мерапрыемстве.

— Мы хочам паказаць, што мы разам, і што мы гасцінныя. Людзі далучаліся, хто як мог. Хтосьці спёк хлеб, хтосьці прынес пернікі, нехта дапамог грашыма, каб мы маглі паставіць біяпрыбіральні і забяспечыць музыкаў гукавой апаратурай.


Людзі прыходзілі сем’ямі, было шмат дзяцей, і на паляне перад лесам панавала атмасфера сапраўднага «свайго двара». На свяце зладзілі шмат актыўнасцяў і гульняў для маленькіх і дарослых, быў і дабрачынны кірмаш у падтрымку дзяцей з дзіцячай SOS-вёскі, і фотавыстава, і майстар-класы, і фудкорт, і нават катанне на конях. І, канешне ж, музыка. На лясную сцэну выйшлі вядомыя выканаўцы, у тым ліку беларускамоўныя – гурты «Гарадскі вал», VODAR, Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra. Вядучым свята быў шоумен Яўген Булка.

Марыя Вайтовіч распавяла «Новаму Часу», што ўсё гэта арганізавалі літаральна за дзесяць дзён. Да гэтага заяўнікам у першы раз не ўдалося атрымаць дазвол уладаў на правядзенне свята, а потым пасля паўторнай заяўкі два месяцы казалі, што яго, хутчэй за ўсё, зноў не дадуць. Але раптоўна тыя ж самыя ўлады, якія санкцыянавалі вырубку лесу, дазволілі правядзенне арт-фестываля ў яго абарону.

— Насамрэч, і ў сельсавеце сядзяць людзі. Мы абяцалі, што ў нас будзе мірнае мерапрыемства, мы ўсё робім у межах закона, хочам проста пабыць разам і, так, звярнуць увагу на праблему. Мы ні з кім не ваюем. Я перакананая, што людзям у Бараўлянскім сельсавеце таксама хочацца захаваць гэты лес, але яны вымушаныя весці пэўную лінію, якая сыходзіць зверху.

Суразмоўца падкрэслівае, што ініцыятыўная група пасёлка шукае кампраміс у рамках закона, хоць у некаторых момантах, такіх, як вырубка лесу, актывісты стаяць на катэгарычных пазіцыях.

— Мы выходзім мірна, але калі сюды прыедзе тэхніка, мы не будзем сядзець і пагаджацца з лёсам, а будзем стаяць да апошняга.


Марыя прызнаецца, што фэст атрымаў нават большы водгук, чым чакалі арганізатары: толькі дзяцей праз гульнявыя кропкі прайшло больш за 200 чалавек. А былі ж яшчэ і бацькі! Пры ўсёй сваёй нязмушанасці і навізне, фестываль «ЛЕС» адназначна атрымаўся і стаў адным з добрых прыкладаў правядзення лакальных івентаў, якіх так не хапае ў нашых мястэчках. У ім удалося спалучыць суседскую камернасць і гасціннасць з увагай да сапраўды глабальнай праблемы, якая тычыцца не толькі канкрэтнага пасёлка, а і ўсёй краіны.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!