«Мы жывем тут, таму што іншыя не могуць»

Як шмат цудоўных людзей зараз пакідаюць Беларусь. Як шмат кампаній пераязджаюць за мяжу. Як шмат маіх знаёмых апошнімі днямі пачалі размовы пра эміграцыю... Іх усіх лёгка зразумець. Складана зразумець, напэўна, не іх, а такіх, як я.


Недзе год таму пісала, чаму я ніколі не з'еду з Беларусі, і разумею, што за гэтае лета аргументы толькі набралі вагі. Я не ўяўляю, як пасля ўсяго, што мы зрабілі, можна жыць без гэтай краіны. Як можна пакінуць яе. І я разумею, што той чалавек, якім я ёсць сёння — ну, можа, і не надта выдатны чалавек, і якім я сама і не ганаруся, але чалавек, які столькі перажыў і так пабачыў жыццё, як не часта выпадае — гэты чалавек мог узнікнуць толькі ў гэтай краіне. Я ёсць мной дзякуючы Радзіме і гэтаму неверагоднаму кантэксту. І думаю, такое адчувае зараз кожны.

І магчыма, за апошні час паболела агрэсіі, злосці, нянавісці — але яна ў мяне накіраваная на строга вызначаныя аб'екты. А да людзей паболела пяшчоты, спагады, увагі. Усіх хочацца абняць, кожнаму дапамагчы чым магчыма. Як можна жыць недзе ўдалечыні ад гэтых людзей? А галоўнае — навошта?

І можа быць, камусьці гэта для таго, каб спакойна працаваць і годна зарабляць, сядзець па вечарах у бары, лётаць па выходных лоўкостам кудысьці — але ў мяне ў жыцці гэтага было зашмат, мне да такого ўжо не імкнецца. І можа, для таго, каб спакойна хадзіць па вуліцах, не баяцца, адчуваць, што твае правы не парушаюцца і цябе не зневажаюць — гэта, канешне, важна. Але я хачу хадзіць па сваіх вуліцах. А чужыя мяне не вабяць нават з непарушанымі правамі.

А таму застаецца толькі заставацца. Змагацца, а калі прайграем — жыць далей, дзяліць гэтае жыццё з краінай далей, дзяліць з ёй і перамогі, і выпрабаванні. З людзьмі, якія застануцца — таму што шмат іх, годных, вартых, смелых, светлых, усё роўна ж застанецца. "Мы жывем тут таму што іншыя не могуць". Жыць далей, змагацца зараз, змагацца заўжды, падымаць галаву пры любой магчымасці.

Кожны дзень.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: