МЗС знайшоў «прымальныя для ўсіх палажэнні» ў перамовах з ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму

Беларусь з першага дня была і застаецца зацікаўленай у падпісанні пагаднення з Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму. Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз 13 снежня на брыфінгу ў Мінску.

«Дзякуючы сумеснай працы з еўрапейскім бокам мы вырашылі шэраг складаных пытанняў, у тым ліку захавалі магчымасць атрымання віз нашымі грамадзянамі ў пасольствах краін ЕС, а не толькі ў візавых цэнтрах. На сёння мы знайшлі прымальныя для ўсіх палажэнні дакумента. Менавіта гэта мае значэнне», — цытуе чыноўніка БелаПАН.

«Тое, што ў апошні час хтосьці спрабуе ператварыць практычна скончаны перамоўны працэс у нейкую гульню ў адны вароты, — гэта другараднае», — падкрэсліў таксама Глаз.

Прэс-сакратар адзначыў, што з падпісаннем пагаднення колькасць выдаваемых беларусам віз не вырасце, а паменшыцца, таму што будзе больш выдавацца шматразовых і доўгатэрміновых віз. «Толькі адна з 28 краін ЕС не згодна з гэтым відавочным фактам. Больш ні ў каго такіх праблем няма», — сказаў Глаз.

Ён не стаў адказваць на ўдакладняючае пытанне БелаПАН, ці ідзе гаворка пра Польшчу.

«Давайце застанемся дыпламатамі і не будзем раскрываць дэталі [перамоваў] у сапраўдны момант», — адзначыў прэс-сакратар.

Напярэдадні ў інтэрв'ю tut.by надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі заявіў, што перамовы па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ўпіраюцца ў колькасць консулаў пры амбасадах. «Пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, якое абодва бакі лічаць важным інструментам, прывядзе да росту колькасці жадаючых атрымаць візы, нам спатрэбіцца больш консулаў, і мы думалі, што ў гэтым пытанні знойдзем разуменне з беларускага боку, але нечакана з'явіліся праблемы», — распавёў Міхальскі .

Дыялог аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі афіцыйна вядзецца са студзеня 2014 года. 30 ліпеня гэтага года Еўрапейская камісія афіцыйна запрасіла Беларусь на пяты раунд перамоў па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Пры гэтым еўрапейскі бок выказаў гатоўнасць завяршыць перамовы як мага хутчэй.

Раней амбасадары краін — членаў ЕС ухвалілі мандат Еўракамісіі на пачатак перамоваў з Еўрапарламентам аб унясенні змяненняў у Візавы кодэкс. Сярод запланаваных змен — устаноўка перыяду падачы візавых заявак не пазней чым за 15 дзён да паездкі і павелічэнне консульскага збору з 60 да 80 еўра. Павелічэнне збору не закране тых краін, з якімі ў ЕС падпісаны пагадненні аб спрашчэнні візавых працэдур і для грамадзян якіх шэнгенскія візы каштуюць 35 еўра.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!