За што завялі крымінальную справу на бярозаўскага блогера Кабанава?

Актывіста пратэстаў супраць акумулятарнага завода пад Брэстам падазраюць у растраце.
Фота «Рудабельская паказуха»

Фота «Рудабельская паказуха»

Як раней пісаў «Новы Час», у дачыненні да актывіста Аб'яднанай грамадзянскай партыі і блогера Аляксандра Кабанава Бярозаўскім раённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 211 КК (прысваенне або растрата).

Сталі вядомыя падрабязнасці справы.

Паводле следства, у 2017 годзе ў Бярозе Кабанаў атрымаў ад жыхароў дома, у якім пражывае, грашовыя сродкі на дзяржаўную рэгістрацыю таварыства ўласнікаў і выраб праектнай дакументацыі на будаўніцтва падвальных памяшканняў. Пасля гэтага, не выканаўшы ўзятыя на сябе абавязацельствы, прысвоіў грашовыя сродкі грамадзян на суму звыш 400 рублёў.

Пры гэтым жыхары дома далі тлумачэнні, што грашовыя сродкі былі перададзеныя Кабанаву менавіта для гэтых мэтаў і што пра далейшы лёс грошай ім нічога не вядома.

Дамоўленасці аб перадачы грашовых сродкаў падазраванаму ў якасці заработнай платы не было, сцвярджае следства.

10 сакавіка Кабанава выклікалі позвай у Бярозаўскі райаддзел Следчага камітэта, дзе паведамілі пра ўзбуджэнне ў дачыненні да яго крымінальнай справы.

На дадзены час Аляксандру Кабанава абвінавачанне ў прысваенні грашовых сродкаў таварыства ўласнікаў не прад'яўлена, паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Іванюк.

«У 2017 годзе я чатыры месяцы выконваў абавязкі старшыні таварыства ўласнікаў жылля ў Бярозе. Я пагадзіўся на гэтую пасаду пры ўмове, што з кожнай кватэры ў месяц буду атрымліваць 2 рублі ў якасцi ўзнагароджання. Такім чынам я атрымаў за гэты перыяд часу 440 рублёў, — распавёў Кабанаў карэспандэнту БелаПАН. — Зараз следства вырашыла, я не меў права атрымліваць гэтыя грошы».

Па словах Кабанава, крымінальную справу распачалі пасля заявы, напісанай на яго супрацоўнікам міліцыі, які жыве ў гэтым доме.

«Як можна прысвоіць грошы, калі члены таварыства ўласнікаў жылля ведалі, што я іх бяру. І рабілася гэта з іх згоды. І цяпер тыя жыхары дома, з якімі я размаўляў, не маюць да мяне прэтэнзій, — адзначыў Кабанаў. — Я лічу, што гэтая крымінальная справа заведзеная з-за майго актыўнага ўдзелу ў грамадскай кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Брэстам».

Паводле naviny.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!