На актывіста Няпомняшчых узбудзілі крымінальную справу за абразу пракурора ў залі суда

Гомельскаму грамадскаму актывісту Уладзіміру Няпомняшчых прад'яўленае абвінавачванне за публічную абразу пракурора (артыкул 369 Крымінальнага кодэкса). 68-гадовага актывіста абвінавачваюць у абразе памочніцы пракурора Гомеля Алесі Жураўскай у зале суда.

Уладзімір Няпомняшчых. Фота: flagstok.info

Уладзімір Няпомняшчых. Фота: flagstok.info

26 лістапада судзілі Георгію Васіленку за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг на гомельскай плошчы, Жураўская там падтрымлівала дзяржабвінавачванне. Пасля абвяшчэння прысуду актывіст Уладзімір Няпомняшчых сказаў: «Арганізаваная злачынная група». 

Уладзімір Няпомняшчых віны не прызнае і заяўляе, што гэты выраз меў дачыненне да абвешчанага крымінальнага прысуду. Актывіст змешчаны ў СІЗА Гомеля. Пра гэта паведамляе «Гомельская вясна».

23 снежня ў кватэры палітычнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых прайшоў вобшук, пасля якога яго затрымалі на 72 гадзіны. Але тады было вядома, што ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа па арт. 366 Крымінальнага кодэкса (Пагрозы ці гвалт у дачыненні да службовай асобы пры выкананні).

«Я нікому не пагражаў. Калі Васіленку судзілі за замену дзяржаўнага сцяга на плошчы, пасля прысуду я сказаў, што адказнасць за гэта будуць несці ўсе», – каментаваў да арышту свае словы 68-гадовы гамяльчук.

Арышт і змяшчэнне да суда ў СІЗА 68-гадовага мужчыну праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка называе «помстай» з боку пракуратуры, — і гэта з'яўляецца суровым і неадэкватным у адносінах да зробленага.

«Крымінальны кодэкс прадстаўнікоў улады вылучае ў асобную катэгорыю людзей. У выпадку абразы звычайнага чалавека ён павінен звярнуцца ў суд і абараняць сябе ў рамках грамадзянскага судаводства. Парог крытыкі чыноўнікаў вышэй — крымінальная адказнасць. Аднак усе павінны быць роўныя перад законам, па-за залежнасці ад займаных пасад», — пракаментаваў справу актывіста Судаленка.

Санкцыя артыкула 369 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакаранне да трох гадоў абмежавання волі.

 spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: