МЗС Беларусі адказала на петыцыю аб акрэдытацыі тэлеканалу «Белсат»

Папрасілі «акрэдытаваць канал» – МЗС адказаў, што акрэдытоўвае не каналы, а карэспандэнтаў. Пра вынік петыцыі за акрэдытацыю тэлеканала Белсат распавядае Радыё Свабода
На сайце Petitions.by у студзені з'явілася петыцыя пад назвай «Акрэдытаваць канал «Белсат», забяспечыць бесперашкодную працу незалежных СМІ». Зварот падпісалі 186 карыстальнікаў. 7 сакавіка быў атрыманы адказ ад намесніка міністра Яўгена Шастакова.

Што было ў петыцыі

У звароце сцвярджалася, што стасоўна некаторых СМІ ў Беларусі выконваюцца ня ўсе артыкулы закону «Аб сродках масавай інфармацыі», а таксама што ў Беларусі тэлевізія зманапалізаваная дзяржаўнымі тэлеканаламі. Прыводзіліся вытрымкі з закону наконт роўнасці ў праве на пашырэнне інфармацыі, плюралізму, недапушчэння манапалізацыі СМІ, недапушчэння абмежавання свабоды СМІ.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусі маюць права на атрыманне дакладнай інфармацыі пра падзеі ў краіне без прапагандысцкай афарбоўкі, – пісалі ў звароце. – У цяперашні момант у грамадзян пенсійнага ўзросту няма сталага вольнага доступу да сеткі Інтэрнэт для атрымання абʼектыўнай інфармацыі з альтэрнатыўных афіцыйным крыніцам інфармацыі.

Свабода слова і права на атрыманне інфармацыі ёсць неадʼемным правам свабоднай асобы, зарукай фармавання абʼектыўных поглядаў на падзеі, што адбываюцца. Інфармацыйная ізаляцыя можа мець згубныя наступствы для развіцця цывілізаванага грамадства. Права на інфармацыю і свабодную журналістыку павінна быць недатыкальным».

Падпісанты петыцыі запатрабавалі правесці праверку прычынаў, з якіх МЗС не акрэдытоўвае тэлеканал «Белсат», і праверыць, ці ёсць прыкметы манапалізацыі тэлевізіі ў Беларусі, прыняць захады дзеля рэалізацыі права беларусаў атрымліваць інфармацыю пра падзеі ў краіне.

Польскі беларускамоўны тэлеканал «Белсат», які вяшчае на Беларусь, неаднаразова звяртаўся па акрэдытацыю карэспандэнтаў, але атрымліваў адмовы. Праз адсутнасць акрэдытацыі карэспандэнтам «Белсату», перыядычна прысуджаюць у Беларусі штрафы за «незаконны выраб і пашырэнне прадукцыі СМІ» (ч. 2 або ч. 3 арт. 22.9 КаАП). Некаторым карэспандэнтам выпісваюць па дзесяць штрафаў на год, але яны надалей працуюць. За супрацу з замежнымі СМІ беларусаў аштрафавалі за 2018 год сумарна на 113 092 рублі.


Што адказалі ў МЗС

У адказе Яўгена Шастакова пералічваюцца законы, паводле якіх акрэдытуюцца журналісты незалежных СМІ і адкрываюцца карэспандэнцкія пункты ў Беларусі.

«Запытаная ў вашым звароце «акрэдытацыя спадарожнікавага каналу« «Белсат« ня значыцца ў вышэй выкладзеных пытаннях кампетэнцыі МЗС і не прадугледжаная ў спісе адміністрацыйных працэдураў, якія здзяйсняе Міністэрства», – адзначаецца ў адказе.

Шастакоў таксама згадаў, што Вярхоўны суд у 2014 годзе забараніў Польскай тэлевізіі выкарыстоўваць пазначэнне «Белсат» або «Belsat» пры трансляцыі на Беларусь праз зварот уласніка фірмы «БЕЛСАТплюс», які за год да запуску тэлеканалу (але ўжо пасля анонсу гэтага запуску) набыў у Беларусі гандлёвы знак «Белсат». Праз справу аб таварным знаку ў тэлеканалу ня раз канфіскоўвалі тэхніку.

Сапраўды, у звароце ўжывалася фармулёўка «акрэдытаваць канал», але не ўжывалася «акрэдытаваць карэспандэнтаў» або «дазволіць адкрыць карэспандэнцкі пункт». Аднак з адказу вынікае, што Шастакоў зразумеў, што мелася на ўвазе ў петыцыі.

На просьбы правесці праверку наконт манапалізацыі дзяржавай тэлевізійнай сеткі вяшчання Шастакоў не адказаў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!