«Мы» і «яны» — тэмы, што дробяць беларусаў

Урэшце працэс нацыяўтварэння — гэта працэс пашырэння семантычнай групы, якая ахопліваецца займеннікам «мы». Калі ўсе «мы», беларусы, будзем мець супольнае меркаванне па самых праблемных пытаннях з гэтага ліста, раз’яднаць нас будзе немагчыма.



Файны тэкст напісаў Уладзімір Хільмановіч пра дзве розныя Беларусі, у якіх мы жывём. Ён піша, у прыватнасці: «мы кажам — “бальшавіцкі тэрор”, яны — “это наша історія”». Чытаеш і ўголас пагаджаешся, бо, натуральна, так і ёсць. Але не меней файны тэкст напісаў і Аляксандр Буракоў , дзе патлумачыў, што ўжываць займеннікавую апазіцыю «мы» і «яны» нельга, што гэта папулізм і маніпуляцыя. Таксама чытаеш і ўголас пагаджаешся: ай, малайца! Усё трапна сфармуляваў!

І, відавочна, ёсць тут нейкі рэбус. Бо як могуць адначасова мець рацыю два чалавекі, што сцвярджаюць дыяметральна супрацьлеглыя рэчы?

Здаецца, я гэты рэбус разгадаў.

Справа не ў тым, што кажуць паважаныя спрачальнікі. Справа ў тым, пра што яны напісалі. Бо вынікае, што ёсць тэмы, па якіх цяпер беларус з беларусам ніколі не дамовяцца. «Мы і яны» — адна з такіх тэм. Такой жа тэмай з’яўляецца «бальшавіцкі тэрор» і наогул, шырэй, «нашая гісторыя». Не разумееце, пра што я? Дык перайду да прыкладаў!

Вось далёка не поўны спіс пытанняў, па якім у нас няма нацыянальнага кансенсусу. Заўважце, гэтыя пытанні не тычацца палітычнай надзённасці, усё гэта нашая культурная глыбіня, ля якой пачынаюцца вытокі сукупнай нацыянальнай свядомасці. І ў той самы час па кожнай з тэм ёсць як мінімум дзве вялікія групы меркаванняў. Яны катэгарычна не пагаджаюцца адна з адной.

  • Руская ці беларуская мова? Альбо: беларуская мова ці двухмоўе?
  • У развіццё: ці магчымае ўніверсітэцкае выкладанне па-беларуску, калі ў канкрэтных навуках не стае тэрміналогіі? Паспрабуйце выказаць катэгарычны погляд на гэты конт — незалежна ад таго, якім будзе той погляд, вас з’ядуць. Вось пабачыце!
  • Але гэта — вяршыня айсберга. Пяройдзем да нечага глыбейшага. Вось, напрыклад: чым была БНР? Першай незалежнай беларускай дзяржавай ці «штучным дзяржаўным утварэннем, створаным пад пратэктаратам Германіі»? І не трэба думаць, што адказ тут магчымы толькі адзін. Паспрабуйце выказаць сваё меркаванне вашай бабулі, і калі яна — не баявітая БНФаўка, пачуеце шмат новага і дзіўнага для сябе. Звярну ўвагу: неяк «перапазіцыянаваць» БНР удалося дзякуючы грамадзянскай кампаніі па святкаванні 80-х угодак стварэння Рэспублікі, якая была зладжаная ў 2008 годзе і дайшла нават да дзяржаўнай тэлевізіі. Але і дагэтуль можна пачуць хваробу пра «нямецкі пратэктарат».
  • Роля Мураўёва-вешальніка ў гісторыі 19-га стагоддзя. Здавалася б, пра гэтую «цацу» ўсё вычарпальна сказаў яшчэ Уладзімір Караткевіч у творах, якія ёсць ў школьнай праграме (гл. «Дзікае паляванне караля Стаха»). Але зусім нядаўна адзін беларускі «мысліцель» скалануў інтэрнэт артыкулам, у якім заклікаў «спыніць цкаванне» гэтага «годнага чалавека», «мудрага дзяржаўнага мужа».
  • І што ж гэта я — згадаў пра БНР і забыўся на галоўнае: а чым была БССР? Савецкай акупацыяй ці барацьбой з галечай, якая апанавала нашую старонку «за царамі»?
  • Янка Купала ці Каян Лупака?
  • Яшчэ глыбей ў гісторыю: як ставіцца да Кацярыны Вялікай? Да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай? Га? Якія будуць меркаванні?
  • І каб не думалі, што раскол у грамадстве пануе толькі па гістарычных тэмах: ці варта заставацца ў Беларусі? Ці, можа, валіць адсюль у Аўстралію?
  • «Заходнікі» супраць «усходнікаў»: хто больш адукаваны, хто лепей глядзіць за гаспадаркай: жыхары Магілёва ці Гародні? У каго найсмачнейшыя бліны і мачанка?
  • Вёска супраць горада: хто каго корміць?
  • І яшчэ адно пытанне, якое ўласцівае не толькі для Беларусі: ці можна есці і піць у кавярнях, не здымаючы шапак з футра?
  • Як ставіцца да ўніяцтва: так, як ставіўся Пётр? Так, як ставіцца сучаснае праваслаўе? Ці ўсё ж гэта была аптымальная для беларусаў канфесія, якая яднала нацыю на ўзроўні веры і абрадаў?
  • Дык што думаць пра самога Пятра?
  • Ці варта есці кашу «Сувораўскую»? І калі не — чаму?
  • Ці крыўдзіцца на мянушку «бульбашы»? Ці можна спажываць прадукты з такой назвай?
  • Менск ці Мінск?
  • І яшчэ пра Мінск (Менск) — спрэчка, якая не сціхае амаль стагоддзе: ці варта бараніць гістарычны цэнтр? Ці, можа, знесці ўсе парэшткі старой Нямігі, каб вызваліць шлях для катарскіх інвестыцый?
  • Ці захоўваць назвы «плошча Леніна», «вуліца Камуністычная»? Таксама ж гісторыя! І калі вяртаць гістарычныя назвы, дык ці можна абіраць тое, што было падчас панавання расійскай каланіяльнай адміністрацыі з яе «нікольскімі», «пакроўскімі» і «маскоўскімі» завулкамі?

  • Тарашкевіца ці наркамаўка? Беларусь — адзіная краіна, якая мае на роднай мове дзве Вікіпедыі, арыентаваныя на розныя правапісы. І прычым абедзве Вікіпедыі.by наведвала меней за 5% тых, хто з Беларусі хадзіў на расейскамоўную Вікіпедыю.
  • Лацініца ці кірыліца?
  • Калі пішаш смскі лацініцай, ужываць для перадачы гуку «ч» «паланізаванае» спалучэнне «cz» ці «англізаванае» спалучэнне «ch»?
  • Ці ездзіць у Нясвіж пасля таго, што яны там нарабілі?
  • І зноўку да асоб: як ставіцца да Ларысы Геніюш? Святая постаць? «Чалавек, які пісаў свае вершы крывёй» ці «здрадніца-калабарантка»? Адказ залежыць выключна ад таго, праз каго вы пра яе даведаліся. Калі вашыя веды грунтуюцца на тэкстах Міхася Скоблы — вы будзеце на Геніюш маліцца. Калі вы прачыталі пра Геніюш у савецкай прэсе, вы будзеце яе ненавідзець.
  • І наўздагон: хто такія калабаранты? Рамантыкі, якія марылі вызваліць Беларусь ад савецкага панавання ці ганебныя «паліцаі»?
  • Ці шанаваць партызан?
  • Ці можна святкаваць 9 траўня?
  • Ці можна вешаць на машыны «георгіеўскія стужкі»?
  • Наталля Арсеннева і яе «Магутны Божа»: як ставіцца да аўтаркі і да твора?
  • Хто ляжыць у Курапатах? Ахвяры фашыстаў, як нам шмат разоў казалі, ці забітыя НКВД? І не трэба думаць, што на гэтае пытанне вычарпальны адказ далі даследчыкі Курапатаў яшчэ ў 1990-я! Народ гэты адказ не пачуў. Улетку на могілках пралетарыят збіраецца «на шашлычкі»
  • Ці беларускі мастак Марк Шагал? Тое ж тычыцца Хаіма Суціна, Сэма Царфіна, Осіпа Цадкіна, Яўгена Зака. І гэта мы яшчэ пра Адама Міцкевіча не пачалі размову!

Падкрэслю: даць адназначны, вычарпальны адказ на любое з гэтых пытанняў, адказ, які задаволіў бы абодва бакі расколатай нацыі, сёння немагчыма. Але гэта не азначае, што нам не трэба спрабаваць дамаўляцца. Урэшце працэс нацыяўтварэння — гэта працэс пашырэння семантычнай групы, якая ахопліваецца займеннікам «мы». Калі ўсе «мы», беларусы, будзем мець супольнае меркаванне па самых праблемных пытаннях з гэтага ліста, раз’яднаць нас будзе немагчыма.

Віктар Марціновіч, budzma.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • UÇK
  • 2013-06-01 19:13:41
Да ну это смешно... То что у тех карателей которые сажают, фальсифицируют, ломают судьбы, такой же паспорт как и у меня не делает их не Беларусами, ни моими согражданами.

И вообще с какой стати, с какого перепоя их вообще можно считать Беларусами, если они своими руками, именно своим, уничтожали и уничтожают все Беларуское?? Кто такое вообще придумал?

Нет уж - это абсурд... Тот кто сажает в тюрьму Беларуса за национальный флаг - не может быть Беларусам

НЕТ! есть МЫ и есть ОНИ

И Мы должны победить их!

Больш цікавага на «Новым Часе»: