МЗС працягне працаваць над тым, каб нашу краіну называлі «Беларусь», а не «Белая Расія»

Шведскае МЗС афіцыйна змяніла назву нашай краіны на Belarus. Да гэтага шмат гадоў шведы называлі Беларусь Vitryssland, што ў даслоўным перакладзе — Белая Расія. Але ў большасці еўрапейскіх краін нас па-ранейшаму называюць менавіта так. У МЗС кажуць, што пытанне аб перайменаванні няпростае, але дыпламаты імкнуцца данесці да суседзяў, што правільна ўсё ж такі называць нас Belarus.
У афіцыйных дакументах ААН і Канстытуцыі Беларусі замацавана назва «Рэспубліка Беларусь» альбо «Беларусь». Па законе на іншыя мовы назва краіны перадаецца ў адпаведнасці з «беларускім гучаннем». Напрыклад, на англійскай — Belarus.

Яшчэ ў 1990-я гады Беларусь звярнулася да ўсіх краін — членаў ААН з просьбай называць яе афіцыйна Belarus. Але многія суседзі на сваёй мове дагэтуль называюць нас Белая Расія ці Белая Русь. Няма аднастайнасці і ў СМІ: напрыклад, большасць украінскіх СМІ выкарыстоўвае афіцыйны варыянт Беларусь, ужывае Беларусь і тэлеканал Euronews. А ў расійскіх медыя сітуацыя адваротная: вядучыя тэлеканалы (Першы, РТР, НТВ), інфармацыйныя агенцтвы (РІА «Навіны», ТАСС) і онлайн-выданні ( «Медуза», «Лента», РБК) пішуць «Белоруссия». У якасці аргументу прадстаўнікі медыя спасылаюцца на нормы рускай мовы. У прыватнасці, што не існуе злучальнай «а», а таму варыянт «Беларусь» няправільны.

У мінулым годзе кампанія па змяненні назвы беларускай дзяржавы пачалася ў Кітаі: раней на кітайскай наша краіна звалася Белая Расія ці Белоруссия, цяпер — Беларусь.

Таксама год таму, пасля доўгіх спрэчак, Расійская служба карпарацыі Бі-бі-сі змяніла падыход у назвах некаторых краінаў былога СССР, у тым ліку Беларусь перасталі называць Белоруссией.

У 2014 годзе МЗС Беларусі ў Twitter папрасіў называць Беларусь «у адпаведнасці з прынятымі ў ААН нормамі». Але назвы Белая Расія ці Белая Русь, як тлумачаць дыпламаты, да гэтага часу выкарыстоўваюцца, паколькі гэта гістарычна замацаваная назва нашай краіны, якую выкарыстоўвалі яшчэ да СССР — у часы Расійскай імперыі.

Напрыклад, у Літве мы Baltarusija, у Латвіі — Baltkrievija, у Германіі Weißrussland, у Грэцыі — Lefkorosía, у Даніі — Hviderusland, у Эстоніі — Valgevene, у Францыі — Biélorussie, у Італіі — Bielorussia. Усе гэтыя словы складаюцца з двух частак: «белая» і «Расія».

— У афіцыйных дакументах большасці краін той жа Еўропы нас называюць Belarus: у нотнай перапісцы, таблічках з імёнамі спікераў на мерапрыемствах. Але перапрацаваць традыцыйныя ўстояныя моўныя штампы ў грамадстве не так проста, гэта не вырашаецца ў адзін дзень. Бо мала перайменавання краіны ў афіцыйных зваротах, за гэтым ідзе вялікая праца па змене назвы ў мапах, па ўжыванні Belarus у побыце. МЗС працягне працу над гэтым няпростым, але важным для нашай краіны пытаннем, — кажуць у знешнепалітычным ведамстве.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: