МЗС Украіны лічыць прысуд Міхаілу Феранцу «антыўкраінскімі дзеяннямі» рэжыму Лукашэнкі

Міністэрства замежных спраў Украіны называе палітычна матываванай справу ўкраінца Міхаіла Феранца, асуджанага ў Беларусі, і патрабуе вызваліць грамадзяніна Украіны.


У МЗС адзначылі, што ў панядзелак, 20 верасня, суд Заводскага раёна Мінска вынес прысуд грамадзяніну Украіны Міхаілу Феранцу.

«Украінец быў прысуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі за нібыта ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і наўмыснае пашкоджанне маёмасці. Пры гэтым сем месяцаў, якія ўкраінец ужо адбыў у беларускім СІЗА, не былі залічаны ў агульны тэрмін пакарання», — гаворыцца ў каментары МЗС Украіны, перадае АФН са спасылкай на прэс-служба ведамства.

Пры гэтым, як адзначаюць у МЗС, дакладных доказаў віны грамадзяніна Украіны ў судзе прыведзена не было: «Сваю віну Міхаіл Феранец не прызнае і праз адваката плануе падаваць апеляцыю. Вядомы беларускі праваабарончы цэнтр “Вясна” прызнаў яго палітвязнем».

«Лічым справу Міхаіла Феранца палітычна матываванай, а прысуд — несправядлівым і проціпраўным. Бяздоказнае абвінавачванне і неправавое асуджэнне грамадзяніна Украіны з’яўляюцца чарговымі праявамі антыўкраінскіх дзеянняў Мінска», — падкрэсліваецца ў каментары.

«Патрабуем неадкладна вызваліць грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца. Працягнем абараняць яго інтарэсы ўсімі даступнымі сродкамі», — падкрэслілі ў МЗС.

Украінскае знешнепалітычнае ведамства ў чарговы раз заклікала ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць грамадзян, вярнуцца на шлях дэмакратычнага развіцця краіны, вызваліць усіх палітычных зняволеных і пачаць інклюзіўны дыялог з прыцягненнем усіх слаёў беларускага грамадства.

Феранца абвінавацілі ва ўдзеле ў трох леташніх маршах, а таксама ў арганізацыі шляхам адміністравання тэлеграм-канала «Смелыя людзі» нанясення пратэсных надпісаў і малюнкаў, вывешвання БЧБ-стужак у дварах Фрунзенскага раёна Мінска. Сем месяцаў яго трымалі як замежніка ў чаканні высылкі з краіны ў ІЧУ на Акрэсціна. Аднак замест адпраўкі на радзіму яму выставілі абвінавачанне і перавялі ў СІЗА-1. Пры гэтым у тэрмін пакарання сямімесячнае ўтрыманне на Акрэсціна яму не залічылі.

Суддзя Анжэла Касцюкевіч прызначыла ўкраінцу менавіта такое пакаранне, пра якое прасіў дзяржабвінаваўца Міхаіл Мануілаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: