«Мы пакінулі Камуністычны завулак, каб паказаць, што ён вядзе ў тупік»

З усіх беларускіх гарадоў толькі ў Маладэчне пазбавіліся савецкіх назваў. Усе цэнтральныя вуліцы тут пераназвалі так, каб звязаць іх з гісторыяй Беларусі.



Пра тое, дзе ўзяць грошы на перайменаванне вуліц і чаму мясцовыя жыхары не змагаюцца за захаванне савецкай сымболікі, Свабодзе распавялі ўдзельнікі маладэчанскай дэсаветызацыі пачатку 1990-х.

Лявон Цімохін на пачатку 1990-х гадоў быў адным з рухавікоў дэсаветызацыі гораду. Школьны настаўнік гісторыі, ён вырас у нацыянальна сьвядомай сям’і. Яго цётка вучылася ў Гандлёвай школе, дзе ёй выкладаў сам Барыс Кіт.

«Беларускі дух жыве тут, — кажа Цімохін. — На пачатку 1990-х у Маладэчне была вялікая колькасць тых, каго „недакатавалі“, „недавыслалі“ ў Сыбір, „недарасстралялі“. Іхнія нашчадкі чакалі адлігі».

І калі пачалася перабудова, «нашчадкі недарасстраляных» раптам аказаліся на ўсіх узроўнях гарадзкой улады. На пачатку 1980-х мясцовая газэта надрукавала артыкул Цімохіна пра зруйнаваныя саветамі могілкі. У друк яго прапусціла намесніца рэдактара, якая прайшла праз прыніжэнні савецкай улады па так званай пятай графе — габрэйская нацыяналнасьць.

«Але ніякіх наступстваў не было, — кажа Цімохін. — Як не было наступстваў за тое, што на ўроках гісторыі ў савецкай школе я распавядаў вучням прадмет не па падручніку, а ад сябе. Проста дырэктар школы меў двух дзядзькоў, што з'ехалі пасьля вайны ў Англію, і ён не душыў нікога».

«Свае» людзі тут былі паўсюль. Дырэктару керамічнага заводу ў Радашкавічах ня трэба было распавядаць пра гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, каб той даў цэглы для капліцы на былых могілках. Там быў пахаваны сын Льва Сапегі, і дырэктар сам прапанаваў даць цэглу бясплатна.

«У Маладэчне была вольная атмасфэра», — кажа Цімохін пра часы перабудовы.

У горадзе былі свядомыя гісторыкі, краязнаўцы, мастакі, якія сталі падмуркам адраджэння. Не хапала толькі моцнага арганізатара. Ім стаў Генадзь Карпенка, якога ў 1987 годзе прыслалі з Менску на пасаду дырэктара заводу парашковай мэталургіі.

«Ён быў такі самы прагматык, як Барыс Кіт,— кажа Цімохін. — Кіт казаў, што заўжды трэба пачынаць з эканомікі, бо эканамічная незалежнасьць — гэта свабода народу. Так лічыў і прагматык Карпенка».

Рэфармаванне ў горадзе Карпенка пачаў з заводу. На пасады начальнікаў цэхаў паставіў маладых кіраўнікоў. На пасьпяховым заводзе было ўведзена бясплатнае харчаванне, для супрацоўнікаў будавалася жыллё.

«Ён рабіў справу, за якую яго вельмі хутка ацанілі, — кажа Цімохін. — Таму Карпенку вельмі лёгка выбралі дэпутатам».

У часы крызісу кампартыі Маладэчна стала першым беларускім горадам, дзе старшынём Савету дэпутатаў выбралі некамуніста. Звычайна Савет узначальваў старшыня гаркаму. Але ў Маладэчне ў 1990–1991 гадах пры жывой КПСС дэпутаты на гэтую пасаду выбралі Карпенку.

Разам з эканамічнымі пераўтварэннямі Карпенка адразу ж узяўся й за нацыянальныя. На час прыезду ў Маладэчна ён яшчэ не гаварыў па-беларуску. Каб навучыцца мове, дырэктар усё справаводства на заводзе перавёў на беларускую.

Тое самае затым сталася з гарвыканкамам, дзе для чыноўнікаў у працоўны час праводзілі курсы беларускай мовы. Супрацьстаяньня не было: на беларускую мову перайшлі нават дзяўчаты родам з Расеі.

Адразу ж пасьля развалу КПСС дайшла чарга да перайменавання вуліц. У тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме былі мясцовыя гісторыкі Цімохін, Каханоўскі. Таксама ў той час у Маладэчне жыў гісторык Мікола Ермаловіч, які быў фактычным кансультантам гэтай камісіі. Яны падрыхтавалі спіс вуліц, якія трэба было перайменаваць.

«Гэта былі цяжкія часы, і камуністы на гэтым гулялі, — узгадвае Валер Костка, які ў той час быў дэпутатам абласнога Савету, а потым — кіраўніком спраў гарвыканкаму Карпенкі. — Маўляў, тут хлеба няма, а вы хочаце вуліцы перайменаваць».

Але ў Маладэчне грошы з бюджэту на перайменаванне ня траціліся. Нягледзячы на крызіс пачатку 1990-х, Карпенка змог у некалькі разоў перавысіць гарадзкі бюджэт, адкуль і ішлі грошы на нешараговыя траты.

У той час, калі бяз працы ў Маладэчне магла застацца ледзь не палова сем’яў, па прапанове Карпенкі адмянілі мясцовыя падаткі на першы год працы для малых і сярэдніх прадпрымальнікаў. І ў Маладэчне пачалі з'яўляцца ня толькі ўласныя прадпрымальнікі — па рэгістрацыю сюды прыязджалі буйныя фірмы нават з Менску.

«Ёсьць такая прымаўка: „Калі гаспадар ня можа пракарміць сабаку, ён спускае яго з ланцуга“, — кажа Костка. — Так зрабіў і Карпенка».

За 1993 год даходная частка бюджэту Маладэчна была перавышаная ў тры разы. У горадзе пачалі будаваць стадыён, дом для вэтэранаў вайны, дом для настаўнікаў-мэдыкаў, рамантаваць дарогі. За гэтыя грошы тут правялі тэатральны фэстываль «Маладзечанская сакавіца» і фэстываль беларускай песні й паэзіі.

«Праблема толькі ў жаданьні, — кажа Костка. — Калі жадаеш — знойдзеш грошы на перайменаванне. Лухта, што на гэта ідуць грошы, прызначаныя для сацыяльна незабяспечаных грамадзянаў».

Да пачатку 1990-х Маладэчна было тыповым беларускім горадам з праспэктам Леніна, вуліцамі Камсамольскай, Савецкай ды Дзяржынскага. Цяпер цэнтральныя вуліцы называюцца Вялікі Гасьцінец, Віленская, Машэрава, Вольная. Усяго некалькі савецкіх назваў засталося ў прыватным сэктары: завулкі Камуністычны, Савецкі, Першамайскі.

«Гэта была наша прапанова, — кажа Цімохін. — Мы паказваем, што Камуністычны завулак вядзе ў тупік».

Гісторык кажа, што спрэчкі пры перайменаванні былі толькі па некалькіх вуліцах. Самыя гарачыя дыскусіі — па праспэкце Леніна. Для рашэньня аб перайменаванні патрабавалася дзве траціны галасоў. І была небяспека, што прасавецкія настроі перамогуць і праспэкт застанецца са старой назвай.

«Вось чарговае абмеркаванне, я выступаю, і раптам Карпенка мяне затыкае, — узгадвае Цімохін. — Ён ніколі так груба да мяне не зьвяртаўся. А тут раптам перабівае і зьвяртаецца да дэпутатаў, перайшоўшы на расейскую мову. Ён прапаноўвае ім зьвярнуцца па параду ў Менск. Як там скажуць, там мы й зробім».

Дэпутаты, якіх толькі што змушалі прыбраць назву правадыра з галоўнага праспэкту горада, аднагалосна пагадзіліся на кампрамісную прапанову Карпенкі. У Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук даслалі запыт: ці варта пераймяноўваць Ленінскі праспэкт у Вялікі Гасьцінец.

Цімохін напісаў абгрунтаванне, дзе патлумачыў, што раней па гэтай вуліцы праходзіў «міжнародны шлях» — вялікі гасьцінец. Вядома, што такую назву ў Інстытуце гісторыі прынялі. Цяпер Маладэчна — адзіны ў сьвеце горад з такой вуліцай.

«Сымбалі маюць вялікае значэнне, — кажа Костка. — Сымболіка працуе на падсвядомым узроўні. Калі кожны дзень бачыш статую Леніна, у цябе ўсе гэтыя камуністычныя ідэі закладваюцца на падсвядомым узроўні».

Падчас масавага перайменавання вуліц маладэчанцы зьмянілі ня ўсе савецкія назвы. Акрамя згаданых Савецкага й Камуністычнага завулкаў, тут пакінулі імёны дзеячаў БССР Машэрава й Прытыцкага. У цэнтры засталася вуліца Льва Талстога.

Але ня толькі назвы вуліц вырашылі зьмяніць у Маладэчне. Карпенка цікавіўся, як можна прыбраць помнік Леніну на Цэнтральнай плошчы. Але той аказаўся пад абаронай дзяржавы. Аўтарам помніка быў Заір Азгур, таму помнік ахоўваўся як мастацкая каштоўнасць.

Пры гэтым нічога не замінала паставіць насупраць Леніна помнік беларусам, якія сталі ахвярамі розных рэжымаў. На гэтым месцы да савецкай улады стаяў крыж. У 1993 годзе тут зьявіўся валун з надпісам «Пакутнікам за волю й незалежнасьць Беларусі». Яго з Беламорканалу прывёз Мікалай Івашкевіч, які на той час быў дырэктарам заводу жалезабэтонных вырабаў у Маладэчне. Да помніка зрабілі шыльду з бел-чырвона-белым сьцягам і выкавалі крыж Эўфрасіньні Полацкай.

На ўсталяванне помніка на Цэнтральную плошчу прыйшлі хрэсныя хады з праваслаўнай і пратэстанцкай цэркваў і з касьцёла. Карпенка ў той дзень быў на сэсіі ў Менску, але пасьпеў да сканчэньня мітынгу.

У той жа час былы будынак гаркаму партыі аддалі пад музычную школу. Гэта ўжо стала традыцыяй у Маладэчне: у часы Хрушчова будынак НКВД аддалі музычнай вучэльні, абкаму – палітэхнічнага каледжу.

«Параўнайце, што адбывалася ў Маладэчне і ў Менску, — кажа Цімохін. — У менскім будынку КПБ цяпер Адміністрацыя прэзідэнта».

Генадзь Карпенка ўзначальваў горад да 1994 году. Калі на выбарах перамог Аляксандар Лукашэнка, Карпенка не пагадзіўся быць яго падначаленым і сканцэнтраваўся на дэпутацкай працы ў Вярхоўным Савеце.

Але што тут захочуць вярнуць камуністычныя назвы, ніхто нават ня думаў. Больш за тое, Костка кажа, што Маладэчна быў апошнім горадам у Беларусі, які жыў пад бел-чырвона-белым сьцягам.

«Пасля рэфэрэндуму 1995 году пра зьмену сымболікі паўсюль паздымалі сьцягі, — узгадвае Костка. — Але ў Маладэчне бел-чырвона-белы сьцяг лунаў яшчэ восем дзён пасьля рэфэрэндуму».

Ён тады яшчэ працаваў кіраўніком спраў гарвыканкаму і меў ключы ад усіх дзьвярэй. Кожную раніцу старшыня загадваў зьняць сьцяг, а падвечар Костка ўздымаўся на дах ды вешаў новы бел-чырвона-белы. Яго змаглі прыпыніць толькі пасьля таго, як ва ўсіх забралі ключы, памянялі замкі ў дзвярах, што вялі на дах, і зрэзалі пажарную лесвіцу, па якой Костка ўзьбіраўся на дах са сьцягам.

Потым, у 2011 годзе, калі ў Маладэчне праводзіліся рэспубліканскія «Дажынкі», помнік пакутнікам насупраць Леніна перанесьлі ў Парк Перамогі. Пад прыклёпам рэканструкцыі плошчы камень прыбралі з цэнтру. Мала таго, што яго запхнулі далей ад люднага месца, пры перавозцы ён яшчэ разваліўся на дзьве часткі.

«Гэты помнік адразу муляў вока ўсходнім суседзям, — кажа Цімохін. — Увесь час сюды несьлі кветкі».

Гісторыя Маладэчна — гэта прыклад таго, што ў спрыяльных умовах беларускія гарады могуць быць хутка дэсаветызаваныя, лічыць Костка.

«Нацыянальная падсьвядомасць у нас ёсьць у генах, — кажа Костка. — Нашы гарады — яны ўсе беларускія. Недзе больш беларускага кансэрванту, недзе менш. Але ва ўсіх нас ёсьць нацыянальная падсвядомасць».

Радыё Свабода

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Т.
  • 2016-08-18 13:41:32
Савецкi завулак. http://www.svaboda.org/a/27600448.html
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: